• Чт. Апр 18th, 2024

Пружанская районная библиотека им. М.Засима

ГУК "Пружанская централизованная библиотечная система"

І ажыўшая памяць загаворыць…

Вы не бачылі вёсак, якія не ўсталі з вайны?

Па ўсёй Беларусі, па ўсёй Беларусі яны…

                                            (Е. Лось “Вёскі, якія не ўсталі”)

Больш чым дзевяць тысяч вёсак Беларусі згарэла ў прагным полымі Вялікай Айчыннай вайны, 5 295 з якіх спалены разам з жыхарамі. 186 вёсак так і не былі адноўлены. Лічбы – не сухая статыстыка. Мінулая вайна і страты ў ёй – балючая, незагойная рана беларускага народа.

Каб пачуць галасы тых, хто памятае тыя жудасныя падзеі дастаткова адкрыць кнігу “Я з вогненнай вёскі…” Алеся Адамовіча (1975). На яе старонках сабраліся людзі, што выйшлі з агню, з-пад зямлі. І гэта – у самым рэальным, не пераносным сэнсе. Людзі з вогненных вёсак сабраліся тут, каб сведчыць, пытацца, судзіць, каб расказаць тое, пра што ведаць – страшна, а забыцца – небяспечна. Алесь Адамовіч аб’ездзіў разам з Янкам Брылем і Уладзімірам Калеснікам амаль усю Беларусь, запісаў звыш 300 жахлівых маналогаў-успамінаў ад удзельнікаў і ахвяр фашызму.

Алесь Адамович "Каратели"

А пра людзей, якія здзяйснялі ўсе гэтыя зверствы, пра катаў і здраднікаў расказвае аповесць Алеся Адамовіча “Карнікі” (1979).

Што такое фашызм? Чаму час ад часу ўзнікаюць людзі, якія без ваганняў адпраўлялі на смерць мільёны? Чаму некаторыя людзі бралі ў рукі аўтамат і расстрэльвалі сваіх землякоў – дзяцей, жанчын, старых, і маглі пасля гэтага жыць, і знаходзілі сабе апраўданні. Адказы на гэтыя пытанні вы знойдзеце ў гэтай кнізе.

“Хатынская аповесць”, як і многія іншыя творы Алеся Адамовіча, аснавана на дакументальных фактах. Твор як бы сатканы з успамінаў жывых сведак спаленых беларускіх вёсак, партызанаў, падпольшчыкаў. Галоўным героем аповесці з’яўляецца Фларыян Пятровіч Гайшун, ветэран вайны, выкладчык псіхалогіі. Ён разам з былымі партызанамі едзе ў Хатынь. Перад вачамі Гайшуна, сляпога чалавека, як бы ажывае ваеннае ліхалецце.

Калі вы хочаце ведаць праўду пра вайну і пра тое, чаму яе зверствы робяцца магчымымі, пра цану Перамогі і псіхалогію здрады, чытайце кнігі Алеся Адамовіча.

Поделиться новостью: