• Сб. Апр 20th, 2024

Пружанская районная библиотека им. М.Засима

ГУК "Пружанская централизованная библиотечная система"

ВЯРТАННЕ

Вяртаннё ў маладосць, нават усяго толькі ўспамінамі, заўседы хвалюе. А калі да тваёй маладосці, быццам ды жывой раны, дакранулася самая страшная ў свеце вайна?

ВЯРТАННЕ

ЖЫХАРКА ПРУЖАН Тамара Іосіфаўна Шыманка нядаўна пабывала ў Германіі. Там па ініцыятыве Міжнароднага камітэта канцэнтрацыйных лагераў, адбылася сустрэча былых вязняў жаночага канцлагера Равенсбрук і суседняга з ім лагера для мужчын Заксенхаўзен. Прысвечана яна была 50-годдзю іх вызвалення.

Паездка гэтая для Тамары Іосіфаўны не была выпадковай. У гады вайны яна, чатырнаццацігадовая дзяўчынка, разам з маці была арыштавана і пасля больш чым шасцімесячнага знаходжання ў Пружанскай, Бельскай і Беластоцкай турмах вывезена ў Германію, у адзіны на нямецкай зямлі канцэнтрацыйны лагер для жанчын Равенсбрук.

Голад і холад, пастаянныя здзекі эсэсавак-наглядчыц (“аўсэрак”, як называлі іх вязні), нечалавечыя пакуты і знясільваючая рабская праца на ваенным заводзе, едкі дым з коміна крэматорыя, няўмольна напамінаючы кожны дзень, што заўтра, а магчыма, нават і сёння тут можаш аказацца і ты, калі не вытрымаеш, калі ўпадзеш ад голаду ці стомленасці, ці проста калі “аўсэркам” захочацца раптам “пазабаўляцца”, — з гэтага складваліся тады дні і ночы дзяўчынкі…

— Не ведаю, як нам удалося ўсё вытрымаць, — Тамара Іосіфаўна змахваё са шчакі няпрошаную слязу. — Мы паднімаліся ранкам з нараў і клаліся спаць з адзінай думкай: каб дзе-небудзь хоць крышачку раздабыць хлебца, каб як-небудзь сагрэцца ў наскрозь промёрзлым бараку…

Але ранкам замест хлебца зноў давалі пустую баланду з бручкі і нейкіх лупін. Вада з яе выпівалася імгненна, а адзіны кавалачак бручкі (калі пашанцуё і ён акажацца ў місцы) смакталі потым ледзь не гадзіну – “расцяг- валі задавальненне”…

Як добра, што побач была мама! Яна і пайком сваім дзялілася, і магла сабою захіліць у выпадку, калі “аўсэрцы” захочацца ў час ранішняга ці вячэрняга “опеля” (пераклічкі) паспрабаваць на табе сваю сілу.

Тыя неймаверна доўгія, халодныя “опелі” на лагернай плошчы сняцца і цяпер Тамары Іосіфаўне, быццам усё гэта было ўчора. Толькі мамы ўжо даўно няма ў жывых. А яна з Маняй (Маня — Марыя Якімаўна Казбяровіч) цяпер жыве ў Пружанах — была вывезена ў Равенсбрук таксама з Пружан і яе ўзяла пад сваё крыло Тамарына мама) — абедзьве такія худзенькія, што схіляюцца пад злым ветрам, раздзетыя, у драўляных башмаках усё стаяць і стаяць у снезе ці пад дажджом, таму што недзе ў “аўсэрак” не зыходзяцца лічбы. “Аўсэркі” з сабакамі ходзяць уздоўж шарэнг, называюсь лічбы і выбіраюць сабе чарговую ахвяру.

Божа ж мой! Як баяліся ўсе станавіцца ў першую шарэнгу! Як баяліся падняць вочы пад пільным поглядам наглядчыцы! Калі не спадабаешся, яна пачынала біць сваю ахвяру па твары, па нырках, жываце і біла да таго часу, пакуль тая не падала на зямлю. Ужо на зямлі прадаўжала біць нагамі ў падкаваных, окураных ботах. I тады абавязкова трэба было падняцца. Інакш яна магла стрэліць ці аддаць ахвяру аўчаркам. Па аднаму сігналу яны кі- даліся на чалавека. І цяпер не пераносіць Тамара Іосіфаўна сабачага брэху, нават якога-небудзь бяскрыўднага дварняка завесці ў сваім двары не можа…

Вядома, памятаюцца з таго часу не толькі боль, не толькі ўніжэнні і здзекі. Памяць дзяўчынкі захавала ўвагу і клопат адзін аб адным зусім незнаёмых людзей, якія нават размаўлялі на розных мовах. Яна добра памятае, як полька ратавала трохгадовую Галю, маці якой спалілі фашысты; як жанчыны хавалі хворую сербку, якую, як непрыгодны, ужо выпра- цаваны матэрыял, таксама маглі адправіць у крэматорый; як дапамагалі, асабліва дзецям, работнікі кухні… Можа, менавіта той лішні кавалачак бручкі ці бульбінка, якую непрыкметна падкладвала Тамары Ніна Баранава, і дапамаглі дзяўчынцы выжыць?

Тут у лагеры, Тамара адзначыла сваё паўналецце. 3 гэтай нагоды сяброўкі рашылі наладзіць свята. Яны нават прыбераглі свае мізэрныя пайкі, падрыхтавалі падарункі. Сардэчная сяброўка сербка Моша знарок да гэтага дня спляла для Тамары з шорсткіх нітак матраса, на якім спала, цу- доўны кошык. Той кошык, а таксама лагерны вінкель і нумар, якія вязні насілі на грудзях, Тамара Іосіфаўна берагла потым больш чым трыццаць гадоў. А памяць, як ні хацелася ўсё забыць, выкінуць з галавы, жыве яшчэ і цяпер…

І ВОСЬ — вяртанне.

— Яшчэ ў аэрапорце, — расказвае Тамара Іосіфаўна, — не паспелі мы як след агледзіцца, чую крык: “Беларусы прыехалі! А дзе Тамара? Тамара тут ёсць? Тая, што была ў лагеры з мамай?” Гляджу і вачам сваім не веру: спя- шаецца мне насустрач сівенькая жанчына — мая ратавальніца, мая лагерная мама Ніначка Баранава! Я пазнала б яе, здаецца, не тое, што праз пяцьдзесят, праз сто гадоў…

Гэтую сустрэчу праз паўстагоддзя былых вязняў Равенсбрука Тамары Шыманка і Ніны Баранавай здымала шведскае тэлебачанне.

Так усе пачалося. Абдымкі, успаміны, слезы… Групу з Беларусі размясцілі ў гатэлі пад Берлінам. А ранкам усіх можа, аўтобусаў сто — павезлі ў былы лагер.

— Калі спыніўся наш аўтобус, я баялася адкрыць вочы. Равенсбрук. Здавалася, я зноў убачу тыя ж халодныя баракі, шэры дым над крэматорыем, доўгія шарэнгі вязняў у паласатай вопратцы… Але былы канцлагер стаў музеем. Вельмі многае цяпер у ім змянілася — неяк падчышчана ці, калі можна так сказаць, падшліфавана. Усе нашы баракі былі знесены. На месцы кожнага пасаджана па таполі. Я бачыла, як групы людзей падыходзілі да „сваіх” таполяў, абдымалі іх, плакалі. Хутка і я знайшла месца нашага барака №15. Мы пазнавалі і не пазнавалі лагер…

Толькі будынак крэматорыя стаяў па-ранейшаму грозны і суровы, быццам непадуладны часу. Непадалёку ад яго была зроблена сценка паміж самім будынкам і праходам да баракаў. “Аўсэркі” любілі тут “пажартаваць” над вязнямі, калі тыя вярталіся з работы: хапалі групу і заганялі ў крэма- торый. Дзяўчаты крычалі, а яны, смеючыся, націскалі нагой на спецыяльную педаль, і няшчасныя падалі ў печ. Такія “жарты” асабліва часта паўтараліся, калі ў лагер паступала чарговая партыя зняволеных, баракі перапаўняліся і трэба было тэрмінова рабіць “чыстку”…

Тамара таксама была ў крэматорыі. Яе разам з іншымі дзяўчынкамі “аўсэркі” прымушалі ваганеткамі вывозіць з печаў попел…

На тэрыторыі былога канцлагера цяпер адкрыты музей. У ім зна- ходзяцца рэчы, выкрываючыя злачынствы фашысцкіх катаў. Тамара Іосіфаўна бачыла, як плакаў малады галандзец ля бабулінай касы, вывешанай у якасці музейнага экспаната. “Тут немагчыма было хадзіць без таблетак”, — расказвала жанчына.

У лагеры адбыўся ўрачысты мітынг, прысвечаны залатому юбілею вызвалення. Сабраўшыхся вітаў ксёндз, адбыўся памінальны малебен па нявінна загубленых, спяваў камерны хор. На мітынгу было вельмі многа людзей. Выступалі былыя вязні канцлагеpa ў тым ліку і адзін рускі з маскоўскай групы. Яны пераканана гаварылі аб тым, што свет павінен зрабіць усё для таго, каб падобныя жах больш ніколі не паўтарыліся.

Потым былі такія ж хвалюючыя сустрэчы і размовы ў мужчынскім лагеры Заксенхаўзен, які размяшчаўся ў 30 кіламетрах ад Равенсбрука. Разам з Тамарай Іосіфаўнай ездзіў на гэтую сустрэчу ў Германію былы вязень Асвенціма і Заксенхаўзена жыхар гарадскога пасёлка Шарашова Іван Лявонцьевіч Аўгусціновіч.

ПАД ВЕЧАР на вялікай спартыўнай пляцоўцы („Як уся наша вуліца Кобрынская,” — расказвала Тамара Іосіфаўна) былі накрыты сталы для ўдзельнікаў сустрэчы. Здаецца, прадстаўнікі ўсіх нацыянальнасцей свету размясціліся за гэтымі сталамі — палякі, нарвежцы, французы, галандцы, рускія, украінцы, беларусы, англічане, немцы, шатландцы — усяго з 26 краін…

— Вядома, нам было не да ежы, хаця ўсе сталы былі так багата за- стаўлены, што вочы разбягаліся ад разнастайнасці страў, напіткаў, выпечкі, экзатычных фруктаў…

Да стала, за якім сядзела Тамара Іосіфаўна, падышоў малады нарвежац:

— Колькі ж Вам гадоў было, пані, калі Вы знаходзіліся ў гэтым лагеры?

— Чатырнаццаць.

Уражаны, ён пацалаваў яе напрацаваныя рукі і, паднёсшы сціплы букецік кветак, быццам папрасіў прабачэння:

— Калі б я мог, пані, то паклаў бы да Вашых ног кветкі з усяго свету…

У гэты вечар адбылася яшчэ адна хвалюючая сустрэча Тамары Іосіфаўны са славачкай Мартай, якая жыла ў адным з ёю блоку…

— Такое ніколі не забудзецца. I не толькі таму, што нам была дадзена немцамі магчымасць вярнуцца ў сваю маладосць, хаця і такую цяжкую, не толькі таму, што ў час гэтай сустрэчы ўсё было так цудоўна арганізавана, прадумана кожная дробязь, — нават машыны “хуткай дапамогі” ўвесь час знаходзіліся побач, на ўсялякі выпадак, калі каму-небудзь стане дрэнна. Вядома, гэта галоўнае, — Тамара Іосіфаўна паказвае сувеніры, кніжкі, фота- здымкі, прывезеныя з Германіі. Але асабіста мне не забудзецца сустрэча яшчэ і таму, што на некалькі дзён я апынулася ў адной з самых цывілізаваных краін свету, якой цяпер па праву лічыцца Германія. Мы паглядзелі, што такое сапраўдны дабрабыт, парадак, прыгажосць. І, як ні горка ў гэтым прызнацца, убачыўшы Берлін, Мюнхен, Франкфурт-на- Майне, тыя сталы на спартыўнай пляцоўцы, застаўленыя такімі стравамі, якіх мы да гэтага не толькі не спрабавалі на смак, але і не ведалі, як называць, мы адчулі сябе такімі маленькімі, такімі нікчэмнымі, няшчаснымі. Мы не адчувалі сябе пераможцамі на гэтай сустрэчы. Пераможцамі былі немцы, хаця ледзь не за кожные слова яны прасілі прабачэння за здзейсненае ў гады вайны…

На аэрадроме ў Мінску нас сустрэў абшарпаны, з бразгатлівымі вокнамі аўтобус. А ўжо дома вечарам, пайшоўшы па ваду да калонкі, я ледзь не трапіла ў непрагляднай цемры пад веласіпед. Ці будуць калі-небудзь на нашай вуліцы такія ліхтары, як ля гатэля ў далекім Берліне?..

А. ХАДАРОВІЧ.

 Хадаровіч, А. Вяртанне / Анна Хадаровіч // Раённыя будні, Пружаны. 1995. 10 чэрвеня. С. 3.

Поделиться новостью: