• 04.10.2022

Пружанская районная библиотека им. М.Засима

Пружанская централизованная библиотечная система

КРУТЫЯ ЛЁСУ ВІРАЖЫ

КРУТЫЯ ЛЁСУ ВІРАЖЫ

Памяць

У свае 83 гады Аўраам Харшалом яшчэ кіруе ўласным вертолётам. Лічыцца ў Ізраілі паспяховым чалавекам — ён гаспадар і прэзідэнт групы кампаній «Арыэль», якая ўключае кампаніі па вытворчасці і збыту абсталявання. Мае добрую сям’ю. Але ў думках часта вяртаецца ў горад свайго дзяцінства, дзе нарадзіўся і вырас. Гэты город — Пружаны.

Ён неаднойчы прыязджаў сюды. Хадзіў па вуліцах, якія памятае з дзяцінства, шукаў колішнія будынкі. Дагэтуль захаваўся дом, дзе ён нарадзіўся. Пружаны змяніліся непазнавальна. Аднак у яго памяці яны засталіся даваеннымі.

— У НАШЫМ гарадку, — менавіта так кажа пра Пружаны грамадзянін Ізраіля, — у той час працвітала яўрэйская культура, паўсюдна размаўлялі на ідыш. Маці была хатняй гаспадыняй, бацька — дзяржслужачым, у другой палове дома, дзе жылі, бабуля трымала магазін.

Мы, браты Аўраам і Сёма, раслі, як іншыя яўрэйскія дзеці. А яўрэяў за польскім часам у Пружанах жыло шмат. Ды шчаслівае жыццё закончылася з пачаткам Другой сусветнай вайны.

—3 прыходам фашыстаў у Пружаны, — расказвае Аўраам Харшалом, — эсэсаўцы адразу расстралялі за горадам некалькі дзесяткаў яўрэяў. Мы зразумелі, што над намі навісла смяротная пагроза. Сапраўды, хутка ў Пру­жанах стварылі гета.

Тады, паводле слоў Аўраама Харшалома, горад з шасцітысячным насельніцтвам вырас да дзесяці тысяч. Сюды пачалі звозіць яўрэяў з усяго наваколля. Яго бацькі далі прытулак адной такой яўрэйскай сям’і. Каб было лягчэй жыць, юнак знайшоў работу прыбіральшчыка ў нямецкім банку. Дзякуючы гэтаму ён прыносіў дамоў крыху ежы.

А хутка пачалося страшнае: яўрэяў з пружанскага гета вывозілі ў канцэнтрацыйныя лагеры. Незадоўга да гэтага мама Аўраама і Сёмы раздзяліла паміж братамі сямейныя каштоўнасці. Грошы паклалі ў абутак і забралі з сабой. Сваю частку каштоўнасцей Аўраам закапаў у падвале бацькоўскага дома.

— МЫ ЎСЕ спадзяваліся вярнуцца, — кажа ізраільскі бізнесмен.

Але вярнуцца давялося праз дзесяцігоддзі… У 90-х гадах Аўраам Харшалом прыехаў на сваю радзіму. Ён знайшоў і вуліцу, і дом, дзе некалі жыў, некранутай адкапаў і сваю схованку.

— Мне патэлефанаваў тата ў Вашынгтон, — расказвае дачка Цыра. — Ад хвалявання ён не мог гаварыць. Не на жарт перапалохалася і я, бо ведала, што ён яшчэ ў Еўропе. А пасля ён сеў у самалёт і тэрмінова прыляцеў да мяне ў Амерыку. I толькі тады паказаў падвеску з маім імем і бранзалет з пярсцёнкам, якія засталіся яшчэ ад прабабулі. Цяпер я разумею, што мы — сёмае пакаленне нашага роду. Тады мы адмылі сярэбраныя кілішкі і ўпершыню праз паўстагоддзя, менавіта столькі яны знаходзіліся ў зямлі, выпілі з іх віна ў гонар такой падзеі.

АЛЕ ШЛЯХ да сямейных каштоўнасцей Аўраама Хар­шалома быў не толькі доўгім, але і надзвычай цяжкім. I са­мым жорсткім выпрабаваннем у яго жыцці быў канцлагер Аўшвіц-Біркенаў на тэрыторыі Польшчы.

— 3 Пружан нас адпраўлялі чатырма эшалонамі, — рас­казвае былы вязень №99288 Аўраам Харшалом. — У кож­ным па 2500 чалавек. Мы ехалі апошнім. Да вагонаў нас падвозілі сяляне на падводах. Гэта было ў канцы студзеня. Але з-за мноства людзей у вагонах холадна не было. Ды і плачу было не чутно. Людзі не ведалі, куды іх вязуць, але спадзяваліся, што ў працоўныя лагеры.

Мы прыбылі на месца 2 лютага. I адразу фашысты правялі «селекцыю»: бацькоў — па адзін бок, дзяцей, у тым ліку і мяне з братам — па другі. Каго — у лагер, павялі пешшу, каго — у газавыя камеры, пагрузілі на грузавікі. Маму з тэ­там мы з братам больш не бачылі…

А неўзабаве такі ж лес чакаў і Сёму. Калі мы ўвайшлі ў ла­гер, там была суцэльная гразь. Брат зрабіў неасцярожны рух, І эсэсавец адразу стаў яго жорстка збіваць. Канец яго жыцця быў такі ж жахлівы, як і бацькоў, — газавая камера.

НЕ ТАК ДАУНО спадар Хар­шалом разам з сынамі, дач­кой і ўнукамі наведаў месца былога канцэнтрацыйнага лагера, каб пакланіцца памяці тысяч загінуўшых там яўрэяў. Яго дагэтуль не пакідае пачуццё віны за тое, што застаўся жыць. Але то была свая вайна, за жыццё — і калі ў канцлагеры працаваў на катаржных работах, пхаючы ваганеткі, і калі капаў дрэнажныя равы. Тых, хто не паспяваў, фашысты забівалі на месцы… Ён хацеў жыць.

У лагер прыбывала шмат яўрэяў з мноствам рэчаў, якія затым проста выкідалі. Аднойчы ён выпадкова знайшоў невялікі вузельчык, разгарнуў, а там аказаліся… брыльянты. Іх і захапіў з сабой, калі разам з палякам і рускім уцяклі з канцлагера. Дапамог зямляк, яго звалі Пружанскі. Менавіта ён схаваў уцекачоў у сакрэтным бунке­ры пад баракам — бальніцай для лячэння немцаў, адкуль яны пасля і ўцяклі з лагера. Праўда, няўдала. Калі переплывалі Віслу, рускі патануў, а Аўраама і паляка злавілі і змясцілі ў следчы ізалятар. Як пакаранне — штрафны блок. Пасля пабояў уцекачы каля месяца не маглі ні сядзець, ні ляжаць…

3 набліжэннем фронту тысячы яўрэяў з Аўшвіца-Біркенаў адпраўляюць у канцлагер Бухенвальд, затым у Гравінкаль. Пры перавозцы Аўрааму Харшалому разам з іншымі вязнямі ўдалося ўцячы. На цягніку дабраліся да Прагі, дзе сустрэліся ім добрыя людзі. Сям’я Саботка хавала ўцекачоў некалькі месяцаў у магазіне, пакуль у Празе не ўспыхнуў мяцеж супраць нямецкіх захопнікаў. Разам з чэхамі ўзяліся тады за зброю і ўцекачы з канцлагера.

ПАСЛЯ ВАЙНЫ Аўраам Харшалом застаўся вучыцца ў Празе. А затым разам з іншымі яўрэямі трапіў на кур­сы лётчыкаў: вялася мабілізацыя яўрэйскай моладзі. У хуткім часе, гэта быў 1949 год, перад імі адкрыла дзверы но­вая краіна — Ізраіль. Герой артыкула служыў у авіяцыі, працаваў інжынерам-электрыкам, пакуль не «вырас» да прэзідэнта групы кампаній «Арыэль».

Пра жахлівыя гады вайны гэты чалавек пачаў расказваць адносна нядаўна, у кан­цы 80-х. Думаў: каб жыць, трэба забыць. Цяпер перакананы: каб цаніць незалежнасць і свабоду, трэба ведаць мінулае. Дарэчы, Аўраам Харша­лом з’яўляецца адным з ініцыятараў і фундатараў будаўніцтва помніка на яўрэйскіх могілках у Пружанах.

 

 

Каляда, Г. Крутыя лёсу віражы: [успаміны Аўраама Харшалом пра Пружанскае гета] / Галіна Каляда // Раённыя будні, Пружаны. 2008. 6 снежня.

 

 

Поделиться новостью: