• 07.07.2022

Пружанская районная библиотека им. М.Засима

Пружанская централизованная библиотечная система

Помнік вогненным вёскам

У адным толькі Пружанскім раёне фашысты спалілі ў час вайны 58 вёсак. Многія населеныя пункты былі знішчаны разам з жыхарамі. А сем вёсак — Байкі, Выдзерка, Канстанцінава, Качаны, Лазкі, Роўна, Хомна — так ніколі і не адрадзіліся.

У Байкі фашысты наляцелі суботнім ранкам 22 студзеня 1944 года. Адразу пачалі зганяць людзей на сярэдзіну вёскі. Вяскоўцы былі напаўапранутыя, хто як паспеў выбегчы. Маці неслі на руках дзяцей, на хаду загортвалі іх цяплей, стараліся прытуліць шчыльней да сябе. Той студзеньскі дзень быў на рэдкасць цёплым, са стрэх капапа, на вуліцы стаяла вада. Дакладна не ведалі, але падазравалі жыхары Байкоў, што па гэтай хлюпаце ідуць у свой апошні шлях.

Жыхароў сагналі ў два вялікія хлявы: у адзін — жанчын і дзяцей, у другі — мужчын ад 15 гадоў і старэй. Жанчын з груднымі дзецьмі быццам бы з літасці пусцілі ў жылы дом. Пасля фашысты кінуліся рабаваць і вывозіць няхітрую сялянскую маёмасць. У людзей з’явілася смутная надзея, што пабяруць усё, а іх не зачэпяць. Але праз шчыліны, праз вокны яны ўбачылі, што сяляне з суседніх вёсак капаюць дзве ямы. Магілы! — здагадка перакрэсліла апошнюю баязлівую надзею на выратаванне. Жанчыны загаласілі мацней, плакалі, крычалі дзеці. А пад вечар пачалося жудаснае. Звар’яцелых ад страху жанчын з дзецьмі выводзілі групамі па 20—25 чалавек. Падганялі на край магілы і расстрэльвалі ва ўпор з кулямётаў. Мужчын выводзілі па тры-чатыры чалавекі.

Мікалай Сцяпанавіч Шабуня разам з бацькам змаглі выратавацца. Цудам. Яны закапаліся ў сена ў сваім гумне. Карнікі правяралі, штыкамі прашчупвалі ўсё сена — і зноў жа нейкім цудам іх не зачапіла. Іх гумно загарэлася адным з апошніх, калі ўсё навокал было ў дыме, і бацька з сынам змаглі выбрацца, Яны і расказалі пра апошні дзень Байкоў, калі было знішчана 957 чалавек. Расказ сведкаў Шабуняў ёсць у матэрыялах Ружанскай раённай камісіі па расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў на тэрыторыі раёна. Ёсць там і трагічная гісторыя вёскі Канстанцінава, якая назаўсёды загінула 2 лістапада 1942 года. У гістарычным музеі Магілявецкай сярэдняй школы захоўваюцца фотакопіі актаў названай камісіі. Перачытваючы гэтыя дакументы і праз шэсць дзесяцігоддзяў немагчыма зразумець, як такое маглі тварыць з безабароннымі жанчынамі, дзецьмі тыя, якія лічылі сябе таксама людзьмі.

Ідэя ўвекавечыць памяць усіх вогненных вёсак нарадзілася недзе два гады назад. Манумент вырашылі пабудаваць дастойны, не местачковага маштабу. 3 трох прапанаваных варыянтаў мастацкі савет Міністэрства культуры выбраў праект брэсцкага скульптара Аляксея Паўлючука. Выпускнік Мінскага мастацкага вучылішча імя А. С. Глебава, у абласным цэнтры ён вядомы як аўтар скульптуры «Вартавым граніц», устаноўленай у цэнтры горада. У Пружанах таксама ёсць работа Аляксея Паўлючука — арт-кампазіцыя на месцы зліцця рэк Муха і Вец. Народную драму скульптар увасобіў у дзвюх гранітных стэлах, якія нагадваюць пячныя коміны, што застаюцца пасля спаленай хаты. Уверсе стэлы маюць перпендыкулярныя выемкі, і на прасвет утвараецца крыж. А знізу застылі ў бронзе языкі полымя.

  • Адкрыты помнік можна лічыць, відаць, сапраўды народным, нашаму карэспандэнту старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгенія Замковіч. — Сродкі на яго ўзвядзенне пералічвалі прадпрыемствы і ўстановы, маладзёжныя, ветэранскія, іншыя грамадскія арганізацыі. Частка грошай выдзелена з бюджэту. Праводзіліся суботнікі, уносіліся добраахвотныя ахвяраванні. Уклад у агульную патрыятычную справу ўнёс прадпрымальнік з Санкт-Пецярбурга, ураджэнец Пружанскага раёна Мікалай Бурнас. Моладзь — студэнты, школьнікі, актывісты БРСМ падключыліся да збору матэрыялаў, якія папоўняць музеі навучальных устаноў і раскажуць пра зверствы акупантаў на тэрыторыі раёна.

Святлана Яскевіч

Яскевіч, С. Помнік вогненным вёскам / Святлана Яскевіч // Звязда. 2006. 18 студзеня. С. 8.

Поделиться новостью: