Пружанская районная библиотека им. М.Засима

ГУК "Пружанская централизованная библиотечная система"

Зброевы майстар

У Пружанах, па вуліцы Леніна жыве сціплы чалавек, былы падпольшчык, партызан Лявон Саламонавіч Майстар. Людзі старэйшага пакалення добра ведаюць яго. Цікава ўжо тое, што прозвішча Лявона Саламонавіча ўдала раскрывае ягоны воблік. У гэтага чалавека сапраўды залатыя рукі, вельмі здатныя да работы з металам.

Карэнны пружанец, Лявон Саламонавіч перад вайной працаваў вольнанаёмным механікам 3-га знішчальнага авіяцыйнага палка. У горадзе была сям’я: жонка, двое дзяцей, маці. І раптам вайна, акупацыя. Уся цэнтральная частка Пружан, уключаючы вуліцы Тармасава, Савецкую, Камуністычную, Кобрынскую, Леніна, аказалася агароджанай калючым дротам. Тут гітлераўцы ўтварылі гета, у якое сагналі яўрэйскае насельніцтва. Апынулася ў гета і сям’я Л.С. Майстра. Цяжкі напаткаў лёс гэтых вязняў. Мала хто з іх застаўся ў жывых. Адсюль вялі дарогі ў канцэнтрацыйныя лагеры. Загінула ў Асвенцыме і сям’я Майстра. Але нават тут, за дротам, людзі не скараліся, згуртоўвалі сілы для барацьбы з бязлітасным ворагам, які паставіў сваёй мэтай фізічна знішчыць яўрэйскае насельніцтва.

— У гета, — расказвае Л.С. Майстар, — была створана падпольная арганізацыя, якую ўзначаліў пекар мясцовай хлебапякарні Алтэп Файвушынскі. У яе радах было 17 чалавек.

Многа зброі пасля прайшоўшых баёў заставалася на палях. Немцы сабралі яе і захоўвалі на складах, што размяшчаліся ў раёне цяперашняй бальніцы, дзе зараз майстэрні саўгаса-тэхнікума. Падпольшчыкі, якім даводзілася там працаваць, выносілі зброю па частках і хавалі ў падвале аднаго з гарадскіх будынкаў. Тут, у гета, вельмі спатрэбілася ўменне Лявона Саламонавіча валодаць няхітрым падручным інструментам. З дэталей, розных сістэм і відаў зброі часта сапсаваных, паламаных Лявон Саламонавіч збіраў прыгодныя для бою аўтаматы, вінтоўкі, рэвальверы. З ліку найбольш рашучых смелых юнакоў фарміраваліся групы па тры чалавекі. Ім выдавалі зброю і накіроўвалі праз сувязных у лес, да партызан. Для гэтага знайшлі адно зручнае месца паміж двума дамамі, што стаялі ля граніцы гета. Калі вартавыя разыходзіліся ў супрацьлеглыя бакі, юнакі прапаўзалі паміж загадзя перарэзаны дрот і хаваліся на супрацьлеглым баку. Такім чынам удалося вывесці на волю 18 чалавек.

Уцяклі ў лес і самі падпольшчыкі. У Ружанскай пушчы сустрэліся з партызанамі.

Праз некалькі дзён пасля таго, як было знішчана гета, Лявон Саламонавіч і яшчэ некалькі партызан атрымалі загад — прабрацца ў Пружаны. Тут на месцы цяперашняга РКБА размяшчаўся маёнтак гітлераўскага чыноўніка Кнаўта: лесапілка, млын, майстэрня для часання воўны. У чыноўніка была пішучая машынка з нямецкім шрыфтам. Партызаны мелі загад яе забраць, а заадно і форменны мундзір. Кнаўта засталі ў пасцелі. Фашыст так разгубіўся, што з гатоўнасцю аддаў усё, што ад яго патрабавалі. Гэта была першая і найбольш памятная баявая аперацыя, у якой удзельнічаў Лявон Саламонавіч. Па заданню камандавання атрада імя Кірава, куды яго накіравалі, Лявон Саламонавіч хадзіў на сустрэчу з сувязнымі, удзельнічаў у нарыхтоўках прадуктаў для атрада. У хуткім часе партызаны даведаліся аб яго майстэрстве. Справа, якую яму даручылі, была не менш адказнай, чым непасрэдны ўдзел у баявых аперацыях, — рамонт, зборка зброі. Толькі ўмелыя рукі, багатая тэхнічная фантазія Лявона Саламонавіча былі здольны на такое цуда. Зброя на вайне цэніцца даражэй нават за хлеб. І таму ўдзячнасць партызан умеламу майстру была сардэчнай. Сведчыць аб гэтым віншавальная паштоўка, дасланая Лявона Саламонавічу ў сувязі з сямідзесяцігоддзем яго паплечнікам, былым сакратаром Ружанскага падпольнага райкома камсамола Сямёнам Дурэйкам. Пасля традыцыйных пажаданняў здароўя, доўгіх гадоў жыцця, там ёсць такія радкі:

«Вельмі характэрна, што адрамантаваная Вамі зброя бязлітасна паражала ворагаў у руках мужных, гераічных партызан у глыбокім тыле ворага. Ад імя камсамольцаў-падпольшчыкаў і партызан дзякуй Вам за барацьбу, за працу і справы, якія Вы ўнеслі ў Перамогу над германскім фашызмам – злейшым ворагам чалавецтва!”

А вось яшчэ адзін дакумент – характарыстыка, падпісаная сакратаром Брэсцкага антыфашысцкага камітэта і камісарам брыгады імя Панамарэнкі Кузьмой (псеўданім М.Е. Крыштафовіч): “Майстар Лявон Саламонавіч, 1912 года нараджэння, у партызанах з лютага 1943 года. З дня паступлення ў атрад імя Кірава вельмі многа зрабіў для ўзбраення партызан тым, што дарабляў часткі да ўсіх відаў зброі, у тым ліку ПТР. Рамантаваў зброю не толькі для партызан нашай брыгады, але і для Беластоцкіх брыгад, усіх праходзячых груп. Да работы адносіўся з усёй адказнасцю. Працаваў, калі патрабавалася, без адпачынку па некалькі сутак за самаадданую работу тав. Майстар прадастаўлены да ўрадавай узнагароды”.

Гэты дакумент падпісаны 24 ліпеня 1944 года, праз некалькі дзён пасля вызвалення Пружаншчыны ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. Не толькі зброю рамантаваў у партызанскім атрадзе Лявон Саламонавіч. Прымаў ён удзел і ў выпуску партызанскай газеты “За Радзіму”. Напрыклад, 31 мая 1944 года перадавы артыкул газеты “Перад пачаткам штурма” быў ілюстраваны карыкатурай на Гітлера. На ёй варажбітка прадказвае фюрэру: “…А ў 1944 годзе пана чакае шбеніца”. Клішэ выразаў з гумы для партызанскай газеты Л. С. Майстар.

Закончылася вайна. Трэба было аднаўляць разбураныя гарады і вёскі. Вялікім быў попыт на працавітыя, умелыя рукі. Лявон Саламонавіч удзельнічаў у аднаўленні мясцовай электрастанцы, працаваў загадчыкам слясарнай майстэрні. Аднойчы ў час службовай камандзіроўкі ў Мінску сустрэўся з былой жыхаркай Пружан Нібошчык Фаінай Пятроўнай, якая ў хуткім часе стала яго жонкай. Цяпер Лявон Саламонавіч персанальны пенсіянер. Але не можа сядзець без справы ветэран. Яго ўмелыя рукі і цяпер патрэбны людзям. Што і казаць – у пружанскіх магазінах не надта багаты выбар бытавой тэхнікі. Так што попыт на добрых спецыялістаў сваёй справы вялікі.Даўно дарослымі сталі дзеці, выраслі ўнукі. Пазнаёміліся мы з праўнукам Лявона Саламонавіча чатырохгадовым Барысам, які запэўніў нас, што дзеда любіць больш за ўсіх, і ахвотна згадзіўся сфатаграфавацца. Падрасце Барыс і будзе па праву ганарыцца сваім прадзедам, які пражыў поўнае нягод, цяжкасцей, але такое цікавае, багатае падзеямі жыццё. Многа карыснага зрабіў для людзей, Радзімы.

 Панюціч, А. Зброевы майстар : [пра лёс Лявона Саламонавіча Майстра – былога падпольшчыка, партызаны, быў у Пружанскім гета] / А. Панюціч // Зара камунізму. 1989. 15 ліпеня. С. 1, 2.

Поделиться новостью:

Добавить комментарий