Мікалай Рыгоравіч Клімашэвіч (1910—1976), в. Комлішча Хараўскога сельсавета
Адметная акалічнасць: бацькі амаль усіх маіх аднагодкаў ваявалі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Многія з іх загінулі на франтах, многія памерлі ад ран пасля вызвалення. Да юбілейнага года Вялікай Перамогі дажылі нямногія. Мама кажа: «Ва ўсім гэтым вінавата вайна…»
Мой тата Мікалай Рыгоравіч Клімашэвіч памёр у 66 гадоў. Я ўпэўнена, калі б не пакуты і раненне, перанесеныя ў страшнае ваеннае ліхалецце, ён жыў бы намнога даўжэй: радаваўся б поспехам дачкі і сына, няньчыў унучку, чакаў з’яўлення на свет праўнукаў… Але на яго жыццёвым шляху стала вайна.
Адразу пасля вайны тата працаваў настаўнікам Смаляніцкай сямігадовай школы. Выкладаў ваенную справу, нямецкую мову, матэматыку і фізкультуру. Потым перайшоў у Міхалінскае лясніцтва. Памятаю, з якім задавальненнем ён расказваў нам, дзецям, пра сваю працу ў школе, пра розныя здарэнні ў лесе. А вось вайну ўспамінаць ён не любіў і не хацеў.
Калі расказваў, не мог стрымаць слёз. Мастацкія кінастужкі ваеннай тэматыкі заўсёды называў падманам, тому што «на самой справе на вайне ўсё было не так».
Ваенную біяграфію таты я ведаю па фотаздымках. Ён меў добрую звычку іх падпісваць. Амаль на кожнай пажаўцелай ад часу картачцы стаіць татаў роспіс і некалькі слоў на польской мове (цяпер паўсцёртых і часта невыразных) аб тым, дзе і з якой нагоды ён фатаграфаваўся. Вось фотаздымкі ў польской «падафіцэрскай школе» і школе публічнай, якую, згодна з пасведчаннем, тата закончыў пры дастатковых поспехах. Падабаецца мне здымак таты ў польской салдацкай форме: у 1939 годзе ён ваяваў з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў складзе польской арміі. Фотаздымак з двума сябрамі зроблены ў час яго знаходжання ў фашысцкай няволі ў Нямеччыне — у адным з баёў тата трапіў у палон. На ім сфатаграфаваны і Міхаіл Вечар, які, па словах бацькі, павесіўся, не вытрымаўшы здзекаў.
Тату нялёгка было расказваць пра голад і холад, якія прыйшлося цярпець у лагерах для ваеннапалонных.
— Аднойчы, — успамінаў ён той час, — мы знайшлі недзе галаву селядца і вырашылі зварыць яе разам з прыпасеным загаддзя, напалову сухім бульбяным шалупіннем. Але смак стравы быў такі, што яе не маглі прыняць нават згаладалыя страўнікі. Мы вымушаны былі выліць свой суп на зямлю…
Тата ведаў цану жыццю. Нават калі мы жылі ў дастатку, нікому не дазвалялася кінуць на зямлю хоць крошку хлеба…
У час палону, дзе разам з татам пакутавалі людзі многіх нацыянальнасцей, ён добра навучыўся французскай і нямецкай мовам. Потым гэта вельмі спатрэбілася яму ў рабоце.
Пасля вызвалення Мікалай Рыгоравіч Клімашэвіч быў мабілізаваны на фронт: у складзе 55-га стралковага палка (ёсць яго вайсковы фотаздымак з мандалінай) штурмаваў Кёнігсберг, дзе быў цяжка паранены. Гэты бой адбыўся ў сакавіку 1945 года. Тата лячыўся ў шпіталях больш чым месяц і ў родныя Комлішчы вярнуўся толькі ў лістападзе 1945-га.
У 1988 годзе мы з дачкой Ірынай ездзілі ў Калінінград на экскурсію, шмат хадзілі па месцах баявой славы. Я гаварыла дачцы: «Недзе тут пралілася кроў і твайго дзядулі Мікалая…»
Працавітасць, адданасць справе Мікалая Рыгоравіча ў час пасляваеннага аднаўлення разбуранай гаспадаркі былі такімі ж як адвага на фронце. Як самую дарагую сямейную рэліквію разам са шматлікімі фотаздымкамі я і цяпер старанна берагу татавы ўзнагароды: баявыя медалі «3а адвагу»,«3а баявыя заслугі», «За перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-45 г.г.», працоўныя — «За доблесную працу» у азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У.І. Леніна і «Ветэран працы».
А вось і пасляваенныя здымкі: тата з настаўнікамі і вучнямі роднай Смаляніцкай школкі, тата ў форме лесніка, з упаляванымі зайцамі…
З мамай — Еўдакіяй Мікітаўнай — Мікалай Рыгоравіч пазнаёміўся ў школе (яна працавала тут настаўніцай пачатковых класаў). Пажаніўшыся, яны некаторы час жылі па наёмных кватэрах: то ў Смаляніцы, то ў Асятніцы. Нарэшце, у 1958 годзе пабудавалі свой дом у Кабылаўцы. На калодзежы ў двары і цяпер значыцца выціснутая татавай рукой дата.
Ён быў гаспадаром, якіх пашукаць. Працавіты, старанны, увішны, сумленны. Усё ў нашым доме было зроблена яго рукамі. I цяпер нас радуе ўраджаем пасаджаны татам сад. Ён так прышчапіў яблынькі, што, напрыклад, адна галіна антонаўкі давала ўраджай у адзін год, другая — у другі. Суседцы, у якой не расло ні дрэўца, пасадзіў грушу. Яна доўга штогод частавала нас салодкімі пладамі…
Тата карыстаўся значным аўтарытэтам у аднавяскоўцаў. Яго вельмі паважалі, інакш як па бацьку — Рыгоравіч — не называлі. Адметна, што ён таксама ўсіх сваіх аднавяскоўцаў называў па бацьку, людзям такія паважлівыя адносіны вельмі падабаліся.
У памяці захавалася шмат малюнкаў, звязаных з татам: як мяне, яшчэ маленькую, ён нясе на плячах у клуб «на кіно», як у выхадныя, пабрыўшыся і апрануўшы святочны пінжак, уключае патэфон (бадай, на той час адзіны ў вёсцы) і слухае песні. Побач каля печы сядзіць бабуля Аляксандра Цітаўна і просіць уключыць «Уральскую рабіначку»… Зімой каля ўваходу ў нашу хату заўсёды стаялі тры венічкі: адзін для мамы — аббіваць снег з валёнак, другі — для таты і трэці, самы маленькі, — для нас з братам.
А яшчэ тата актыўна займаўся спортом. У нашым хатнім архіве ёсць нямала фотаздымкаў з розных спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы, у якіх ён удзельнічаў, і нават два спартыўныя кубкі — за перамогу ў іх.
Тата быў вельмі інтэлігентным чалавекам: шмат чытаў, заўсёды выпісваў і купляў цікавыя часопісы і кнігі. Многія з іх і цяпер захоўваюцца ў нашай хатняй бібліятэцы. Мы ніколі не чулі ад яго брыдкіх слоў. Яшчэ ён умеў прыгожа маляваць і, калі мама перайшла на працу ў бібліятэку, заўсёды дапамагаў ёй у афармленні розных выстаў, маляваў плакаты і насценгазеты. Мама кажа, што гэты яго талент перайшоў да мяне. А калі мне прысвоілі званне народного майстра, сумавала: «Шкада, што няма з намі таты. Вось парадаваўся б за поспехі дачкі. Ён бы табе і саломку для вязання нарыхтоўваў бы, і шнурочкі складаў бы для яе мацавання…»
Памятаю словы, якія тата ніколі не стамляўся паўтараць:
— Самае дарагое ў жыцці — гэта мір. Беражыце яго, дзеці!
Марыя КУЛЕЦКАЯ, г.Пружаны.
Кулецкая, М. Гэты дзень мы набліжалі, як маглі… : пра ветэрана вайны Мікалая Рыгоравіча Клімашэвіча (1910-1976), в. Комлішчы Хараўскога с/с / Марыя Кулецкая // Раённыя будні, Пружаны. 2011. 6 студзеня. С. 4.