• Чт. Апр 25th, 2024

Пружанская районная библиотека им. М.Засима

ГУК "Пружанская централизованная библиотечная система"

“Дзяды”, ці Як аднавіць сувязь з родам?

урок духоўнасці

 

Вяд. 1. Верасень сышоў у нябыт, адгарэў кастрычнік, у прыродзе пануе самы маркотны месяц восені – лістапад. Мокрая, панурая восень, не жадаючы здавацца, прымушае чалавека сумаваць разам з ёй і ўспамінаць менавіта ў гэты час года памерлых родзічаў. Дзяды – адно з важных свят у Беларусі.

Вяд. 2. Наша спрадвечнае свята,

Сумнае свята – Дзяды.

Чыста прыбраная хата,

Ціха глядзяць абразы.

 

Белы абрус вышываны,

Свечка гарыць на стале,

Стравы як след згатаваны,

Ды на вячэры не ўсе.

 

Дзе вы, любімыя душы?

Молімся ціха за вас,

Ваш супакой не парушым,

Вы завітайце да нас!

 

Двор свой пазнайце ціхмяны,

Гляньце на хатку сваю,

Храм наш стары, дзераўляны,

Што бласлаўляе зямлю.

 

Дзякуем вам, дарагія,

Што гаравалі за нас,

Ды у гадзіны ліхія

Мелі праўдзівы адказ.

 

Ведалі праўду святую,

Бедна, ды годна жылі.

Дай Бог, і мы ахвяруем

Сэрцы для роднай зямлі…

Уладзімір Мірончык Дзяды

Вяд. 1. На працягу года свята Дзяды адзначаюць некалькі разоў на год: перад масленічным тыднем, на Радаўніцу, перад Троіцай, перад святам Пятра і восенню. Восеньскія Дзяды (Змітраўскія, Вялікія, Асяніны, Тоўстая вячэра, Хаўтуры) — самыя галоўныя.

Вяд. 2. Беларусы вераць, што на Дзяды душы продкаў прыходзяць да жывых, каб пераканацца ў паважных адносінах да сябе, а таксама даведацца, як нашчадкі клапоцяцца аб пакінутай ім спадчыне.

Вяд. 1. У гэты дзень усе хатнія мыліся ў лазні, але пакідалі пасля сябе крыху чыстай вады і венік: лічылася, што дзяды (душы памерлых продкаў) таксама павінны прыйсці і памыцца. Звычайна людзі наведвалі царкву, потым ішлі на могілкі, рабілі прыклады (нарубы, церамкі, каменныя пліты), абкладалі магілы дзірваном, камянямі, ставілі крыжы. Пасля на магілах пакідалі пачастунак (хлеб, печыва). Лічылася, што птушкі, якія з’ядаюць гэтыя ласункі, і ёсць душы продкаў, што прыляцелі з Выраю.

Вяд. 2. Часта ў гонар кожнага памерлага запальвалі асобнае вогнішча. 3 дому з печы прыносілі гарачыя вуголлі, якія насыпалі на магілы, а гаршкі разбівалі ўшчэнт. У гэты дзень забаранялася ткаць на кроснах (бо “дзяды ў кроснах заблытаюцца”), бяліць печ (“бо дзядам вочы замажаш”). У хаце вешалі чысты ручнік (або некалькі ручнікоў, па ліку запрошаных памерлых). У некаторых вёсках адчынялі комін, бо верылі, што душы будуць ісці праз яго.

Вяд. 1. Вяртаючыся дадому, не шкадуючы прыпасаў, гатавалi вячэру, каб пачаставаць i ўлагодзiць продкаў. “Пацярпi без яды — пачакай на Дзяды”, “На Дзяды многа яды”, — павучаюць беларускiя прыказкi.

Перад тым як сесці вячэраць, гаспадар тры разы абыходзіў са свечкай стол, адчынялі вокны і дзверы і клікалі па імёнах продкаў. У некаторых вёсках гаспадар запрашаў дзядоў словамі:

“Святыя дзяды завём вас,

Хадзіце да нас!

Ёсць тут усё, што Бог даў,

Што я для вас ахвяраваў,

Чым толькі хата багата.

Святыя дзяды! Просім вас,

Хадзіце, ляціце да нас…”.

Вяд. 2. У розных мясцінах на стол ставілі розную колькасць страў — дзе цотную, дзе няцотную (сем, адзінаццаць, дванаццаць), але, нягледзячы на гэта, у некаторых вёсках дазвалялася з’есці толькі тры стравы і выпіць тры чаркі. Сярод страў былі варанае і смажанае мяса, бліны, клёцкі, кісель, гарох з макавым малаком, крупнік з грыбамі або рыбай, верашчака з каўбасой ды інш.

