Нарадзілася Валянціна Сяргееўна ў вёсцы Юндзілы. Калі дзяўчынцы споўніўся 1 год, яна страціла сваіх бацькоў. Яе выхаванне прадоўжылі прыёмныя бацькі. Жылі яны ў вёсцы Бярэзніца. Тут і пайшла ў пачатковую школу маленькая Валя. Дзяўчынка паспяхова вучылася не толькі па асноўных прадметах, але і на ўроках працы навучылася прыгожа вышываць “гладдзю”. Яна марыла навучыцца вышываць “крыжыкам”.
Час ішоў… Валянціна Сяргееўна скончыла школу. Выйшла замуж, нарадзіла дзвюх дачок.
Завочна скончыла Гродзенскі кааператыўны тэхнікум, курсы бухгалтараў у Баранавічах, курсы пры Адміністрацыі Прэзідэнта.
Працавала сакратаром Паўлаўскага сельсавета, затым прадаўцом.
Калі падышоў час выхаду на заслужаны адпачынак, жанчына задумалася: “А чым я буду займацца дома?” Адказ на гэтае пытанне доўга чакаць не прыйшлося — “Буду вышываць”. “У часопісе знайшла карцінку з Мікалаем Цудатворцам, купіла канву і паспрабавала вышыць яе так, як уяўляла сама”, — расказвае Валянціна Сяргееўна. І ў яе атрымалася. Карціны з’яўляліся адна за другой. Адну з іх (“Пачаеўская Божая Маці”) жанчына падарыла Варанілавіцкай царкве пры адкрыцці новага будынка царквы.
Вольнага часу было шмат і Валянціна Сяргееўна вышывала яшчэ і рушнікі ў тэхніцы “крыжык”. Так здзейснілася дзіцячая мара жанчыны.
У 2021 годзе да Дня Маці дачка падарыла загатоўку карціны “Пакутніца Валянціна”, і Валянціне Сяргееўне прышлося асвойваць тэхніку “алмазная вышыўка”. Цяпер калекцыя майстрыхі рэгулярна папаўняецца новымі экспанатамі.
На выставе творчых работ “Душы і сэрца натхненне”, якая пачала дзейнічаць ў чытальнай зале Ружанскай гарпасялковай бібліятэкі, размешчаны 23 карціны рукадзельніцы (у асноўным духоўнай тэматыкі) і 7 рушнікоў.
Выстава будзе дзейнічаць да 24 красавіка 2022 года.
Пражывае рукадзельніца ў вёсцы Паўлава і з’яўляецца актыўным чытачом нашай бібліятэкі.
Усіх жыхароў Ружан і гасцей пасёлка запрашаем наведаць выставу па адрасу г.п.Ружаны, вул.Савецкая,4, 1-шы паверх, чытальная зала бібліятэкі.
Н.У. Севасцьянчык (бібліятэкар Ружанскай ГПБ)