Мне вельмі падабаецца вывучаць гісторыю свайго пасёлка, дэталёва збіраць звесткі з мінуўшчыны. I чым больш я пазнаю аб мінулым Шарашова, тым больш ганаруся сваёй малой Радзімай. Мяне вельмі ўсхвалявала адна гісторыя, якая адбылася ў часы Вялікай Айчыннай вайны…
Здарылася гэтая страшная трагедыя марозным зімовым днём 24 снежня 1942 года і забрала жыцці 28 чалавек з Шарашова і навакольных вёсак. Так фашысты адпомсцілі за знішчэнне партызанамі нямецкай аўтамашыны і чатырох гітлераўцаў. У якасці заложнікаў па прапанове мясцовых паліцаяў вырашылі выкарыстаць актывістаў Савецкай улады. Таму сярод загінуўшых былі жыхары не толькі пасёлка, але і Купічаў, Шанёў. Людзей на вазах звозілі ў пасёлак, дзе размясцілі ў адным з хлявоў. Да апошняга людзі спадзяваліся, што гэта не расстрэл, што іх збіраюць, каб вывезці на прымусовыя работы ў Германію.
Сярод схопленых фашыстамі часта былі людзі з адной сям’і. Так былі растраляны муж і жонка Малышкевічы і іх старэйшая дачка Вера. На руках у бабулі, якая неўзабаве таксама памерла ад такога гора, засталіся чацвёра дзяцей ад двух да 14 гадоў. Аб дзецях клапаціліся старэйшая сястра Марыя, дапамагалі суседзі.
Расстрэл адбыўся раніцай 24 снежня. Маладых хлопцаў, якія жылі на вуліцы Пружанскай, фашысты прымусілі выкапаць яму на ўскрайку пасёлка. Арыштаваных пагрузілі на машыну і павезлі да месца пакарання. Па дарозе на адным з паваротаў машына знізіла хуткасць і некалькім чалавекам удалося выскачыць на хаду. Пашанцавала Аляксандру Галышку, Канстанціну Чатырку і Кукішу (імя невядома). Людзі спрабавалі ратавацца ўцёкамі да блізкага лесу і з месца пакарання, але фашысцкія кулі даганялі іх. Чатыры чалавекі былі пахаваны ў асобнай магіле побач з лесам. Сярод іх была Марыя Няхода, якая спрабавала пераканаць салдатаў з расстрэльнай каманды у тым, што яны мірныя жыхары.
Адной жанчыне ўдалося дабегчы да Купічаў, але яе выдаў мясцовы здраднік. Фашысты зноў яе арыштавалі, некалькі дзён пратрымалі ў турме ў Шарашове і расстралялі ў паўкіламетры ад апошняй хаты па вуліцы Зарэцкай. Сваякі пазней перапахавалі яе астанкі на праваслаўных могілках.
Пасля вызвалення пасёлка ад захопнікаў летам 1944 года брацкую магілу раскапалі. Людзі спадзяваліся апазнаць сваякоў і перапахаваць іх па-хрысціянску. Сваіх жонак апазналі Галышка і Кукіш. Яны былі пахаваны на каталіцкіх могілках.
На месцы расстрэлу зараз устаноўлены помнік ахвярам фашызму. Аб некаторых людзях, загінуўшых у гэты дзень, няма ніякіх звестак, акрамя прозвішчаў. Але кожны з іх жадаў жыць! I цяпер да месца пахавання ахвяр гітлераўцаў прыходзяць людзі, каб ускласці кветкі, падумаць аб вечным…
Гэтую гісторыю нашы школьнікі запісалі па ўспамінах жыхароў пасёлка.
Ванюк, Н. Кожны з іх жадаў жыць : пра помнік ахвярам фашызму ў Шарашова / Наталля Ванюк // Раённыя будні. Пружаны. 2014. 15 студзеня. С. 6.