Сцяпан Фаміч ЖУК (1918-2006), в. Плябанцы
Мой тата прайшоў франтавымі дарогамі з пачатку вайны да яе заканчэння. У той час, калі яго бацька і мой дзед Фама Канстанцінавіч Жук змагаўся з фашыстамі ў партызанскім атрадзе, Сцяпан Фаміч — у радах Чырвонай арміі ў Карэліі (перад вайной ён адбываў тэрміновую службу ў 12 кіламетрах ад граніцы з Фінляндыяй, якая, як вядома, была саюзніцай Германіі).
Тата часта расказваў нам, сынам, аб гадах сваёй баявой маладосці. Спачатку ён быў кавалерыстам. Потым полк перафарміравалі ў пяхотны, і Сцяпана Фаміча накіравалі ў групу палкавых разведчыкаў. Аднойчы, выконваючы чарговае даручэнне камандавання, ён заўважыў на дрэвах у лесе зробленыя варожымі разведчыкамі засечкі. Для камандавання гэта была важная даведка. Полк добра падрыхтаваўся да наступлення фінаў. Аднак бой быў вельмі цяжкім. У ім загінула шмат байцоў, жывыя мусілі адступаць. Пераходы перапыняліся жорсткімі баямі.
Тата часта ўспамінаў тры, як ён называў, смяротныя даліны, дзе загінулі многія яго таварышы. Забітым палічылі і Сцяпана Фаміча. Яго маці ў вёсцы Прылутчына атрымала пахавальную. Ля чыгуначнай станцыі Качкама на брацкай магіле загінуўшым тут воінам устаноўлены помнік, на якім ёсць і прозвішча нашага таты.
А насамарэч ён працягваў гераічна змагацца з ворагам. У 1944 годзе, калі Фінляндыя капітулявала, полк быў накіраваны да граніцы з Нарвегіяй. Тут таксама адбылося нямала крывавых баёў, з якіх радавы салдат Сцяпан Фаміч Жук і яго баявыя таварышы выйшлі пераможцамі. Тут татава вайна і закончылася. Але вярнуцца дахаты яму давялося яшчэ не хутка.
У 1946 годзе Сцяпана Фаміча са слязьмі на вачах сустракалі родныя, якія ўжо даўно яго аплакалі.
Потым ён ажаніўся на дзяўчыне з Плябанцаў. Ды тут і застаўся жыць.
Тата быў добрым сем’янінам, уважлівым, клапатлівым бацькам і мужам. Ен выхаваў двух сыноў, дачакаўся ўнукаў. Больш як 30 гадоў адпрацаваў у гаспадарцы саўгаса-тэхнікума: брыгадзірам і конюхам. Выбіраўся дэпугатам Пружанскага сельскага Савета…
Расказваючы нам пра вайну, тата не прамінаў паказаць свае баявыя ўзнагароды: медаль «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 г.г.» і рэдкі для нашых мясцін «За абарону Савецкага Запаляр’я». Яны з’яўляюцца сведчаннем яго гераізму і мужнасці, праяўленых у баях за мірную будучыню сваёй сям’і, сваёй Радзімы.
Уладзімір ЖУК, в. Плябанцы.
![]() |
![]() |
![]() |
НА ЗДЫМКАХ: 1-2. С.Ф. Жук напярэдадні вайны і ў 2004 годзе. 3. Старшыня Пружанскага сельвыканкама У.А. Яцкевіч віншуе С.Ф. Жука з Днём Перамогі.
Жук, У. Гэты дзень мы набліжалі, як маглі…: Сцяпан Фаміч Жук (1918-2006), в. Плябанцы / Уладзімір Жук // Раённыя будні, Пружаны. 2010. 14 жніўня. С. 4.