Вяд. 1. Частка страў была універсальнай святочнай, але былі і абавязковыя, якіх патрабавала “дзедава вячэра”:

Канун — гэтая назва мела 3 значэнні: напой з мукі, без хмелю, але з соладам; сыта з пакрошаным у яе хлебам ці мучныя каржы з сытой.

Сыта — гатаваная вада з разведзеным мёдам.

Куцця — каша з пшаніцы або з бабоў, гароху, грэчкі. Магла ўжывацца з мядовай сытай.

Курчык (курчак, курачок, корчык) — рытуальны хлеб, праснак (або сітны ў авальнай формы ці жытні ў форме рагаліка). Дзелячы яго, пачыналі Дзедаву вячэру.

Саламатка — салодкая страва, сушаныя яблыкі, ігрушы, ягады, вараныя на мёдзе

У вёсках Салігорскага раёна Дзяды святкаваліся 3 дні (чацвер, пятніца, субота). У чацвер былі Дзецкія Дзяды. На іх пяклі бліны са смятанай.

Вяд. 2. На стол таксама ставілі так званыя Дзедаўскую чарку і Дзедаўскую міску, куды кожны з прысутных адліваў напоі і адкладаў ежу. У час вячэры гаварылі толькі пра продкаў, успаміналі іх учынкі, парады. Лічылася, што яны сядзяць побач і ўсё чуюць.

/ відэаролік “Дзяды” /

Вяд. 1. Святочны вечар быў напоўнены добрым настроем і таямніцай. Дазвалялася спяваць, граць на музычных інструментах, скакаць, пераапранацца ў касцюмы з маскамі. Так паводзілі сябе таму, што продкаў трэба было не толькі добра пачаставаць, але і павесяліць. Лічылася, што тады яны будуць спрыяць у жыццёвых справах сям’і.

Вяд. 2. Пасля вячэры гаспадар казаў:

“Святыя дзяды

Зляталісь сюды,

Есці — пад`елі,

Піць — напіліся,

Чэсць і слава вам!

Цяпер скажыце нам,

Чаго вам трэба?

А лепей:

Ляціце ў неба!”

Вяд. 1. У многіх мясцінах на стале пакідалі рэшткі страў, бо лічылася, што душы продкаў будуць частавацца яшчэ да раніцы. А яшчэ верылі, быццам дзядоў мог пабачыць той, хто не спіць пасля Дзедавай вячэры. Каб убачыць дзядоў, трэба было ўвесь дзень пасціцца і маўчаць. У некаторых сем’ях лічылася, што ўбачыць дзядоў мог толькі той, хто не прыгатаваў ім вячэру. Або толькі дзеці ці тыя, каму хутка паміраць.

Вяд. 2. А вось у паэме Адама Міцкевіча “Дзяды” прывіды прыходзяць адразу, толькі пакліч. І ў кожнага з іх ёсць просьба да жывых. Што могуць прасіць прывіды? (прысутныя адказваюць) Дапамажыце нам разыграць урывак з паэмы і даведаецесь.

(прысутным раздаюцца ролі і разыгрываецца ўрывак з паэмы)

Х о р

Цёмна, людзi… Глуха, людзi…

Штосьцi будзе… Штосьцi будзе…

Г у с л я р

Дзверы шчыльна прытулеце,

Станьце ля труны з паклонам,

Свечкi, лямпы не палеце.

Звесьце на вакно заслону.

Хай праз аканiцы поўня,

Не пускае сюды промнi.

Толькi жвава, толькi складна…

С т а р а ц

Мы зрабiлi ўсё дакладна.

Х о р

Цёмна, людзi… Глуха, людзi…

Штосьцi будзе… Штосьцi будзе…

Г у с л я р

Душачкi, выгнанцы раю,

Суджана каму нудзiцца,

Цi ў смале кiпець, дымiцца,

Хто на дне ракi змярзае,

Цi для больш нязноснай кары

Хто ў сырое ўбiты дрэва

I ў пячным нясцерпным жары

Слёзныя выводзiць спевы.

Вы, журботныя, сюды,

У святы храм грамадою

Паспяшайце на Дзяды!

Для палёгкi, для ратунку

Маем стравы i напоi,

Пацеры i падарункi.

