Пружанская районная библиотека им. М.Засима

ГУК "Пружанская централизованная библиотечная система"

Вандроўка па Пружанскім краі

У студзені гэтага года наш Пружанскі раён адзначае сваё 85-годдзе з дня ўтварэння. Менавіта да гэтай юбілейнай даты, 11 студзеня ў філіяле “Ліноўская сельская бібліятэка” прайшло краязнаўчае падарожжа “Вандроўка па Пружанскім краі”. У час падарожжа дзеці з цікавасцю слухалі гісторыю нашага раёна. Пружанская зямля мае ўнікальныя старонкі гісторыі. Яна з’яўлялася вотчынай многіх уплывовых магнатаў і манархаў. Яна была і застаецца натхненнем для пісьменнікаў, паэтаў, мастакоў, музыкаў. На пружаншчыне нарадзілася шмат дастойных грамадзян сваёй краіны, нашчадкаў слаўных герояў, якія пакінулі прыкметны след у гісторыі не толькі Пружанскага раёна, але і Беларусі, і за межамі нашай рэспублікі.

Прысутныя пачулі аповед і пра тое, што не толькі Пружаны маюць гістарычную і культурную каштоўнасць. У кожнай мясцовасці ёсць свае ўнікальныя куточкі і знакамітыя на ўвесь свет людзі. Дзецям расказалі пра помнікі архітэктуры, пра такіх знакамітых людзей, як: Міхаіл Баброўскі, Францішак Карпінскі, Юзаф Крашэўскі, Рыгор Шырма, Міхась Забэйда-Суміцкі, Мікола Засім. Не абышлі ўвагай і знакамітыя мясціны нашага Ліноўскага сельсавета.

 У канцы падарожжа была прапанавана невялічкая віктарына, а таксама вучні маглі пазнаёміцца з кніжнай выставай “Мой родны край – часцінка вялікай Радзімы”.

Такое падарожжа дапамагло прысутным больш даведацца пра гісторыю і культуру нашай роднай Пружанскай зямлі.

А.М. Антончык  (загадчык філіяла “Ліноўская сельская бібліятэка”)          

Поделиться новостью:

Добавить комментарий