Пружанская районная библиотека им. М.Засима

ГУК "Пружанская централизованная библиотечная система"

Памяць сэрца

Да Дня вызвалення БССР ад гітлераўцаў

Заўтра спаўняецца 39 гадоў з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Мы ўступаем у 40-ю гадавіну выгнання гітлераўцаў з беларускай зямлі. Увесь наш народ, у тым ліку і жыхары Пружаншчыны, рыхтуюцца дастойна адзначыць гэтую гepaічную падзею савецкіх людзей. Рэдакцыя райгазеты запланавала на старонках “Зары камунізму” шырока асвятляць мужную барацьбу нашага насельніцтва супраць ненавіснага ворага. Запрашаем усіх ветэранаў вайны — былых франтавікоў, партызан, партызанскіх сувязных, антыфашыстаўпадпольшчыкаў — дасылаць у рэдакцыю свае ўспаміны, расказы аб таварышах па сумеснай барацьбе, фатаграфіі тых гадоў.

Сёння мы пачынаем публікацыю такіх успамінаў па матэрыялам былога партызана, сакратара Пружанскага падпольнага райкома камсамола Мікалая Андрэевіча Смятаны, якія ён даслаў чырвоным следапытам Пружанскай сярэдняй школы № 1 імя ЧБВА.

У гады Вялікай Айчыннай вайны мне давялося партызаніць у братняй Беларусі. Быў сакратаром Пружанскага падпольнага райкома камсамола. У першыя дні акупацыі задача была адна: як мага больш арганізаваць падпольных груп, якія вялі б актыўную барацьбу супраць гітлераўскіх захопнікаў. За кароткі тэрмін з дапамогай камсамольскага актыву на Пружаншчыне было створана 12 груп, у якіх налічвалася 128 падпольшчыкаў. Найчасцей даводзілася бываць у Смалянскай і Круглянскай падпольных арганізацыях, якія ўзначальвалі зусім маладыя Валодзя Бусько і Маруся Дзімітруковіч. Гэта былі бясстрашныя, адданыя Радзіме камсамольцы.

Чым займаліся падпольшчыкі? Збіралі зброю, каб было з чым весці барацьбу, даставалі медыкаменты перавязачны матэрыял, распаўсюджвалі лістоўкі. Для партызан атрада імя Кірава, напрыклад, камсамольцы даставілі 27 вінтовак, 2 кулямёты, каля тысячы патронаў, 200-кілаграмовую авіяцыйную бомбу, з якой выплаўлялі тол для дыверсійных аперацый. Акрамя таго, нарыхтавалі нямала абутку, цёплага адзення, бялізны, Сабралі каля 4 тысяч рублёў, якія потым былі перададзены лётчыкамі ў Маскву. Але гэтым не абмяжоўвалася наша работа. Паколькі ў нас ужо была зброя, то пачалі праводзіць дыверсійныя аперацыі. Пусцілі пад адхон два варожыя цягнікі, пашкодзілі дзесяткі кіламетраў тэлефоннай сувязі, спалілі  22 масты. Такі быў наш першы ўклад у барацьбу з фашызмам. 3 кожным днём барацьба супраць акупантаў узмацнялася.

Прыпамінаю восень 1943 года, набліжаўся дзень нараджэння Ленінскага камсамола. Як яго найлепш адзначыць? Дасталі машынку і аддрукавалі на ёй лістоўкі, якія былі расклеены ў Пружанах. На самым бачным месцы ў горадзе вывесілі Чырвоны сцяг. Фашысты доўга стралялі па ім, баючыся зняць. На наступны дзень яны расклеілі свае лістоўкі і загады, прапануючы вялікія грошы тым, хто выдасць партызан. Але мала хто ведаў, што лістоўкі і чырвоны сцяг гэта справа рук Валодзі Бусько, Марусі Дзімітруковіч, Івана Каляды і іншых камсамольцаў.

Мне давялося ўдзельнічаць у многіх дыверсійных аперацыях. Наша група знішчыла 4 варожыя эшалоны. Пра адну з аперацый, у якой я быў паранены, хачу расказаць больш падрабязна.

Вясной 1943 года невялікай групе, у якую ўваходзіў і я, было дадзена заданне знішчыць варожы цягнік. У той час гітлераўцы накіроўвалі па чыгунцы ваенную тэхніку на фронт з мэтай узяць рэванш за паражэнне пад Сталінградам. Адзін з такіх эшалонаў мы і павінны былі пусціць пад адхон. У дыверсійную групу ўваходзілі К. Кузняцоў, С. Ісакаў, А. Дышлеў, П. Басай, Сяргей Пятро і Ягор (прозвішчы іх не памятаю). Чакалі эшалон з боку станцыі Андрэевічы Ваўкавыскага раёна, алё ён у тую  ноч не прайшоў. Пазней, даведаліся, што партызаны на подступах да станцыі ўзарвалі мост. Вырашылі прабрацца на чыгуначную станцыю, каб там па прызначэнню выкарыстаць міны. Непрыкметна падкраліся да станцыі, без шуму знялі вартавых, і пpaз некалькі хвілін магутны выбух зруйнаваў воданапорную вежу. У гэты ж час Сяргей Ісакаў, татарын па нацыянальнасці і Канстанцін Кузняцоў кінулі па гранаце ў фашысцкую казарму. Разгарэўся бой. Ён быў непрацяглым, але цяжкім. Двое з нашых былі забіты. Я быў паранены ў спіну, страціў вока. 3 цяжкасцю дабраўся да лесу. Пераначаваў у хляве. Калі раніцай гаспадыня прыйшла даіць карову і на саломе ўбачыла кроў, яна спужалася і выбегла з хлява. Я здагадаўся, што яна каго-небудзь сюды прывядзе. Падрыхтаваў пісталет і гранату. Жывым вырашыў не здавацца.  Хутка ў хлеў увайшло двое мужчын сярэдніх гадоў, дужыя, не вельмі прыветлівыя. Папярэдзілі, што зла не ўчыняць, але і дапамогі, маўляў, не чакай. Я папрасіў, каб яны дапамаглі мне дайсці да лесу. Дамаглі, перад самым лесам кінулі мяне і пабеглі назад. Толькі і паспеў пачуць голас аднаго з іх: «Усё роўна яму не жыць». Вось тут хачу трошкі апярэдзіць падзеі. Калі пасля вызвалення Пружанскага раёна я стаў працаваць сакратаром райкома камсамола, да мяне завіталі тыя самыя два мужчыны, каб атрымаць даведку, што яны дапамагалі партызанам, у прыватнасці, мне. Такой даведкі, вядома, яны не атрымалі.

А далей падзеі разгортваліся так. Я доўга ішоў, потым поўз па лесе. Тут мне сустрэліся дзве дзяўчыны, якія хаваліся, каб не ехаць у Германію. Яны і сталі маімі выратавальніцамі. Перевязалі, як маглі, раны, усялілі надзею на выздараўленне. Дзякуючы гэтым дзяўчатам я праз некаторы час зноў сустрэўся з сябрамі-партызанамі. Яны паведамілі, што мяне лічылі загінуўшым і што я пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 1 ступені. Потым самалётам мяне накіравалі на лячэнне ў Маскву.

Закончылася вайна. У хуткім часе я вярнуўся на родную Палтаўшчыну і стаў працаваць старшынёй калгаса. Працаваў у сельскай гаспадарцы да 1979 года, цяпер на пенсіі. Багата мінула часу з той пары, калі адгрымелі апошнія залпы Вялікай Айчыннай, але да скону дзён не забыць той грозны час, сяброў-таварышаў, якія, як маглі, набліжалі Перамогу.

 М. СМЯТАНА, былы сакратар Пружанскага падпольнага райкома камсамола

Смятана, М. Памяць сэрца : успаміны былога партызана, сакратара Пружанскага падпольнага райкома камсамола / Мікалай Андрэевіч Смятана //Зара камунізму. 1983. 2 ліпеня.

Поделиться новостью:

Добавить комментарий