Чарговая выстава творчых аўтарскіх работ пачала дзейнічаць у чытальнай зале Ружанскай гарпасялковай бібліятэкі. На гэты раз жыхары Ружан і госці пасёлка маюць магчымасць пазнаёміцца з майстэрствам рук і творчай фантазіяй мясцовай жыхаркі Ганны Васільеўны Хмялеўскай.
Экспазіцыя, прадстаўленая наведвальнікам бібліятэкі, уключае ў сябе больш за 40 аўтарскіх работ — вышыўка гладдзю, крыжыкам, алмазная тэхніка вышыўкі. Вочы чытачоў радуюць карціны рознай тэматыкі: іконы, цудоўныя пейзажы, выявы жывёл, нацюрморты, таксама ручнікі, сурвэткі. Кожная праца створана з цеплынёй, любоўю і жаданнем зрабіць жыццё прыгажэйшым. Таму і назва выставы адпаведная – “Калі душа і прыгажосць сугучны”.
Шмат цёплых водгукаў пакінулі ружанцы пра работы Ганны Васільеўны, а таксама пра яе асабістыя якасці. Жанчына сціплая, добразычлівая, працавітая, адказная. Можа, таму яна яшчэ працягвае працаваць, хоць і знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Вольнага часу зусім мала, але рукадзельніца знаходзіць час і для свайго любімага занятку. Творчых поспехаў Вам, Ганна Васільеўна, і моцнага здароўя!
Севасцьянчык Н.У. (бібліятэкар Ружанскай ГПБ)