Х о р

Цёмна, людзi… Глуха, людзi…

Штосьцi будзе… Штосьцi будзе…

Г у с л я р

Дайце жменю мне кудзелi,

Запалю, вы разам, хутка,

Яскi, што ў ёй заiрдзелi,

Пругкiм подыхам, цiхутка

Паганеце ўгору, ўгору,

Хай мiгцяць яны ў прасторы.

Х о р

Цёмна, людзi… Глуха, людзi…

Штосьцi будзе… Штосьцi будзе…

Г у с л я р

Першых клiчам лёгкiх духаў,

Хто спамiж зямной юдолi,

Цемры, сцюжы, завiрухаў,

Працы цяжкай i нядолi

Блiснулi на мiг i стлелi,

Быццам жменя той кудзелi.

Хто блукаў паўсюдна з ветрам,

Не ўзляцеў да брамы раю,

Вас мы знакам лёгкiм, светлым,

Заклiкаем, заклiнаем.

Х о р

Хто чаго, скажэце, прагне,

Хто зняможаны, хто смагне?

Г у с л я р

Гляньце, гляньце, як дзве зоркi,

Штосьцi пад скляпеннем свецiць,

Залатыя ззяюць пёркi, —

Там лятуць малыя дзецi.

Як два лiсцiкi ў павеве,

Кружаць над царквой на золку,

Як два галубкi на дрэве,

Бавяцца так два анёлкi.

Г у с л я р  i  С т а р а ц

Як два лiсцiкi ў павеве,

Кружаць над царквой на золку,

Як два галубкi на дрэве

Бавяцца так два анёлкi.

А н ё л а к

(да адной з вясковак)

Мы ляцiм да нашай мамы,

Цi ня помнiш, мама, Юзя,

Я сынок твой, я той самы,

I са мной сястрычка Рузя.

Нам далi ў раi прытулак,

Лепей там, чымся ў матулi,

Промнi зiхацяць над намi,

Са свiтанку камiзэлькi,

Паглядзi, за плечукамi,

Як у матылькоў, скрыдэлькi.

У раi ўсяго дастатак,

Штодня новая забаўка,

Дзе нi ступiм — ўстане траўка,

Блiснуць кветак вачаняты.

Хоць там усяго дастатак,

Непакояць сум, трывога,

Мама, для тваiх дзiцятак

Ў неба скрытая дарога.

Х о р

Хоць там усяго дастатак,

Непакояць сум, трывога,

Мама, для тваiх дзiцятак

Ў неба скрытая дарога.

Г у с л я р

Што вам трэба, мае душкi,

Каб ад нас пайсьцi на неба?

Просiце малiцца Богу?

Даць салодкi пачастунак?

Маем яблыкi i грушкi,

Тут на розны густ ласунак.

Што вам трэба, мае душкi,

Каб ад нас пайсьцi на неба?

А н ё л а к

Анiчога нам ня трэба,

На зямлi спазналi слодыч,—

Церпiм, ах, цяпер нягоды.

Бо ў жыццi, што пачыналi,

Горкага не каштавалi —

Толькi радасць i сваволле,

Смех, ласкоткi i пяшчоты.

Бегаць i скакаць у полi,

Кветак выбраць для Разалькi,

Вось былi мае турботы,

А яе — гуляцца ў лялькi.

На Дзяды мы прыляцелi

Не для ўцехi ды вяселляў,

Мы ня просiм вас малiцца,

Цi сабраць ахвяраваннi,

Дайце зернейка гарчыцы,

Тое мне й маёй сястрыцы

За ўсё будзе дараваннем.

Слухайце i зважце ў сябе лепей,

Так, паводле Божага наказу:

Хто ня зведаў горычы нi разу,

Таму слодычы ня будзе ў небе.

Х о р

Слухайма, зважайма ў сябе лепей,

Так, паводле Божага наказу:

Хто ня зведаў горычы нi разу,

Таму слодычы ня будзе ў небе.

Г у с л я р

Душачкi, мае дзiцяткi,

Што хацелi, дык бярэце,

Вось для кожнага зярняткi,

З Богам да сябе ляцеце.

Хто ня будзе просьбаў слухаць,

У ймя Айца, Сына, Духа

Накладаем Божы крыж —

Непатрэбны хлеб, напоi,

Нас пакiньце вы ў спакоi.

А кыш, а кыш!

Х о р

Хто ня будзе просьбаў слухаць,

У ймя Айца, Сына, Духа

Накладаем Божы крыж.

Непатрэбны хлеб, напоi? —

Нас пакiньце вы ў спакоi.

А кыш, а кыш!

(Прывід знiкае)

Г у с л я р

Дзверы на завал зачынiм,

Поўнач блiзка — каб нi шчэлкi!

Вы бярэце жмут лучыны,

I пастаўце чоп гарэлкi.

Кiй над вамi я ўздымаю,

Хай гарэлка запалае.

Толькi жвава, толькi смела!

С т а р а ц

Зроблена!

Г у с л я р

Даю знак ясны!

С т а р а ц

Пыхнула i закiпела,

Раптам згасла.

Х о р

Цёмна, людзi… Глуха, людзi…

Штосьцi будзе… Штосьцi будзе…

Г у с л я р

Вы цяпер, чый дух нялёгкi,

Вы, хто да зямлi прыкуты

I душой, i целам крохкiм,

Ланцугом злачынстваў лютых.

Хоць скон бурыць шкарлупiну,

Смерцi клiчуць вас анёлы,

З мук цялесных штохвiлiнных

Вырвацца жыццё ня здольна,—

Карай сцятае суровай.

Але нашай просьбай, словам

Вас ад пекла збавiць маем,

Да якога вы так блiзка,

Заклiкаем, заклiнаем

Блiсай вашага ж агнiска.

Х о р

Хто чаго, скажэце, прагне,

Хто зняможаны, хто смагне?

Г о л а с

(з-за акна)

Пугачы, крукi, арлiцы!

Ненажэры, крывасмокi!

Прапусцеце да каплiцы,

Адступеце на два крокi.

Г у с л я р

Паглядзеце — вунь пачвара,

Здань вялiкая, як хмара,

Белая, што ў полi косьцi,

Вiскам немым твар крывiцца,

З вуснаў дым i блiскавiца,

Вочы вылезлi ад злосьцi —

На iлбе гараць вуголлем,

Валасы, бы купа голля!

Як вiр скача агнявы

Над снапом сухiм, цярнiстым,

Ад жахлiвай галавы

З трэскам рой ляцiць iскрысты.

Г у с л я р  i  С т а р а ц

Як вiр скача агнявы

Над снапом сухiм, цярнiстым,

Ад жахлiвай галавы

З трэскам рой ляцiць iскрысты.

П р ы в i д

(з-за акна)

Мяне ведаеце, дзецi?

Позiрк светлы ваш i чысты —

Гляньце. Вы йшчэ не ўзгадалi? —

Я нябожчык, пан ваш, дзецi.

Я валодаў гэтай вёскай,

Толькi год пачаўся трэцi

Як мяне ў труну паклалi.

Ах, прысуд нязносны Боскi,

Я ўва ўладзе духа злога,

Жорсткiя цярплю пакуты.

На зямлю ноч кiне путы,—

Я выходжу на дарогу,

А з-пад сонца — уцякаю,

Цяжкаму пакорны лёсу

Непрыкаяна блукаю.

Безупынна точыць голад,

Хто накормiць мяне ўдосыць?

Птахi сквапныя наўкола,

Хто мне будзе абаронцам?

Мукi доўжацца бясконца!

Х о р

Птахi сквапныя наўкола,

Хто мне будзе абаронцам?

Мукi доўжацца бясконца!

Г у с л я р

Адкажы, душа што прагне,

Каб унiкнуць катавання?

Просiш пахвалы для неба?

На застолле мкнеш святое?

Маецца ў дастатку хлеба,

Ягады, плады, напоi.

Нам скажы, душа што прагне,

Каб адсюль пайсьцi на неба?

П р ы в i д

Ах, на неба… Не блюзнерце.

Не, я не хачу на неба,

Я жадаю, мне паверце,

Каб душа сышла ад цела

I да пекла паляцела.

Я прыму ўвесь боль i здзекi,

Лепш у пекле згнiць навекi,

Чым блукаць з нячыстай зграяй

Па зямлi, па родным краi.

След уцехаў бачу ўсюды,

I злачынстваў, i аблуды.

Ад усходу да заходу

[Ад заходу да усходу]

Смагу, голад i нягоды

Я цярплю i памiраю,

Вырак Божы свой трываю.

Я кармiць сабою птушак

Да тае хвiлiны мушу,

Пакуль вы, мае сяляне,

Не дасьцё мне частаванне.

Ах, як смага палiць-палiць,

Хоць бы кропельку вадзiцы,

Ах, як голад мяне джалiць,

Хоць бы зернейка пшанiцы.

Х о р

Ах як смага палiць-палiць,

Хоць бы кропельку вадзiцы,

Ах, як голад яго джалiць,

Хоць бы зернейка пшанiцы.

Х о р  н а ч н ы х  п т а х а ў

Марны плач i просьбаў словы,

Над табой вiр карагодны —

Крумкачы, каршуны, совы,

Мы былi людзьмi ў прыгоне

Смерцю нас змарыў галоднай,—

Вырвем хлеб з тваiх далоняў!

Гэй, сычы, крукi, арлiцы,

Перахопiм яго спробы

I паесьцi, i напiцца.

Хоць бы ежу ўзяў у губы,

Кiпцем выцягнем i дзюбай.

Аж дастанем да вантробаў!

Лiтасьцi ня ведаў, пане,

Гэй, сычы, арлы, крукi,

Няма жалю ягамосьцi,

Драцьма ежу на шматкi,

А калi яе ня стане,

Драцьма цела на шматкi,

Хай вiднеюць яго косьцi.

К р у к

Голаду равеш праклёны!

Раз увосень, у нядзелю,

Я зайшоў у сад чырвоны,—

Грушы, яблыкi там спелi.

Я тры днi ня еў нiчога,

Яблык строс маленькi самы —

Садаўнiчы быў за стогам,

Ён сачыў за мною збоку,

Дый пагнаў, як воўка, псамi.

Не прабег я колькi крокаў,

Як мяне схапiла варта.

Справу, пане, вёў ня жартам

I за што? Адведаў плоду,

Якi Бог людзкому роду

Даў, як i агонь, i воду.

Гнеўны пан вяршыў свой суд:

«Прыклад будзе ўсiм пагрозай,

Хай пабачыць з вёскi люд!»

Прывязалi да сахi,

Нада мной свiсталi лозы —

Быццам ад калосся жыта,

Ад струкоў — гарох сухi,

Косткi ўсе былi адбiты!

Лiтасьцi ня ведаў, пане!

Х о р  п т а х а ў

Гэй, сычы, арлы, крукi,

Няма жалю ягамосьцi,

Драцьма ежу на шматкi,

А калi яе ня стане,

Драцьма цела на шматкi,

Хай вiднеюць яго косьцi.

С а в а

Голаду равеш пракляцьцi!

Я ў куццю, у холад самы,

Помнiш, на руках з маляцi

Падышла да тваёй брамы.

Я малiла са слязою:

«Злiтуйся над сiратою!

Муж, гаротнiк, на тым свеце,

А дачка — у пана ў доме,

Мацi ўжо не апрытомнiць,

Просяць есцi ў хаце дзецi.

Пан хiба не дапаможа?

Самi выжыць мы ня можам!»

Пан жа дабрынi ня знае,

Ён да балю, чаркi ласы,

Топча золата абцасам.

Гайдукам ён шэпча цiха:

«Хто нам вiскам замiнае?

Выкiньце яе да лiха!»

I гайдук са злой ахвотай

За касу i за вароты,

З дзiцем па сумётах снегу

Павалок! Я на марозе

Не змагла знайсьцi начлегу,

Змерзла з сынам на дарозе.

Лiтасьцi ня ведаў, пане!

Х о р  п т а х а ў

Гэй, сычы, арлы, крукi,

Няма жалю ягамосьцi,

Драцьма ежу на шматкi,

А калi яе ня стане,

Драцьма цела на шматкi,

Хай вiднеюць яго косьцi.

П р ы в i д

Не, дарма, дарма талеркi

З пачастункам падаёце,

Птахi вырвуць у палёце,

Не мае Дзяды цяперка.

Я так буду мучыцца век векам,

Справядлiвы Твой прысуд, о, Божа!

Хто ня быў нi разу чалавекам,

Чалавек таму не дапаможа.

Х о р

Гэтак будзе мучыцца век векам,

Справядлiвы Твой прысуд, о, Божа!

Хто ня быў нi разу чалавекам,

Чалавек таму не дапаможа.

Г у с л я р

Як табе не дапаможам,

Прэч iдзi сабе, нябожа.

Хто ня будзе просьбаў слухаць,

У ймя Айца, Сына, Духа,

Накладаем Божы крыж.

Непатрэбны хлеб, напоi? —

Нас пакiнь тады ў спакоi,

А кыш, а кыш!

Х о р

Хто ня будзе просьбаў слухаць,

У ймя Айца, Сына, Духа,

Накладаем Божы крыж.

