Гэтымі днямі народы Еўропы ды і ўсяго свету адзначаюць пяцідзесяцігоддзе з дня вызвалення вязняў Асвенціма — аднаго з найбольш жудасных канцлагераў фашысцкай Германіі. У Пружанах пражывае адзіны ў раёне вязень гэтага канцлагера пад нумарам 98987, якому пашанцавала застацца ў жывых, Юдэль Майсеевіч Ніцберг.
ВЯЗЕНЬ АСВЕНЦІМА
Наша даведка:
Асвенцім — горад у Польшчы (Кракаўскае ваяводства), паблізу якога ў другую сусветную вайну нямецка-фашыскія захопнікі стварылі (1940 г.) гіганцкі канцэнтрацыйны лагер, прызначаны для масавага знішчэння людзей. На шыбеніцах, у газавых камерах, крэматорыях, ад голаду і катаржных работ у ім загінулі звыш 4 мільёнаў чалавек з 28 краін свету, у асноўным з Польшчы і аку- піраваных раёнаў СССР.
Цяжкія выпрабаванні выпалі на долю людзей даваеннага пакалення, што аказаліся на захопленай гітлераўцамі тэрыторыі. Жудасны лёс напаткаў яўрэяў, народ, які стагоддзямі разам з беларусамі жыў на гэтай зямлі, любіў яе і лічыў сваёй радзімай.
Нават цяпер, праз паўстагоддзе, Юдэлю Майсеевічу нялёгка ўспамінаць аб тых поўных пакуты гадах, што давялося правесці яму ў фашысцкай няволі.
— Я — карэнны пружанец,- расказвае ён. — Тут жыў, працаваў цесляром мой бацька. 3 15 год я сам у якасці маляра стаў зарабляць на жыццё. Гітлераўскае нашэсце прынесла вялікае гора усяму насельніцтву, але асабліва яўрэям. У Пружанах акупанты стварылі яўрэйскае гета, якое займала цэнтральную частку горада, ўключаючы вуліцы Хватка (Леніна), Кобрынская, Астроўскага, Свабоды, Р. Шырмы. 3 дамоў, размешчаных на гэтай тэрыторыі, немцы выселілі мясцовых жыхароў у яўрэйскія дамы, а яўрэяў перасялілі ў іхнія. Наша сям’я складалася з шасці чалавек — бацька з маці, мяне з братам і дзвюх сясцёр.
28 студзеня 1943 года з чыгуначнай станцыі Аранчыцы быў адпраўлены ў фашысцкі канцлагер Аовенцім першы эшалон вязняў з Пружанскага гета. Фарміраваўся ён чатыры дні. Да чыгункі нас везлі фурманкамі, а там нас ужо чакалі таварныя вагоны, у якія людзей набівалі да адказу, бы селядцоў у бочкі — па 50-60 чалавек. Везлі нас двое сутак. Увесь гэты час дзверы не адчынялі. Вязням не давалі ні вады, ні ежы. Не выпускалі па патрэбах. Старыя, слабыя здароўем людзі не вытрымлівалі такіх здзекаў. Калі нарэшце вагоны адкрылі, то ў кожным было 5-6 трупаў.
На пероне вакзала нас сустрэлі эсэсаўцы з аўтаматамі. Усіх прыехаўшых пасартавалі на дзве групы — старых і дзяцей направа, маладых, здольных да працы — налева. I накіравалі спачатку на шэсць- тыдняў у „каранцін” непадалёку ад канцлагера. Каля пала віны вязняў тут загінула ад холаду і голаду. А потым у печах крэматорыя, які працаваў на тэрыторыі канцлагера, закончылі сваё жыццё і астатнія вязні той групы, дзе былі старыя і дзеці. Я, мой брат Есель і старэйшая сястра Гута трапілі ў другую трупу, якая складалася з моладзі. Перш чым загінуць, сястра пражыла ў лагеры яшчэ тры месяцы, а брат дажыў да 1944 года.
Канцлагер быў разлічаны на паступовае знішчэнне вязняў. Тут былі яўрэі і людзі іншых нацыянальнасцёй з усіх краін Еўропы.
Але, перш чым ператварыць людзей у попел, фашыстам хацелася ўдосталь над імі паздзеквацца. Менавіта для гэтай мэты лагер і быў створаны, бо ніякай прадукцыйнай працай вязні тут не займаліся.
Размяшчаліся мы ў бараках, на трох’ярусных нарах. Як толькі прывезлі ў лагер, кожнаму вязню выкалалі на руцэ нумар, які з гэтага часу замяняў яму прозвішча, імя. Выдалі паласатую рубашку, штаны, драўляныя апоркі, круглую шапку накшталт бярэта, шынель, тонкую коўдру.
У 6 гадзін раніцы трубілі пад’ём. На снеданне выдавалі па паўлітра кафейнага сурагату без цукру і хлеба. Потым усе 20 тысяч вязняў станавілася на паверку, якая працягвалася дзве гадзіны.
У 8 гадзін пад гукі музыкі ў нагу калонамі вязні адпраўляліся „на працу”. Каля варот лагера ў гэты час стаяла нямецкае начальства, міма якога мы прахо- дзілі „страявым” крокам па камандзе „смірна”, прьіціскаючы далоні рук да ног.
За лагерам пачыналася „праца”. Вязняў дзялілі на групы па 30-40 чалавек і прымушалі збіраць і пераносіць з аднаго месца на другое каменне, капаць, а потым засыпаць ямы і г.д.
У 12 гадзін быў абед. Давалі па аднаму літру так званага супу — баланды без тлушчу і хлеба.
Прыкладна ў 17 гадзін „рабочы дзень” заканчваўся. Нас зноў строілі на паверку. Гадзінамі мы павінны былі стаяць па камандзе „смірна” ў любое надвор’е — дождж, мароз, снег.
На вячэру выдавалі па 300 грамаў хлеба і па адной лыжцы павідла, якое часам замянялі кавалачкам маргарыну.
У 21 гадзіну давалася каманда класціся спаць. Захварэўшых вязняў адпраўлялі ў „бальніцу», адкуль ніхто назад не вяртаўся. Бо ў „бальніцы” не лячылі. Адтуль была адна дарога — у печ крэматорыя.
Фашыстам не ўдалося да канца ажыццявіць свае пачварныя намеры — поўнасцю знішчыць вязняў канцлагера. Савецкая армія граміла гітлераўцаў на тэрыторыі Польшчы. Прадчуваючы непазбежную расплату за свае зладзейскія ўчынкі, яны замітусіліся.
25 студзеня 1945 года мяне, як і іншых вязняў Асвенціма, з якімі не паспелі расправіцца, эвакуіравалі ў другі, не менш злавесны лагер Заксенхаўзен, а праз некалькі месяцаў павезлі далей на захад — на мяжу з Францыяй у лагер Бельзін-Бельзін. Тут 15 сакавіка 1945 года нас, нямногіх, што засталіся ў жывых, вызвалілі амерыканскія салдаты.
На гэтым мае пакуты не скончыліся. Доўгі час яшчэ я лячыўся ў шпіталі ад тыфу. Зноў выжыў. Калі паправіўся, заявіў аб сваім жаданні вярнуцца на радзіму. Так закончылася маё блуканне па пакутах, якое працягвалася больш як чатыры гады — два гады ў гета, два ў Асвенціме і тры месяцы ў іншых лагерах…
АБ’ЯДНАНЫМІ намаганнямі савецкага народа, народаў іншых краін свету гітлераўска Германія была разбіта. Нямецкі народ зрабіў належныя вывады з урокаў таго зневажання ў вачах міжнароднай супольнасці, у які паставіў яго гітлераўскі фашызм. Канула ў вечнасць і яго чырвоная разнавіднасць – сталінізм.
Але ідэалогія фашызму не выкаранена. Яна знаходзіць сабе спрыяльную глебу, як гэта ні дзіўна, у свядомасці некаторай часткі моладзі тых краін, якія больш за ўсё ад яго пацярпелі і якія нанеслі яму смяротны ўдар. Пагроза фашызму існуе. Таму мы не павінны забываць аб жахах Асвенціма і іншых фашысцкіх канцлагераў. Мільёны загінуўшых там страшэннай смерцю людзей заклікаюць нашчадкаў: „Будзьце пільнымі”.
Аляксандр Панюціч
Панюціч, А. Вязень Асвенцыма : [пра адзінага вязня з Асвенціма з Пружанскага раёна Юдэля Майсеевіча Ніцберга] / Аляксандр Панюціч // Раённыя будні, Пружаны. 1995. 4 лютага.