Вечар-партрэт “Жыццё без антракту”, прысвечаны самай гераічнай народнай артыстцы Беларусі Святлане Акружной, прайшоў у цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М.Засіма. За 52 гады служэння ў Віцебскім дзяржаўным драматычным тэатры імя Якуба Коласа яна бліскуча сыграла больш за 60 самабытных, яркіх глыбокапсіхалагічных роляў. З мужнасцю і годнасцю пераадолела цяжкія іспыты лёсу. Вяла актыўную грамадскую дзейнасць: двойчы абіралася ў Савет Рэспублікі, дапамагала інвалідам, ваеннаслужачым у вырашэнні жыллёвых пытанняў, аднаўленні парушаных правоў. За творчую і грамадскую дзейнасць узнагароджана айчыннымі, замежнымі ордэнамі, медалямі, прызамі.
Пакручасты шлях жанчыны, маці, артысткі Святланы Акружной, выказванні пра яе акцёрскі талент вядомых тэатразнаўцаў, калег прадстаўлены ў аўтабіяграфічнай кнізе “Усё перажыць – і каб сэрца не разбілася”, якая ёсць на абанеменце бібліятэкі. Кніга яскрава раскрывае душу артысткі, яе моцны характар, яе вялікае жаданне жыць, тварыць, рабіць людзям дабро.