Непатрэбны хлеб, напоi? —

Нас пакiнь тады ў спакоi,

А кыш, а кыш!

(Прывiд знiкае)

Вяд. 1. Дзякуй усім за ўдзел у нашай інсцэніроўцы. Як бачым і прывідам часам патрэбна дапамога жывых. Але галоўнае памятаваць аб тых, каго няма з намі. Дзяды – гэта дзень памяці, калі  мы ўспамінаем дарагіх нам людзей, якія пайшлі ад нас у розныя часы: хто – даўно, хто – не вельмі даўно, а хто і зусім нядаўна.

Дождж падае вонку прыцішаным звонам,

дождж льецца, дождж плача на шыбах аконных,

балючы стон ветру даносіцца з даляў,

і зоркі на небе нам ноч не запаліць.

 

У святынях сціх гоман малітваў нядзельных,

на могілках свечкі даўно дагаралі.

А ў краі, дзе думы маі безупынна,

чакаюць у хатах дзядоў на гасціну.

 

Да нас не забудзьце, прыходзьце, дзяды;

хопіць малітваў у мяне і яды

з сёлаў забытых, з лагчын і бароў,

і з наднямонскіх старых цвінтароў

 

У дом мой плывеце на святло агню,

вокны шырокія Вам адчыню;

гэдак прыходзьце як колісьці жылі,

весткі прыносьце з роднай зямлі.

 

Душу Вам вышлю насустрач сваю,

палкай малітваю Вас напаю,

сэрца маё каля Вашых магіл,

там, дзе сумуе мой край дарагі.

 

У вечар таемны, у поўначы час

з Божае волі чакаю на Вас;

разам мы просьбаў гарачы наш жар

слаць будзем шчыра прад Божы аўтар.

 

Сумна і пуста ў вокнах маіх,

ніхто не прыдзе сюды з жывых;

кругом пустыня, навокал цьма

над горнай прорвай стаю сама.

 

Будзем прасіць за тых, хто не забыў

ні роднай мовы, ні родных ніў.

Хто мёртвых уваскрошваў святою рукой,

той нас не пакіне ў хвіліне цяжкой.

Ларыса Геніюш “Дзяды”

Вяд. 2. Памяць пра людзей мінулага, шанаванне традыцый і сёння даюць нам магчымасць не згубіць сябе, не знішчыць у сваіх сэрцах любоў да свету. Бо толькі спазнаўшы боль і горыч страты (усе мы рана ці позна непазбежна праз гэта праходзім), чалавек па-сапраўднаму пачынае цаніць жыццё – такое рознае, шматаблічнае, самае каштоўнае з усіх дароў на зямлі.

Вяд. 1. І няхай за акном ціха плача восень, проста яна развітваецца з намі на цэлы год. Адсумаваўшы разам з ёй, з палёгкай уздыхнем: асяніны – час роздуму і смутку – заканчваецца. Ідзе зіма, а з ёй – і новае жыццё.

Складальнік: намеснік дырэктара ДУК “Пружанская ЦБС” Аляксеева В.В.

 

Крыніцы.

  1. Геніюш, Л. Дзяды : верш [Электронны рэсурс] / Ларыса Геніюш. – Рэжым доступа : http://rv-blr.com.
  2. Дзяды [Электронны рэсурс]. — Рэжым доступа : https://be.wikipedia.org.
  3. Дзяды : сцэнарый свята [Электронны рэсурс]. — Рэжым доступа : http://xn--80azkbz6b.xn--80ahe1ag.xn--90ais.
  4. Драбышэўская, І. Асяніны час роздуму і смутку / Ірына Драбышэўская // Родная прырода. – 2008. — № 11. – С. 20- 21.
  5. Мірончык, У. Дзяды : верш [Электронны рэсурс] / Уладзімір Мірончык. – Рэжым доступа : http://www.sinyavokaya.ru.
  6. Міцкевіч, А. Дзяды : паэма / Адам Міцкевіч. – Мінск, 1999.
  7. Пашкевіч, К. Тэма дня. Чым для нас ёсць Дзяды? [Электронны рэсурс] / Кастусь Пашкевіч. – Рэжым доступа : https://news.tut.by.
  8. Почему белорусы отмечают «Дзяды», что в этот день едят и ходят ли на кладбище [Электронный ресурс]. – Режим доступа : https://news.tut.by.
  9. Хутка Дзяды: прыкметы і традыцыі старадаўняга свята [Электронны рэсурс]. — Рэжым доступа : https://bel.sputnik.by

Поделиться новостью: