Пружанская районная библиотека им. М.Засима

Пружанская централизованная библиотечная система

Душа падказала, а рукі зрабілі

З-пад малой іголачкі, якая ў умелых руках пераўтвараецца ў чароўны інструмент, нараджаюцца чароўныя творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. І гэтыя творы мастацтва павінны радаваць і прыносіць добрыя адчуванні ў навакольны свет.

Так нарадзілася ідэя ствараць выстаўкі вышытых карцін у Ружанскай гарпасялковай бібліятэцы. З 21 верасня ў чытальнай зале пачала дзейнічаць чарговая выстава. Яна прымеркавана да Ражства Святой Багародзіцы. Аўтары выстаўкі: Левенкова Вольга Міхайлаўна і Гаўрыленка Раіса Іванаўна.

Вольга Міхайлаўна Левенкова, 1974 г.н., энэргічны, творчы чалавек, па-сапраўднаму ўлюбённы ў рукадзелле. Зацікаўленасць да вышыўкі праявілася яшчэ ў школьныя гады, калі настаўніца Снітко Зоя Антонаўна паказвала азы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Першай работай Вольгі Міхайлаўны быў ручнік “Вазачка з кветкамі”. Цяпер калекцыя рукадзельніцы налічвае 60 ручнікоў.

З цягам часу інтарэсы сталі больш шматграннымі: адзін за адным пачалі з’яўляцца абразы Прасвятой Багародзіцы, Мікалая Цудатворцы, Матроны Маскоўскай, Панцеляймона… Родныя Вольгі Міхайлаўны атрымалі ў падарунак імянныя іконы, вышытыя бісерам. Цяпер калекцыя майстрыхі налічвае больш 50 абразоў і карцін.

Падчас прэзентацыі выставы Вольга Міхайлаўна расказала сваім слухачам, як з’явілася жаданне вышываць абразы. Стварэнне кожнага з іх звязана з адпаведным перыядам у жыцці рукадзельніцы. Цяпер яна вышывае ў асноўным для сваёй сям’і — вянчальныя пары для дзяцей (а іх у Вольгі Міхайлаўны чацвёра), метрыкі для ўнукаў, імянныя іконы і інш.

Гаўрыленка Раіса Іванаўна нарадзілася ў 1949 годзе на Гомельшчыне. У тыя, як нам здаецца, далёкія часы кожная дзяўчына павінна была навучыцца вышываць. Таму к 15 гадам у яе павінны былі быць вышыты набожнік, “феранкі”, ручнікі і пакрывала.

Але магчымасць адлюстраваць паўнату сваёй душы на палатне з’явілася ў Раісы Іванаўны толькі пасля таго, як яна выхавала і дала пуцёўку ў жыццё тром сваім дзецям. Цяпер вышыўка напаўняе яе жыццё радасцю і дорыць усім захапленне.

На выстаўцы ў бібліятэцы экспануецца 16 работ рукадзельніцы. Іх прадставіла бібліятэцы дачка майстрыхі Людміла Васільеўна Іваніцкая, якая, дарэчы, таксама займаецца рукадзеллем. Усяго ў калекцыі Раісы Іванаўны каля 100 работ.

На выставе экспануюцца работы людзей розных пакаленняў, але аб’ядноўвае іх адно – духоўная цеплыня. У кожнай рабоце майстрых прысутнічае частачка іх душы. А, улічваючы колькасць работ, душа ў кожнай з іх вялікая.

Мы спадзяемся, што карціны нашых рукадзельніц парадуюць наведвальнікаў выставы і выклічуць цікавасць да такога віду рукадзелля. Бо ні адзін фотаздымак  не можа перадаць фарбы вышыўкі, якая прыцягвае і заварожвае позірк!

Севасцьянчык Н.У. (бібліятэкар Ружанскай ГПБ)

Вашай увазе прадстаўляем віртуальную выставу творчых работ у Ружанскай гарпасялковай бібліятэцы. Прыемнага прагляду!

Поделиться новостью: