У чытальнай зале раённай дзіцячай бібліятэкі імя А. Лось аформлена тэматычная паліца “Вяртаюся думкамі ў горад дарагі” (да 85-годдзя Купрэева М.С.)
Мікалай Сямёнавіч Купрэеў нарадзіўся 25 мая 1937 года ў в. Ямнае Рагачоўскага раёна. Пасля вайны яго сям’я пераехала на Палессе. Будучы пісьменнік закончыў Івацэвічскую сярэднюю школу і Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.С.Пушкіна. Працаваў настаўнікам у вясковых школах і супрацоўнікам раённых газет.
Мікола Купрэеў быў вялікім творчым вандроўнікам і краязнаўцам. Таму вобразы герояў яго твораў надзвычай каларытныя і ўвасабляюць бязмежную любоў да роднага краю.
Пісьменнік з’яўляецца аўтарам двух зборнікаў паэзіі – “Непазбежнасць” (1967) і “Правінцыйныя фантазіі” (1995). Кніга прозы “Палеская элегія” уключае пяць аповесцей аўтабіяграфічнага характару. Яна з’яўляецца светлай споведдзю сірочай душы пасярод адзіноты і сумненняў. “Палеская элегія” напісана напрыканцы мінулага стагоддзя і стала пасмяротнай кнігай пісьменніка.
Мікалай Сямёнавіч з’яўляецца Лаўрэатам Літаратурнай прэміі імя А. Куляшова.
Апошнія 15 гадоў свайго жыцця пісьменнік пражыў у в. Папялёва і Пружанах. Памёр Мікалай Сямёнавіч Купрэеў 19 верасня 2004 года. Пахаваны пісьменнік на могілках в. Міхнавічы Івацэвічскага раёна.
Чулец Г. А. (бібліятэкар РДБ імя А. Лось)