Пружанская районная библиотека им. М.Засима

ГУК "Пружанская централизованная библиотечная система"

Казкі Кніжнай Феі

На абанеменце дзіцяча-юнацкага аддзела ЦРБ імя М. Засіма аформлена кніжная выстава “Казкі Кніжнай Феі”, якая знаёміць з творчасцю Кацярыны Хадасевіч-Лісавой.

«Пісьменніцкая праца – гэта стан душы, лад жыцця, унутраны сусвет», – так лічыць вядомая беларуская пісьменніца, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі, лаўрэат прэміі часопіса «Вясёлка» імя Васіля Віткі, аўтар шматлікіх кніг для дзяцей, педагог Кацярына Станіславаўна Хадасевіч-Лісавая.

Кацярына Станіславаўна не проста пісьменніца, яна жыве ў кожнай сваёй кнізе, бо яна — Кніжная фея, якая прыдумвае розныя неверагодныя, прыгодніцкія, фантастычныя гісторыі. Яе персанажы: іншапланетны хлопчык Вухуцік, лісачка Красуня, вясёлы Падабайка, Ліловы цмок, Змрочны птах і іншыя казачныя героі, вельмі падабаюцца дзецям.

Кацярына Станіславаўна лічыць, што казкі вучаць быць добрымі, адказнымі, шчырымі і спагадлівымі, вучаць любіць і шанаваць сваё роднае, дараваць крыўды, берагчы сяброўства, радавацца за іншых.

«Кніга – гэта надзейны сябра, добрая кампанія, каштоўны скарб, незвычайны Сусвет… Зычу вам сябраваць з ёю, адкрываць для сябе і сваіх сяброў дзівосны свет чытання, разважаць над прачытаным, рабіць высновы, вучыцца на досведзе герояў, не расставацца з кнігай ніколі», – раіць усім пісьменніца.

Н.С. Купрэева (бібліятэкар дзіцяча-юнацкага аддзела ЦРБ імя М. Засіма)

 

Поделиться новостью: