З Пружан – у Пружаны праз Асвенцім і Тэль-Авіў
Людзі, як і птушкі, час ад часу вяртаюцца ў гнёзды свае. Праз 60 год прыехалі на радзіму з далёкага Ізраіля, каб пакланіцца зямлі, па якой некалі хадзілі бацькі, і роднай хаце, у якой нарадзіліся і выраслі, Барыс Раўніцкі і Беба Эпштэйн са сваімі, ужо дарослымі, дзецьмі.
ГАДЫ НЕ ЗДОЛЕЛІ сцерці памяць. Барыс адразу знайшоў вуліцу Шарашоўскую (цяпер Тармасава) і невялікі дом (тады ён знаходзіўся пад нумарам 1) у завулку Тармасава, яго родны дом. Стаў на калені на зямлю, якая так часта мроілася яму з яго далека, і заплакаў.
У 1942 годзе тры тысячы яўрэўяў Пружан і ваколіц горада былі сагнаны ў толькі што створанае фашыстамі гета. Агароджаная капючым дротам тэрыторыя з усіх вуліц, якія да яе вялі, зачынялася брамамі. Адна з такіх брам была непадалёку ад Белых лавак. 19-гадовы Барыс — Борух ці Берл, як яго яшчэ называлі родныя, часта стаяў ля гэтай брамы з думкамі пра свабоду і сваю няспраўджаную маладосць.
Ці спадзяваўся ён тады, што, вытрымаўшы ўсе кругі пекла, вернецца на гэтую зямлю?
ЯЎРЭІ ГЕТА, як маглі, падтрымлівалі адзін аднаго. Гэта давала сілы і надзею. Але надыйшоў марозны студзень 1943 года. I на чыгуначную станцыю ў Аранчыцы прыйшлі чатыры эшалоны. Людзей сагналі сюды і пагрузілі ў вагоны, як жывёлу.
Сярод многіх знаёмых і суседзяў Барыса Раўніцкага былі яго бацька з маці і дзве сястры. А ў чацвёртым эшалоне ехала Беба Эпштэйн…
Яны ехалі тры дні і тры ночы — без ежы, без вады. Многія паміралі, не вытрымаўшы пакут. Жывыя вымушаны былі стаяць на трупах, таму што адысці не было магчымасці.
—Да цяперашняга часу немагчыма ўцяміць, што чалавек такое можа вытвараць супраць чалавека, — абураецца пад уладай успамінаў Барыс Раўніцкі.
Але ці мог тады думаць 20-гадовы юнак, што наперадзе яго чакаюць яшчэ больш страшныя выпрабаванні?
Эшалон спыніўся пад польскім Кракавам. Аўшвіц – Асвенцым – першы канцэнтрацыйны лагер, які крывёю высвечвае памяць старога Раўніцкага. У Аўшвіцы была «селекцыя»: маці з сёстрамі аддзялілі ад мужчын. I, як аказалася потым, назаўсёды. Газавыя камеры працавалі бесперапынна. Неўзабаве забралі і бацьку. За час пераездаў ён зусім аслаб. А фашысцкаму рэйху рабы патрэбны былі дужыя і здаровыя.
—Божа мой, божа мой, — трымаецца за сэрца Барыс Раўніцкі.
Потым быў канцлагер у Аўстрыі. За ім — Равенсбрук, Маўтхаўзен… Пад нумарам 90909 значыўся яўрэй Раўніцкі, пад нумарам 33954 — Беба Эпштэйн з Пружан. I, здавалася, наперадзе толькі смерць. Але вясна 45-га апярэдзіла яе. Вароты канцэнтрацыйнага лагера перад знясіленымі вязнямі адчынілі амерыканцы.
Барыс важыў тады толькі 43 кілаграмы. Але ці ж гэта было галоўнае? Ён вытрымаў, выжыў і хутка — дадому! Але ў органах НКУС Раўніцкаму прыйшлося вытрымаць яшчэ адну «сарціроўку». У выніку замест роднай Беларусі ён атрымаў накіраванне на работу ў Данбас, на шахты.
— Гэта было раўнасільна смерці. Які з мяне быў работнік?
Каб не трапіць на шахты, ён уцёк у Венгрыю. Потым некаторы час жыў у Аўстрыі. Пакуль канчаткова не пераехаў у Ізраіль.
Там ажаніўся на жанчыне, як і сам, з нумарам на руцэ. Ёй было ўсяго дзесяць гадоў, калі фашысты расстралялі бацьку з маці…
Вайну ў гэтай сям’і ведалі не па кнігах і кінафільмах… Непадалёку ад Раўніцкіх у Тэль-Авіве ўвесь гэты час жыла сям’я дарагой зямлячкі Бебы Эпштэйн.
—Для мяне яна, як сувязь з радзімай, — разважае Барыс. — Бывала, паразмаўляем, паўспамінаем і быццам пабываем у сваіх Пружанах.
ПРЫЕХАЦЬ на радзіму яны збіраліся і раней.
—Але кожны раз жонка не пускала, — баялася за маё сэрца, — разважае Раўніцкі. —Цяпер жонкі няма, і я — вось тут…
Ён радуецца сустрэчы з Пружанамі, як малое дзіця. Невысокага росту, рухавы, імклівы, то на рускай мове гаворыць, то міжволі пераходзіць на стаўшым больш прывычным і родным ідзіш.
Яму пашанцавала больш, чым Бебе. I дом цэлы, і вуліца. А вось сядзіба Эпштэйнаў была акурат у тым месцы (па вуліцы Савецкай), дзе цяпер будуецца новы дом.
НА ЗДЫМКАХ: Барыс Раўніцкі, Беба Эпштэйн і яе сын; лагерны нумар на руцэ — вечная горкая памяць; у цяперашніх Пружанах цяжка арыентавацца наваг па плане горада; Барыс з дачкою ў завулку Тармасава, ля былога роднага дома.
Фота Мікалая КОЛАША.
—Яе бацька быў уладальнікам аптэкі. Не ведаеце вы часам такога прозвішча?— дапытваецца Раўніцкі і зноў раз-пораз ківае галавой. — Змяніліся Пружаны, вельмі змяніліся. Такая вялікая вакол будоўля!..
Даведаўшыся, якое свята мае адбыцца ў горадзе, шчыра шкадуе:
—Каб ведалі мы аб гэтым, на месяц адклалі б сваю паездку.
Сын з дачкою весела смяюцца ў адказ. Дзеці не ведаюць бацькоўскай мовы, але радуюцца за бацьку, таму што бачаць, як радуецца ён ад сваей сустрэчы з радзімай.
ЗАЎТРА ўсе яны будуць у Кракаве, дакладней, у Аўшвіцы. Там, у былых бараках канцэнтрацыйнага лагера, створаны музей, у якім, як даведаўся Раўніцкі, у якасці экспанату захоўваецца і тая брама з пружанскага яўрэйскага гета, ля якой ён стаяў больш чым 60 год таму.
—Я хачу да яе дакрануцца, — стары яўрэй, закрывав вочы і зноў прыціскае руку да сэрца….
Хадаровіч, А. З Пружан – у Пружаны праз Асвенцім і Тэль-Авіў / Анна Хадаровіч // Раённыя будні, Пружаны. 2003. 23 жніўня. С. 5.