2020 год багаты на юбілейныя даты ў праваслаўным свеце. Днямі ў Ліноўскай сельскай бібліятэцы прайшоў духоўны вечар, прысвечаны 500-годдзю Жыровіцкага Свята-Успенскага манастыра.
Вядучыя распавялі прысутным пра Жыровіцкую ікону Божай Маці, гаючыя крыніцы, якія знаходзяцца на тэрыторыі манастыра, а таксама пра прападобнага Серафіма Жыровіцкага — падзвіжніка, які ў гады вайны адраджаў духоўнае жыццё на тэрыторыі акупаванай Беларусі.
На вечарыне гучалі вершы і духоўныя песнапенні ў выкананні Аранчыцкага царкоўнага хору. Да мерапрыемства была аформлена кніжная паліца «Жамчужына праваслаўя».
У якасці ганаровага госця на імпрэзу быў запрошаны іерэй Аляксандр Сыцін. Ён расказаў пра яшчэ адну старажытную беларускую абіцель — Кобрынскі Спаскі манастыр, які сёлета адзначае 555-годзе з часу першага згадвання ў пісьмовых крыніцах і 10-годдзе адраджэння манаскага жыцця. Акрамя таго, прысутныя пачулі гісторыю стварэння і адраджэння Брэсцкай епархіі.
Прыемным сюрпрызам вечара стала тое, што святар падарыў нашай бібліятэцы кнігі пра беларускія манастыры.
А.М. Антончык (загадчык Ліноўскай СБ)