• 22.05.2022

Пружанская районная библиотека им. М.Засима

Пружанская централизованная библиотечная система

ЛЁС Доры Чарнагалавай

ЛЁС Доры Чарнагалавай

Да пачатку Айчыннаи вайны яўрэі складалі значную частку насельніцтва Пружан і займаліся рамёствамі, гандлем. Нягледзячы на адметную розніцу ў культуры, мове, рэлігійных і іншых абрадах, гэты народ жыў з белорусамі мірна, дружалюбна. Сярод пружанскіх яўрэяў было шмат выдатных спецыялістаў сваёй справы: кавалёў, пекараў, краўцоў. Мясцовыя жыхары старэйшага пакалення нават праз дзесяткі год успаміналі іх з павагай. Вядомых сваім майстэр- ствам кавалёў у Пружанах было двое. Адзін спецыялізаваўся на вы- рабе косаў, другі — Самуіл, альбо Шмойла, выконваў работы больш шырокага профілю, рыхтаваў сельскіх кавалёў, меў уласную гаспадарку. У сям’і Самуіла і Розы падрасталі шасцёра дзяцей — тры дзяўчынкі і тры хлопцы.

Адна з дзяўчат — Дора, якой у пачатку войны споўнілася 16 год, пасля стала партызанкай, прайшла нялёгкі баявы шлях…

ЛЁС ЯЎРЭЙСКАГА народа быў трагічным. Фашысты рыхтаваліся знішчыць іх пагалоўна — усіх да аднаго.

—У Пружанах нашы вялікія беды пачаліся са стварэння яўрэйскага гета,— успамінала Дора Самуілаўна Чарнагалава. —Спачатку яўрэйскія сем’і сагналі ў дамы, размешчаныя ў цэнтры горада, выселіўшы адтуль мясцовых жыхароў. Жылі ў цеснаце, спалі на падлозе, пакутавалі ад голаду. Дапамагалі беларусы: прывозілі часам бульбу, хлеб. Строгія парадкі ў гета ўстанавіліся не адразу.

Наступіў 1942 год. Немцы пачалі агароджваць тэрыторыю гета. Сувязь з беларускім насельніцтвам пагоршылася. Партызаны, якія ўжо дзейнічалі ў наваколлі, паведамілі, што гітлераўцы рыхтуюць расправу над яўрэям і раілі ўцякаць да іх.

—У нашай сям’і,— гаварыла Дора Самуілаўна,— ніхто не хацеў пакідаць маму, якая моцна хварэла. На сямейным савеце вырашылі адправіць у партызаны старэйшага брата і мяне. Але брат адмовіўся пакідаць бацькоў, сястру і братоў. Тады маці загадала мне вырвацца з гета і ісці да партызан. 28 снежня з некалькімі яўрэямі я пакінула горад і апынулася ў партызанскім атрадзе імя Кірава. Другую і трэцюю групу яўрэяў, якія пасля нас імкнуліся ўцячы з гета, немцы расстралялі.

У ПАРТЫЗАНСКІМ атрадзе, які размяшчаўся ў Ружанскай пушчы, Доры адразу давялося акунуцца ў нялёгкія справы баявога калектыву. 10 партызан захварэлі тыфам. Даглядаць іх даручылі Доры. I дзяўчына старалася з усіх сіл. Усе хворыя засталіся жывыя. А хутка камандаванне залічыла яе ў баявую часць атрада. Пад наглядам вопытных партызан Дора навучылася разбіраць і збіраць вінтоўку, трапна страляць, карыстацца іншай зброяй. Пачала ўдзельнічаць у баявых аперацыях, выконвала заданні па падрыве шашэйных мастоў.

Было вырашана групу партызан накіраваць у брыгаду «Савецкая Беларусь», што размяшчалася на Піншчыне. Спачатку дзяўчыну залічылі ў каменданцкі ўзвод, які займаўся гаспадарчымі справамі.

Рыхтавала ежу для партызан, якія ішлі выконваць заданні па падрыву чыгуначных рэльсаў, эшалонаў з баявой тэхнікай і жывой сілай гітлераўцаў. Нарэшце і Доры даверылі ўдзельнічаць у рэйкавай вайне. Асабліва запомнілася ёй адна аперацыя з вялікай коль- касцю партызан.

—Спачатку для таго, каб высветліць, як ахоўваецца чыгунка, паслалі групу разведчыкаў,— расказвала Дора Самуілаўна. —Толькі назад яны не вярнуліся. Усе загінулі. Пастаўленае камандаваннем задание трэба было ўсё роўна выконваць. I мы пайшлі далей. Наскочылі на засаду, але адбіліся. Дабраліся да чыгункі. Заклалі пад рэйкі тол, злучыўшы яго з бікфордавым шнурам, падрыхтавалі запалкі. Тое ж зрабілі іншыя групы партызан на шматкіламетровым чыгуначным участку. Па адзінай камандзе грымнуў страшэнны выбух, які разбурыў чыгуначнае палатно на вялікай адлегласці. Дараваць нам гэтага гітлераўцы не маглі. Пакуль мы вярнуліся на базу, яны сцягнулі значныя вайсковыя фарміраванні. Пачаўся бой, які працягваўся цэлы дзень. У нашым атрадзе загінулі 22 байцы, 28 было паранена…

ПРУЖАНСКАЕ гета назаўсёды засталося незагойнай ранай у сэрцы Доры Самуілаўны. Яе родных разам з іншымі яўрэямі вывезлі ў канцэнтрацыйныя лагеры Майданек, Асвенцім. Пасля вайны вярнуўся бацька, якому пашанцавала застацца ў жывых. Ён расказаў, што хворую маці ў эшалоне па дарозе ў Майданек забіў ударам прыклада па галаве гітлераўскі салдат. Старэйшы сын увесь жудасны шлях па фашысціх лагерах прайшоў разам з бацькам. Іншыя Дорыны браты і сёстры загінулі. Бацьку і сына вызвалілі з лагера амерыканскія салдаты. Сын паехаў у Ізраіль, а бацька вырашыў вярнуцца на радзіму. Але спачатку цэлы год адбыў у савецкім лагеры. Берыеўскія падручныя дапытваліся, як гэта Самуілу ў Асвенціме ўдалося застацца жывым. Адпусцілі, калі пераканаліся, што не супрацоўнічаў ён з гітлераўцамі, не стаў шпіёнам ваенных саюзнікаў, якія раптам сталі ворагамі.

Не надта радавала жыццё Дору Самуілаўну і ў першыя пасляваенныя гады. Дом, у якім прайшлі яе дзіцячыя гады, застаўся цэлым, але быў пераабсталяваны гітлераўцамі пад лазню. Жыць без адпаведнага рамонту ў ім было немагчыма. Дзяўчына паехала ў Шарашова. Потым вярнулася ў Пружаны, куды прыехаў і бацька.

За свой ратны подзвіг Д.С. Чарнагалава была ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі «Партызану Айчыннай вайны», «За баявыя заслугі», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945гг.»

3 ДОРАЙ Самуілаўнай я сустрэўся ў Пружанскай раённай бальніцы, дзе яна спадзявалася паправіць здароўе. Яна вельмі хацела, каб яе ўспаміны аб суровых гадах маладосці, лёсе яўрэйскага народа на Пружаншчыне, сваёй сям’і, удзеле ў барацьбе ў радах партызан з гітлераўскімі захопнікамі былі надрукаваны ў раённай газеце. Я імкнуўся выканаць яе просьбу. Меў намер артыкул, які напісаў з яе слоў, перш чым аддаць у рэдакцыю, прачытаць Доры Са- муілаўне. Але спазніўся, усяго на некалькі дзён: Дора Самуілаўна памерла. Спадзяюся, што прачытаюць яго на старонках «Раённых будняў» тыя, хто ведаў гэтую мужную жанчыну, і па народным звычаі памянуць яе добрым словам.

Аляксандр ПАНЮЦІЧ

Панюціч, А. Лёс Доры Чарнагалавай / Аляксандр Панюціч // Раённыя будні, Пружаны. 2006. 20 мая. С. 3.

Поделиться новостью: