• Чт. Ноя 21st, 2024

Пружанская районная библиотека им. М.Засима

ГУК "Пружанская централизованная библиотечная система"

Квэст па беларускай літаратуры “Кніжныя героі запрашаюць”

Скачать здесь

(удзельнікаў гульні сустракае вядучая)

Вяд. Добры вечар, госці дарагія! Сёння свята ў нас вялікае, сёння беларускія кніжныя героі вырашылі з вамі сустрэцца і паіграць. Надакучыла ім у кніжках хавацца, вырашылі яны ў свет выйсці, сябе паказаць ды і вас заадно пацешыць. Кожны з гэтых герояў лічыць сябе самым-самым, таму і заданні для вас падрыхтавалі яны самыя-самыя… не, не цяжкія, а самыя-самыя цікавыя. З пяццю героямі вы пазнаёміцеся. І пяць заданняў вы павінны выканаць і атрымаць жэтон. Калі пяць жэтонаў у вас будзе, спяшаецеся да мяне за прыемным падарункам. Гульня пачынаецца! Поспехаў вам!

“Пляцоўка Найпрыгажэйшай”

(удзельнікаў квэста сустракае Бандароўна)

Бандароўна: Вітаю вас! Ці пазналі вы мяне? Ці пазналі самую прыгожую гераіню беларускіх кніг? (удзельнікі гульні адказваюць) Тады паслухайце, як апісваў мяне аўтар.

Хараства такога ў свеце

Не было, не будзе;

Аб ёй людзі гаварылі,

Як аб нейкім цудзе.

 

Як маліны, яе губкі,

А твар; як лілея,

Як дзве зоркі, яе вочы.

Гляне – свет яснее.

 

З плеч сплываюць яе косы,

Як бы сонца косы,

І іскрацца, як на сонцы

Брыльянцісты росы.

 

Рост высокі, стан павабны,

Ўся, як цень, павеўна,

Як ідзе яна, бывала, —

Набок каралеўна!

Так хто я? Здагадаліся? (удзельнікі гульні адказваюць) Я – Бандароўна, галоўная гераіня аднайменнай паэмы Янкі Купалы. І заданне у мяне для вас зусім нескладанае. Скласці пазл майго партрэта. Пачынайце! (удзельнікі складваюць пазл) Трымайце жэтон (Бандароўна аддае ўдзельнікам гульні жэтон). Спяшайцеся за наступнымі. Лёгкіх вам заданняў!

“Пляцоўка Найдабрэйшага”

(удзельнікаў квэста сустракае дзядзька Антось)

Дзядзька Антось: Добры вечар, даражэйшыя! Рад сустрэчы! Рад! Я самы найдабрэйшы сярод кніжных герояй. Хто я? (удзельнікі гульні адказваюць) Калі не пазналі, паслухайце пра мяне.

Ён невысок, не надта ёмак,

Ды карчавіты і няўломак,

А волас мае цёмна-русы,

І зухаўскія яго вусы

У меру доўгі, густаваты,

Угору чуць канцы падняты;

А вочы шэры, невялічкі,

Глядзяць прыветна, як сунічкі,

Але раптоўна і адразу

Не расчытаеш іх выразу:

То смех, то хітрасць з іх бліскае,

То дабрата, але якая!

Пазналі мяне? (удзельнікі гульні адказваюць) Я – дзядзька Антось з паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”. І вось, што яшчэ пісаў пра мяне аўтар.

Што ні замысліць, то ўсё зробіць,

І так прыгоніць, так аздобіць,

Што і для вока нават міла.

І ўсё выразна гаварыла,

Што ён не толькі гаспадар,

Але й прыроджаны штукар,

Якіх на свеце не так многа.

Я сапраўды люблю працаваць і таму прапаную вам мне дапамагчы і перабраць фасолю. Каляровую аддзяліць ад белай. Удачы! (удзельнікі гульні перабіраюць фасолю) Трымайце жэтон (дзядзька Антось аддае ўдзельнікам гульні жэтон). Спяшайцеся далей, працавітыя вы мае.

“Пляцоўка Наймудрэйшай”

(удзельнікаў квэста сустракае бабка Мар`я)

Прывітанне! Падыходзьце, калі ласка да мяне! Хоць я і знахарка, але зла нікому не раблю. Ці пазналі вы мяне? (удзельнікі гульні адказваюць) Аб маім знахарстве ўсюды кажуць: у Хатовічах, у Малкавічах, у Ганцавічах – усюды! Нават з-пад самага Пінска прыходзяць і прыязджаюць. Навучылася я шаптаць і людзям дапамагаю. Так хто я? (удзельнікі гульні адказваюць) Я – бабка Мар`я з рамана Якуба Коласа “На ростанях”. Шмат я ведаю прыказак і прымавак. А гэта народная мудрасць, якой я з вамі хачу падзяліцца. Але штосьці разгубілася я і пераблытала пачатак і канец прымавак (бабка Мар`я паказвае на надрукаваныя паперкі з пачаткамі і канцоўкамі прымавак). Дапамажыце мне, калі ласка. Складзіце прымаўкі правільна (удзельнікі гульні злучаюць прымаўкі)

Прымаўкі: Сам харош, (а розуму ні на грош);

Ліхі чалавек і за лучыну (знойдзе прычыну);

Хто многа гаворыць, (той мала робіць);

Чорную душу (і залаты язык не схавае);

Кепскае адразу відаць, (а добрае ўбачыць трэба).

Трымайце жэтон (бабка Мар`я аддае ўдзельнікам гульні жэтон). Народнай мудрасці вы пазналі, мудрэй павінна сталі. Далей рушце, смялей!

“Пляцоўка Найсумнейшай”

(удзельнікаў квэста сустракае Галя)

Падыходзьце да мяне, госці дарагія! Раскажу я вам сваю сумную гісторыю. Як любіла я сільна-сільна, але выйшла замуж за нялюбага і жыла з ім на хутары. Шмат працавала, але шчасця так і не спазнала. Хто пазнаў мяне? (удзельнікі гульні адказваюць) Вось як апісаў мяне аўтар:

“Прыгожай, спраўнай вырастала. Бровы – шнурочкам, вялікія карыя вочы, маленькій спрытныя рукі і лёгкія ножкі. Чырвоная хусцінка з вышытамі над ілбом пшанічнымі каласамі. А пойдзе ў танец – пастой ды паглядзі!”.

Вось такая я. Ці здагадаліся цяпер хто я? (удзельнікі гульні адказваюць) Я – Галя з аднайменнага апавядання Янкі Брыля. І шчасце для мяне не ў багацці і не ў грошах. А ў тым, каб кожны пражыты дзень быў напоўненым радасцю ад прысутнасці любімага чалавека. Без якога цяжка ці проста немагчыма жыць. Таму і для вас я падрыхтавала заданне, звязанае з каханнем. Давайце ўспомнім разам самых вядомых беларускіх кніжных закаханых. Паглядзіце (Галя паказвае надрукаваныя лісткі з імёнамі кніжных герояў), на гэтых лістах імёны закаханых. Вы павінны злучыць іх правільна. Пачынайце.

Паўлінка – Якім (камедыя “Паўлінка” Я. Купала),

Ядвіся — Андрэй Лабановіч (раман “На ростанях” Я. Колас),

Галя – Сярожа (апавяданне “Галя” Я. Брыль),

Ганна Чарнушка – Васіль Дзяцел (раман “Людзі на балоце” І. Мележ),

Саша Траянава – Пятро Шапятовіч (раман “Трывожнае шчасце” І. Шамякін),

Вольга Ляновіч – Алесь Шпак (аповесць “Гандлярка і паэт” І. Шамякін).

Трымайце жэтон (Галя аддае ўдзельнікам гульні жэтон). Прыемных вам уражанняў і дзён, напоўненых каханнем.

“Пляцоўка Найвесялейшага”

(удзельнікаў квэста сустракае Самсон Самасуй)

Калі ласка да мяне! Весялей! Весялей! Я самы вясёлы герой з усіх. Люблю пажартаваць і разыграць каго-небудзь. Праўда потым сам ад гэтага пакутую. Так з якой я кнігі? (удзельнікі гульні адказваюць) Калі не здагадаліся, тады яшчэ паслухайце: 

“Я скажу ўсім, хто гэтага пачаў-бы дамагацца, што я — сучасны чалавек. Я з мужыкоў. Мой бацька, дзед, прадзед, прапрадзед, прапрапра… і г.д. усе былі мужыкамі. Я надзвычайна гарды тым, што маю мужыцкі твар і асабліва нос у форме бульбы. У залежнасці ад гэтага і розум мой ёсць розум выразна мужыцкі. Мне могуць сказаць, што няма такой катэгорыі, як мужыцкі розум, а я скажу, што ў мяне толькі такі і ёсць. Яшчэ пра сябе скажу, што іншы раз я вельмі абураны ангельскімі імпэрыялістамі, здаецца, горла ім перарэзаў бы, а ў другі раз салодка мару аб прынадах буржуазнага жыцця. Так салодка мару, што пасля і самому сорамна робіцца. Нават чырванею. Мой лепшы сябра, настаўнік Мамон, жартуючы кажа:

— У цябе ўсё мужыцкае, а пуза панскае!”.

І хто ж я? (удзельнікі гульні адказваюць) Я – Самсон Самасуй з рамана Андрэя Мрыя “Запіскі Самсона Самасуя”. А вось мне цікава, якія яшчэ вясёлыя беларускія творы вы ведаеце. Зараз пабачым. Я буду называць назву твора, а вы ўспамінаць аўтара. Пачынаем!

  1. Трагікамедыя “Трыбунал” (Андрэй Макаёнак);
  2. Камедыя “Паўлінка” (Янка Купала);
  3. Камедыя “Хто смяецца апошнім?” (Кандрат Крапіва);
  4. Камедыя “Выбачайце, калі ласка!” (Андрэй Макаёнак);
  5. Трагікамедыя “Тутэйшыя” (Янка Купала);
  6. Байка “Дзед і баба” (Кандрат Крапіва);
  7. Камедыя “Амністыя” (Мікола Матукоўскі);
  8. Байка “Дыпламаваны Баран” (Кандрат Крапіва).

Трымайце жэтон (Самсон Самасуй аддае ўдзельнікам гульні жэтон). Павесялілісь разам і хопіць. Крочце далей, даражэнькія.

Вяд.:  Вось і завяршылася ваше знаёмства з беларускімі кніжнымі героямі. Усе жэтоны сабралі? (удзелінікі гульні паказваюць свае жэтоны і атрымліваюць падарункі) Віншую вас, знаўцы беларускай літаратуры, з паспяховым праходжаннем квэста! Добрых вам кніг і пабольш прыемных часін за чытаннем!

Склад.: нам. дырэктара ДУК “Пружанская ЦБС” Алексеева В. В.

Спіс літаратуры:

  1. Брыль, Я. Збор твораў. У 10 т. Т. 1. Апавяданні і лірычныя замалёўкі, 1937-1966 / Янка Брыль ; падрыхт. тэкстаў і камент. А. Шамякінай ; прадм. М. Тычыны ; Нац. акад. навук Беларусі, Цэнтр даслед. беларус. культуры, мовы і літ. НАН Беларусі, Інст-т літаратуразнаўства імя Янкі Купалы. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2018. – 622 с. : іл.
  2. Колас, Я. На ростанях : трылогія / Якуб Колас. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2019. – 655 с.
  3. Колас, Я. Новая зямля : паэма : для сярэд. і ст. шк. узросту / Якуб Колас ; прадм. М. Мушынскага. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2012. – 333 с. – (Бібліятэка школьніка).
  4. Купала, Я. Вершы. Паэмы. П’есы / Янка Купала. – Мінск :  Харвест, 2007. — 703с. — (Б-ка союза писателей Беларуси).
  5. Мрый, А. Запіскі Самсона Самасуя : раман / Андрэй Мрый. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2006. – 111 с.
Поделиться новостью: