Вяд. Мой шлях абмінае густыя лясы,
Высокія замкі і вежы.
Спакою не ведаць, карон не насіць
І Госпаду толькі належаць —
Раскоша! Кілім верасовы і ноч,
І райскія птушкі шчабечуць.
І што мне да нечых спалоханых воч,
Да брыдкіх страсцей чалавечых?
Я — песня. Аднойчы замоўкнуць — не жыць.
Гукну — і сусвет адгукнецца.
І з неба крынічкай вясёлка збяжыць,
І ў камні загрукае сэрца…
урывак з верша “Пясняр”
Добры дзень, прыхільнікі беларускай літаратуры! Сёння мы бліжэй пазнаёмімся з вамі з майстрам гістарычна-містычных сюжэтаў, паэткай Людмілай Рублеўскай. 5 ліпеня споўніцца 60 гадоў з дня яе нараджэння. Людміла Рублеўская адна з найбольш вядомых пісьменніц сучаснай Беларусі. Пра яе кажуць, што яна прадаўжальніца справы пачатай Уладзімірам Караткевічам. Аўтар больш трыццаці кніг розных жанраў — паэзія, проза, драматычныя творы, эсэ, крытыка. Людміла Рублеўская з’яўляецца ўладальнікам вялікай колькасці літаратурных прэмій і ўзнагарод.
Нарадзілася Людміла ў г. Мінску ў сям’і служачых. Сярэднюю школу скончыла з адзнакай. Наведваць бібліятэкі і складаць вершы пачала ў раннім дзяцінстве: “Маці запісвала за мной вершы яшчэ тады, калі я не ўмела пісаць… Потым я пачала запаўняць агульны жоўты сшытак сама…”.
/ урывак з відэароліка “Rubleuskaya” (дзяцінства Людміла) /
У 1984 годзе скончыла Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум (аддзяленне архітэктуры) і на працягу двух гадоў працавала тэхнікам-архітэктарам на заводзе “Гарызонт”, дзе афармляла працоўныя інтэр’еры.
/ урывак з відэароліка “Rubleuskaya” (Людміла Рублеўская раскавае аб тым, чаму вырашыла паступаць менавіта ў гэты тэнікум) /
Як літаратар Людміла Рублеўская пачынала з паэзіі – спачатку на рускай мове, а потым, пад уплывам беларускіх класікаў Уладзіміра Караткевіча і Максіма Багдановіча – на беларускай. Першая публікацыя – верш у мінскай газеце “Знамя юности” у 1983 годзе.
У 1986-1987 гадах Людміла вучылася на аддзяленні паэзіі Літаратурнага інстытута ім. А. М. Горкага ў Маскве, дзе і пазнаёмілася са сваім будучым мужам, паэтам Віктарам Шніпам. 24 ліпеня 1987 года яны ажаніліся і разам вярнуліся ў Беларусь. Людміла Рублеўская перавялася на беларускае аддзяленне філфака Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
/ урывак з відэароліка “Rubleuskaya” (каханне Ларысы Рублеўскай і Віктара Шніпа) /
Пасля заканчэння ўніверсітэта ў 1994 годзе Людміла Рублеўская працавала ў многіх месцах — літаратурным кансультантам у “Народнай газеце”, рэдактарам аддзела крытыкі часопіса “Першацвет”, у газетах “Наша слова”, “Літаратура і мастацтва”, “СБ — Беларусь сегодня” і “Звязда”. Некаторы час была аўтарам серыі радыёперадач па гісторыі і сучаснасці беларускай мовы, якія трансляваліся на канале “Культура” пад назвай “Дзеяслоў”.
/ урывак з відэароліка “Rubleuskaya” (Ларыса Рублеўская аб сваёй рабоце ў газетах) /
Друкавалася ў часопісах “Полымя”, “Маладосць”, “Беларусь”, “Нёман”, “Ветразь”, “Работніца і сялянка”, у штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”. Аўтар паэтычных зборнікаў “Крокі на старых прыступках”, “Замак месячнага ззяння”, “Балаган”, “Рыцарскія хронікі” і іншыя.
Чытач. Вы жылі, паненкі-шыпшыны,
На маёй пакутнай зямлі.
Ад бацькоў, багатых і слынных,
Ад партрэтаў фамільных пыльных
У бядачкі-курсісткі йшлі.
Састрыгалі цяжкія косы,
Як адвечны жаночы шлях.
Не над пяльцамі – а над прозай
Дастаеўскага і Спінозы
Вы сядзелі па вечарах.
Як вы верылі, як любілі!
Як за любымі йшлі ў народ!
Толькі ў дзеўках часцей хадзілі
Ці ўміралі вы ад сухот.
І ў дзявочых танклявых пальцах
Скальпель цвёрды быў, як душа.
Толькі ў ятрасці пракламацый
Ды ў самоце падчас вакацый
Голас ваш цудоўны дрыжаў.
Вас цураліся нават блізкія,
І дзівіліся з вас віжы:
Што вам сілы давала выстаяць,
Польскі гонар у сэрцы вытравіць,
Беларускамі быць і жыць?
Перад вамі, бы прад святымі,
На калені хочацца ўстаць.
Хоць магілы вашы забылі,
Сэрцы вашыя маладыя
На шыпшыне вясной гараць.
“Курсісткі”
Вяд. Проза паэткі Рублеўскай пачалася з дзіцячых казак “Прыгоды мышкі Пік-Пік”. Гэтыя невялікія казкі яна расказвала сваёй маленькай дачцы Вераніцы, а затым па парадзе блізкіх пачала іх публікаваць. Таксама для дзяцей у 2008 годзе Людміла Рублеўская выпусціла кнігу “Карона на дне віру, або Казкі з хутара Юстыны”, чароўныя апавяданні якой пераносяць чытача ў свет лекавых і рэдкіх раслін.
Увогуле, што тычыцца літаратуры для дзяцей, пісьменніца Людміла Рублеўская лічыць, што абавязкова трэба перакладаць на беларускую мову дзіцячую класіку – гэта найлепшы сродак закласці ў чытача павагу і любоў да роднай мовы.
Драматычныя творы пісьменніцы друкаваліся ў шматлікіх літаратурных выданнях і ставіліся на сцэнах народных і прафесійных тэатраў. Так, напрыклад, п’еса-казка “Янук, рыцар Мятлушкі”, напісаная ў 1994 годзе, пастаўлена на сцэне Акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа ў маі 2002 года пад назвай “Прыгоды вандроўнага рыцара”.
Той, хто цікавіцца беларускай літаратурай, не мог не чуць імёны Пранціша Вырвіча і Барталамея Лёдніка, авантурыстаў родам з XVIII стагоддзя, герояў знакамітай прыгодніцкай сагі Людмілы Рублеўскай “Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега”. Выдатная мова і аўтарскі гумар, неверагодныя павароты сюжэта, захапляльная атмасфера века “плашча і кінжала”, сапраўдныя таямніцы беларускай гісторыі захопяць чытача з першых старонак твора, які, дарэчы, нядаўна экранізаваны.
/ відэаролік “Новая гістарычная стужка “Авантуры Пранціша Вырвіча” ад кінастудыі Беларусьфільм” (тэлеканал Беларусь3) /
Тэксты твораў Людмілы Рублеўскай адрозніваюцца інтэлектуальнасцю і рамантызмам, тонкім гумарам і захапляльнымі сюжэтамі. Так, напрыклад, у рамане “Падзямелле Ромула” (2012) дзеянне кнігі разгортваецца паралельна ў розных часах вакол аднаго і таго ж артэфакта. У цыкле апавяданняў “Старасветскія міфы горада Б*” (2002) вядомыя антычныя міфы скрыжоўваюцца з рэаліямі беларускага мястэчка XIX стагоддзя. А сюжэт аповесці “Ночы на Плябанскіх Млынах” (2007) пабудаваны на міфах і легендах горада Мінска. У гатычным рамане “Скокі смерці” (2005) галоўныя героі шукаюць разгадку “скокаў смерці”, страшнай сярэднявечнай псіхічнай эпідэміі і спрабуюць разабрацца са сваімі пачуццямі. А ў рамане “Забіць нягодніка, або Гульня ў Альбарутэнію” (2008) — дзеянне разгортваецца вакол часовага партала паміж 2000 і 1933-м.
Сваімі кнігамі пісьменніца сведчыць, што мінулае і сучаснасць здольныя адчуваць узаемны ўплыў, а іншыя часавыя каардынаты не перашкаджаюць блізкім па духу людзям разумець адзін аднаго. Творчасць Людмілы Рублеўскай пазначана цікаўнасцю да ўсяго надзвычайнага, выключнага, настойлівым жаданнем спазнаць таямніцы гэтага свету, уменнем гарманічна і цэласна яго адлюстроўваць.
Чытач. Калі скончыцца Час – і ня будзе сцяжыны маёй, –
Адпачнуць мае рукі ад вечнага прадзіва сказаў.
Пачакай, мой анёле, нябёсны няўрымслівы вой.
Я сувой не даткала, я сэнс не спасцігла ні разу
Той няўлоўнай гульні, за якой мы прабавілі час,
За якую плацілі такою высокай цаною.
Ды анёлы ня чуюць, а можа, ня слухаюць нас,
Бо ня сталі малітваю словы, а сталі маною.
Калі скончыцца Час – і на ўсё атрымаю адказ, –
Ці пачнецца пакой? Ці пясок Вавілона ўзвіхрыцца
І засыпле дарогу дадому і дом наш… А ў нас
Будзе сэрца ўсё гэтак жа словамі зніклымі біцца…
урывак з верша “Забытыя паэты”
Чытайце кнігі Людмілы Рублеўскай! І прыходзьце да нас у Пружанскую бібліятэку.
Крыніцы.
- Людміла Рублеўская. – Тэкст электронны // LiveLib : [сайт]. – URL : https://www.livelib.ru/author/322600-lyudmila-rublevskaya.
- Людміла Рублеўская: узвышша думкі і пачуццяў. – Тэкст электронны // Государственное учреждение культуры «Молодечненская центральная районная библиотека имени Максима Богдановича» : [сайт]. – URL : https://molib.by/%D0%BB%D1%8E%D0%B4%D0%BC%D1%96%D0%BB%D0%B0-%D1%80%D1%83%D0%B1%D0%BB%D0%B5%D1%9E%D1%81%D0%BA%D0%B0%D1%8F-%D1%83%D0%B7%D0%B2%D1%8B%D1%88%D1%88%D0%B0-%D0%B4%D1%83%D0%BC%D0%BA%D1%96-%D1%96-%D0%BF%D0%B0/.
- Людміла Рублеўская Вершы. – Тэкст электронны // Беларуская паэзія: [сайт]. – URL : https://belarusy.net/lyudmila-rubleuskaya/.
- Рублеўская Людмiла Іванаўна. – Тэкст электронны // Архив фантастики : [сайт]. – URL : https://archivsf.narod.ru/1965/lyudmila_rublevskaya/index.htm.
- Рублеўская (па мужу Шніп) Людміла Іванаўна. – Тэкст электронны // Беларусь у асобах і падзеях: [сайт]. – https://bis.nlb.by/ru/documents/132059.
- Творчасць Людмілы Рублеўскай. – Тэкст электронны // ГУК «Централизованная библиотечная сеть Быховского района» : [сайт]. – URL : https://lib-bykhov.by/libsnetwork/structure.