Вяд. 1. Верасень сышоў у нябыт, адгарэў кастрычнік, у прыродзе пануе самы маркотны месяц восені – лістапад. Мокрая, панурая восень, не жадаючы здавацца, прымушае чалавека сумаваць разам з ёй і ўспамінаць менавіта ў гэты час года памерлых родзічаў. Дзяды – адно з важных свят у Беларусі.
Вяд. 2. Наша спрадвечнае свята,
Сумнае свята – Дзяды.
Чыста прыбраная хата,
Ціха глядзяць абразы.
Белы абрус вышываны,
Свечка гарыць на стале,
Стравы як след згатаваны,
Ды на вячэры не ўсе.
Дзе вы, любімыя душы?
Молімся ціха за вас,
Ваш супакой не парушым,
Вы завітайце да нас!
Двор свой пазнайце ціхмяны,
Гляньце на хатку сваю,
Храм наш стары, дзераўляны,
Што бласлаўляе зямлю.
Дзякуем вам, дарагія,
Што гаравалі за нас,
Ды у гадзіны ліхія
Мелі праўдзівы адказ.
Ведалі праўду святую,
Бедна, ды годна жылі.
Дай Бог, і мы ахвяруем
Сэрцы для роднай зямлі…
Уладзімір Мірончык “Дзяды”
Вяд. 1. На працягу года свята Дзяды адзначаюць некалькі разоў на год: перад масленічным тыднем, на Радаўніцу, перад Троіцай, перад святам Пятра і восенню. Восеньскія Дзяды (Змітраўскія, Вялікія, Асяніны, Тоўстая вячэра, Хаўтуры) — самыя галоўныя.
Вяд. 2. Малітвы аб душах памерлых, святкаванне дзён памяці продкаў — неад’емная частка хрысціянства. У хрысціянскім светаўспрыманні няма мёртвых. У Бога ўсе жывыя, а таму душы памерлых людзей знаходзяцца разам з намі ў адзінай Царкве, як бы складаючы яе верхні паверх — Царкву Нябесную. Згодна з хрысціянскай верай продкі чакаюць ад сваіх нашчадкаў малітоўнай дапамогі.
Вяд. 1. Напярэдадні бацькоўскай суботы ў праваслаўных храмах здзяйсняецца асаблівая памінальная служба — парастас. Пасля Боскай літургіі ў кожнай царкве будзе адслужана Сусветная бацькоўская паніхіда з асвячэннем ежы.
Хрысціяне павінны паклапаціцца аб тым, каб перад святам прыбраць магілы сваіх родных і блізкіх, а таксама закінутыя магілы паблізу. Годным успамінам аб памерлым з’яўляецца запаленая на магіле свечка і кветкі, але першым чынам — малітва аб супакоі душы.
Вяд. 2. Традыцыя Дзядоў цесна звязана з культам продкаў. Сям`я мае патрэбу ў дапамозе і абароне продкаў; з іншага боку, і продкам неабходны памяць і ўшанаванне жывых.
“Жывых бацькоў – шануй, а памерлых – памінай”. – гэтая прыказка была асновай у зносінах беларусаў з тымі, хто скончыў свой зямны шлях і выправіўся ў іншы свет, каб адтуль назіраць за лёсам нашчадкаў і накіроўваць свой род у захаванні законаў Божых.
Вяд. 1. Разважанні пра існаванне, жыццё і смерць перадаюць народныя прыказкі і прымаўкі. Проста дзіўна, як мудрацы мінулых стагоддзяў мясцілі ў кароткія фразы думкі, над якімі можна было разважаць затым гадзінамі. Давайце разам з вамі ўспомнім іх. На стале ляжаць паперкі з пачаткам і канчаткам прыказкі ці прымаўкі. Вам трэба іх злучыць правільна. Запрашаем пяць знаўцаў народнай мудрасці (пяць жадаючых складваюць прыказкі і атрымліваюць салодкія прызы).
Прыказкі і прымаўкі.
- Век пражыць – не кашулю пашыць.
- Усё жыццё, а ўспамінаць нечага.
- Яшчэ той не радзіўся, хто б не памёр.
- Смерць не перабірае і не мінае.
- Смерць не ручаіна – не пераскочыш.
- Чалавек раз нарадзіўся і раз уміраць мусіць.
- Пакуль жывеш – усяго трэба, а як памрэш – чатыры дошкі і пяску трошкі.
- Жызь — маліна, раскусіш – журавіна.
- Колькі ні жыві, а ўсё жытка каратка.
- Гэты свет як макаў цвет: зранку расцвітае, да вечара ападае.
Вяд. 2. Памінальная традыцыя, Дзяды – адзін з самых кансерватыўных і ўстойлівых элементаў каляндарнай абраднасці. Памінальны характар свята прадугледжваў строгі рэгламент паводзін, абавязковую паслядоўнасць рытуальных дзеянняў і эмацыўную стрыманасць у час яго правядзення.
Вяд. 1. У гэты дзень усе хатнія мыліся ў лазні, але пакідалі пасля сябе крыху чыстай вады і венік: лічылася, што дзяды (душы памерлых продкаў) таксама павінны прыйсці і памыцца. Звычайна людзі наведвалі царкву, потым ішлі на могілкі, рабілі прыклады (нарубы, церамкі, каменныя пліты), абкладалі магілы дзірваном, камянямі, ставілі крыжы. Пасля на магілах пакідалі пачастунак (хлеб, печыва). Лічылася, што птушкі, якія з’ядаюць гэтыя ласункі, і ёсць душы продкаў, што прыляцелі з Выраю.
Вяд. 2. Часта ў гонар кожнага памерлага запальвалі асобнае вогнішча. 3 дому з печы прыносілі гарачыя вуголлі, якія насыпалі на магілы, а гаршкі разбівалі ўшчэнт. У гэты дзень забаранялася ткаць на кроснах (бо “дзяды ў кроснах заблытаюцца”), бяліць печ (“бо дзядам вочы замажаш”). У хаце вешалі чысты ручнік (або некалькі ручнікоў, па ліку запрошаных памерлых). У некаторых вёсках адчынялі комін, бо верылі, што душы будуць ісці праз яго.
Вяд. 1. Вяртаючыся дадому, не шкадуючы прыпасаў, гатавалi вячэру, каб пачаставаць i ўлагодзiць продкаў. “Пацярпi без яды — пачакай на Дзяды”, “На Дзяды многа яды”, — павучаюць беларускiя прыказкi.
Перад тым як сесці вячэраць, гаспадар тры разы абыходзіў са свечкай стол, адчынялі вокны і дзверы і клікалі па імёнах продкаў. У некаторых вёсках гаспадар запрашаў дзядоў словамі:
“Святыя дзяды завём вас,
Хадзіце да нас!
Ёсць тут усё, што Бог даў,
Што я для вас ахвяраваў,
Чым толькі хата багата.
Святыя дзяды! Просім вас,
Хадзіце, ляціце да нас…”.
Вяд. 2. У розных мясцінах на стол ставілі розную колькасць страў — дзе цотную, дзе няцотную (сем, адзінаццаць, дванаццаць), але, нягледзячы на гэта, у некаторых вёсках дазвалялася з’есці толькі тры стравы і выпіць тры чаркі. Сярод страў былі варанае і смажанае мяса, бліны, клёцкі, кісель, гарох з макавым малаком, крупнік з грыбамі або рыбай, верашчака з каўбасой ды інш.
Вяд. 1. Частка страў была універсальнай святочнай, але былі і абавязковыя, якіх патрабавала “дзедава вячэра”. Паспрабуйце па апісанню дагадацца, якая гэта страва. У вас будзе тры варынту адказа. Абярыце правільны. Пачнем? (прысутныя адказваюць і атрымліваюць салодкія прызы)
- Гэтая назва мела 3 значэнні: напой з мукі, без хмелю, але з соладам; сыта з пакрошаным у яе хлебам ці мучныя каржы з сытой.
-Канун;
-Верашчака;
-Лазанкі.
- Гатаваная вада з разведзеным мёдам.
-Зразы;
-Сыта;
-Зацірка.
Вяд. 2. 3. Каша з пшаніцы або з бабоў, гароху, грэчкі. Магла ўжывацца з мядовай сытай.
-Халаднік;
-Дранікі;
-Куцця.
- Рытуальны хлеб, праснак (або сітны ў авальнай формы ці жытні ў форме рагаліка). Дзелячы яго, пачыналі Дзедаву вячэру.
-Кугель;
-Курчык;
-Наліснікі.
- Салодкая страва, сушаныя яблыкі, ігрушы, ягады, вараныя на мёдзе.
-Саламатка;
-Бабка;
-Узвар.
Вяд. 1. У вёсках Салігорскага раёна Дзяды святкаваліся 3 дні (чацвер, пятніца, субота). У чацвер былі Дзецкія Дзяды. На іх пяклі бліны са смятанай. На стол таксама ставілі так званыя Дзедаўскую чарку і Дзедаўскую міску, куды кожны з прысутных адліваў напоі і адкладаў ежу. У час вячэры гаварылі толькі пра продкаў, успаміналі іх учынкі, парады. Лічылася, што яны сядзяць побач і ўсё чуюць.
/ відэаролік “Дзяды” /
Вяд. 2. Святочны вечар быў напоўнены добрым настроем і таямніцай. Дазвалялася спяваць, граць на музычных інструментах, скакаць, пераапранацца ў касцюмы з маскамі. Так паводзілі сябе таму, што продкаў трэба было не толькі добра пачаставаць, але і павесяліць. Лічылася, што тады яны будуць спрыяць у жыццёвых справах сям’і.
Вяд. 1. Пасля вячэры гаспадар казаў:
“Святыя дзяды
Зляталісь сюды,
Есці — пад`елі,
Піць — напіліся,
Чэсць і слава вам!
Цяпер скажыце нам,
Чаго вам трэба?
А лепей:
Ляціце ў неба!”
Вяд. 2. У многіх мясцінах на стале пакідалі рэшткі страў, бо лічылася, што душы продкаў будуць частавацца яшчэ да раніцы. А яшчэ верылі, быццам дзядоў мог пабачыць той, хто не спіць пасля Дзедавай вячэры. Каб убачыць дзядоў, трэба было ўвесь дзень пасціцца і маўчаць. У некаторых сем’ях лічылася, што ўбачыць дзядоў мог толькі той, хто не прыгатаваў ім вячэру. Або толькі дзеці ці тыя, каму хутка паміраць.
Вяд. 1. У кожнай сям`і берагуць-шануюць памяць пра сваіх продкаў. Але мы, беларускі народ, — адна вялікая сям`я. І злучае нас памяць пра ўсіх нашых дзядоў.
Вяд. 2. Дзяды – гэта і наша споведзь перад тымі, хто жыў сумленна, годна і непахісна. Таму ў гэтыя дні мы ўспамінае не толькі родных, але і продкаў-беларусаў – знакавых для нашай краіны людзей, якія ўжо пайшлі ў лепшы свет.
Вяд. 1. Паспрабуйце па апісанню здагадацца аб якім славутым дзеячы Беларусі ідзе гаворка (прысутныя адказваюць і атрымліваюць салодкія прызы).
- Полацкая князёўна, асветніца. Дачка полацкага князя Рагвалода, жонка вялікага князя кіеўскага Ўладзіміра Святаславіча Рагнеда).
- Князёўна, манахіня, ігумення манастыра Святога Спаса ў Полацку, паломніца, асветніца, мецэнатка і кананізаваная святая (Еўфрасіння Полацкая).
Вяд. 2. 3. Царкоўны дзеяч, епіскап тураўскі. Святы праваслаўнай царквы. Аўтар вядомых царкоўна-асветніцкіх і царкоўна-літаратурных твораў (Кірыла Тураўскі).
- Беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар, асветнік-гуманіст, пісьменнік, грамадскі дзеяч, прадпрымальнік, вучоны-медык. Перакладчык і выдавец кніг Бібліі беларускім зводам царкоўнаславянскай мовы (Францыск Скарына).
Вяд. 1. 5. Беларускі і польскі паэт, гуманіст і асветнік эпохі Адраджэння. Аўтар паэмы “Песня пра зубра” (Мікола Гусоўскі).
- Беларускі паэт, драматург, тэатральны дзеяч. Заснавальнік нацыянальнай драматургіі, тэатра. Лічыцца першым класікам новай беларускай літаратуры (Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч).
Вяд. 2. 7. Беларускі паэт, драматург, публіцыст, перакладчык. Адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы. Аўтар камедыі “Паўлінка” (Янка Купала).
- Беларускі паэт, празаік, драматург, крытык, публіцыст, перакладчык, мовазнавец, педагог, грамадскі дзеяч; адзін з заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы. Аўтар паэмы “Новая зямля” (Якуб Колас).
Вяд. 1. 9. Беларускі паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, сцэнарыст, класік беларускай літаратуры. Адна з найбольш вядомых постацей у беларускай літаратуры другой паловы XX стагоддзя. Першы беларускі пісьменнік, які звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыву (Уладзімір Караткевіч).
- Беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч, удзельнік Другой сусветнай вайны. Народны пісьменнік Беларусі (1980). Большасць твораў — аповесці, дзеянне якіх адбываецца падчас Другой сусветнай вайны і ў якіх паказаны маральны выбар чалавека ў найбольш драматычныя моманты жыцця (Васіль Быкаў).
Вяд. 2. Памяць – крыніца жывой вады, яна сілкуе канарані, з якіх расце дрэва нашага існавання, і зашуміць крона будучыні. Памяць пра людзей мінулага, шанаванне традыцый і сёння даюць нам магчымасць не згубіць сябе, не знішчыць у сваіх сэрцах любоў да свету. Бо толькі спазнаўшы боль і горыч страты (усе мы рана ці позна непазбежна праз гэта праходзім), чалавек па-сапраўднаму пачынае цаніць жыццё – такое рознае, шматаблічнае, самае каштоўнае з усіх дароў на зямлі.
Вяд. 1. Дождж падае вонку прыцішаным звонам,
дождж льецца, дождж плача на шыбах аконных,
балючы стон ветру даносіцца з даляў,
і зоркі на небе нам ноч не запаліць.
У святынях сціх гоман малітваў нядзельных,
на могілках свечкі даўно дагаралі.
А ў краі, дзе думы маі безупынна,
чакаюць у хатах дзядоў на гасціну.
Да нас не забудзьце, прыходзьце, дзяды;
хопіць малітваў у мяне і яды
з сёлаў забытых, з лагчын і бароў,
і з наднямонскіх старых цвінтароў
У дом мой плывеце на святло агню,
вокны шырокія Вам адчыню;
гэдак прыходзьце як колісьці жылі,
весткі прыносьце з роднай зямлі.
Душу Вам вышлю насустрач сваю,
палкай малітваю Вас напаю,
сэрца маё каля Вашых магіл,
там, дзе сумуе мой край дарагі.
У вечар таемны, у поўначы час
з Божае волі чакаю на Вас;
разам мы просьбаў гарачы наш жар
слаць будзем шчыра прад Божы аўтар.
Сумна і пуста ў вокнах маіх,
ніхто не прыдзе сюды з жывых;
кругом пустыня, навокал цьма
над горнай прорвай стаю сама.
Будзем прасіць за тых, хто не забыў
ні роднай мовы, ні родных ніў.
Хто мёртвых уваскрошваў святою рукой,
той нас не пакіне ў хвіліне цяжкой.
Ларыса Геніюш “Дзяды”
Вяд. 2. Слова прадастаўляецца іерэю Дыянісію Папову.
/ выступленне іерэя Дыянісія Папова /
Вяд. 1. Няхай ніколі не згасае памяць пра нашых продкаў. Няхай яна будзе вечнай крыніцай натхнення і мудрасці, якую мы перададзім нашчадкам. Няхай яна застанецца святлом у нашых сэрцах, каб мы заўсёды памяталі пра свае карані і шанавалі спадчыну.
Вяд. 2. І няхай за акном ціха плача восень, проста яна развітваецца з намі на цэлы год. Адсумаваўшы разам з ёй, з палёгкай уздыхнем: асяніны – час роздуму і смутку – заканчваецца. Ідзе зіма, а з ёй – і новае жыццё.
Складальнік: намеснік дырэктара ДУК “Пружанская ЦБС” Аляксеева В.В.
Крыніцы.
- Дзяды. – Тэкст электронны // ВикипендиЯ : [сайт]. – URL : https://be.wikipedia.org.
- «Дзяды»: когда и как православные и католики поминают усопших. – Тэкст электронны // TOMIN.BY : [сайт]. – URL : https://tomin.by/news/belarus/5732-pravoslavnye-i-katoliki-segodnya-pominayut-usopshikh.
- Драбышэўская, І. Асяніны час роздуму і смутку / Ірына Драбышэўская // Родная прырода. – 2008. — № 11. – С. 20- 21.
- Мірончык, У. Дзяды : верш. – Тэкст электронны / Уладзімір Мірончык // Siru : [сайт]. – URL : http://www.sinyavokaya.ru.
- Міцкевіч, А. Дзяды : паэма / Адам Міцкевіч. – Мінск, 1999.
- Памазенка, Т. Святыя Дзяды, просім вас, хадзіце да нас…” : сцэнарый фальклорнага свята / Таццяна Памазенка // Роднае слова. — 2024. — № 11. — С. 77—82.
- Памазенка, Т. Сцежкамі народных свят : Дзяды / Таццяна Памазенка // Роднае слова. — 2024. — № 11. — С. 75—77.
- Пашкевіч, К. Тэма дня. Чым для нас ёсць Дзяды?. – Тэкст электронны / Кастусь Пашкевіч // TUT.BY : [сайт]. – URL : https://news.tut.by.
- Почему белорусы отмечают «Дзяды», что в этот день едят и ходят ли на кладбище?. – Тэкст электронны // TUT.BY : [сайт]. – URL : https://news.tut.by.
- Прыказкі і прымаўкі : у 2-х кн. / рэдкал. В.К. Бандарчык і інш.; склад., уступ. арт. і камент. М.Я. Грынблата. — Мінск : Навука i тэхнiка, 1976 Т. 2. — 1976. – 616 с.
- Хутка Дзяды: прыкметы і традыцыі старадаўняга свята?. – Тэкст электронны // Bsputnik.by : [сайт]. – URL : https://bel.sputnik.by.