Пружанская районная библиотека им. М.Засима

Пружанская централизованная библиотечная система

Юбілей народнага майстра Марыі Кулецкай

19 лістапада ў раённай дзіцячай бібліятэцы імя А. Лось прайшоў вечар-партрэт, прысвечаны 70-гадоваму юбілею Народнага майстра Беларусі, нашай зямлячкі і калегі Марыі Кулецкай.

Творчасць Марыі Мікалаеўны вельмі разнастайная: яна займаецца жывапісам, саломапляценнем, вышыўкай, разьбой па дрэве, ткацтвам, выцінанкай і асноўнае — роспісам па шкле. Яна пачала і працягвае адраджаць гэты старажытны, забыты від народнай творчасці.
Менавіта за гэта ёй было прысвоена ганаровае званне — Народны майстар Беларусі.
Марыя Мікалаеўна 15 год працавала ў Пружанскай дзіцячай бібліятэцы. За гэты час яна стварыла лялечны гурток, правяла мноства гадзін мастацтва для юных чытачоў і, галоўнае, яна стварыла непаўторнае аблічча залаў дзіцячай бібліятэкі.
З 2006 года яна працавала кіраўніком гуртка роспісу па шкле пры Гарадскім палацы культуры. Ён адразу прыцягнуў увагу дзяцей. У некаторы перыяд каля сотні чалавек наведвалі гурток. Потым ён быў ператвораны ў студыю дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Шклінка-маляванка”, якая атрымала званне Узорны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”.
Шмат дзяцей прывяла Марыя Мікалаеўна ў свет творчасці і прыгажосці, зацікавіла іх народнымі відамі мастацтва. А колькі майстар-класаў правяла яна! І для школьнікаў, і для студэнтаў, і для кіраўнікоў гурткоў. Ніколі і нікому яна не ўмела адмовіць. Згаджалася на ўсе сустрэчы, вечары, экскурсіі ў студыі і іншыя мерапрыемствы, на ўсіх у яе хапала часу.
Пра майстра і чалавека, педагога і дызайнера, мастака і бібліятэкара — Марыю Кулецкую — ішла размова на вечары, якая чарадавалася з віншаваннямі ад калектыву дзіцячай бібліятэкі, чытачоў і ўдзельнікаў студыі “Шклінка-маляванка”. Музычныя віншаванні Народнаму майстру падарыла вакальная група “Забава” Пружанскага аўтаклуба.
Дзімітруковіч В.Ф. (загадчыца РДБ імя А.Лось)

Поделиться новостью: