Пружанская районная библиотека им. М.Засима

ГУК "Пружанская централизованная библиотечная система"

Самабытная постаць у літаратуры (да 95-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча)

Вяд. Радок бяззбройны і бяспрэчны

Слабым – адзіна верны шчыт.

І не знікаць паэтам вечна,

У вечнай песні жывучы.

 

Калі пайду з юдолі гора,

Не скончыўшы найлепшы сказ,

То божы  свет мяне паўторыць,

Як паўтараў ужо няраз.

 

Як моры, зоры і азёры,

Якія ў вечнасць забяру.

Свет шчодры.

Свет мяне паўторыць…

Ну, а не свет,

                       дык Беларусь. –

Мне – досыць…

Добры дзень, прыхільнікі беларускага літаратуры! Сёння мы пагаворым пра жыццё и творчасць вядомага беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча. 26 лістапада споўніцца 95 год з дня яго нараджэння. Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч — класік беларускай літаратуры, паэт, празаік, драматург, кінасцэнарыст, публіцыст і перакладчык.

Нарадзіўся Уладзімір у 1930 годзе у г. Оршы Віцебскай вобласці. Бацька — Сямён Цімафеевіч быў супрацоўнікам фінансавых органаў. Маці — Надзея Васілеўна некаторы час працавала настаўніцай, потым была хатняй гаспадыняй. У сям’і акрамя Уладзіміра было яшчэ двое дзяцей: сын Валерый і дачка Наталля.

Сям’я вызначалася вялікай інтэлігентнасцю. Вялікі ўплыў на Уладзіміра аказаў дзед па лініі маці Васіль Юллянавіч Грынкевіч, чалавек з багатым жыццёвым вопытам, дасціпны апавядальнік, ад якога ўнук пачуў шмат казак і народных паданняў, пераняў любоў да прыроды. У доме бацькоў мелася свая хатняя бібліятэка. Валодзя ў дзяцінстве не толькі любіў слухаць казкі і розныя гісторыі, якія яму чыталі старэйшыя, але імкнуўся дадумваць развіццё сюжэтаў, сам вельмі рана (у тры з паловай гады) навучыўся чытаць, стаў актыўным наведвальнікам гарадской дзіцячай бібліятэкі. Паводле ўспамінаў родных, у шэсць гадоў ім былі напісаны першыя вершы. У дзіцячыя гады разнастайнасць яго талентаў выявілася і ў схільнасці да малявання, якая захавалася на ўсё жыццё, і ў тым, што ён меў абсалютны слых, некаторы час займаўся ў музычнай школе.

У 1938 г. Валодзя пайшоў у школу ў Оршы. Пасля заканчэння трэцяга класа ў пачатку лета 1941 г. прыехаў у Маскву пагасцяваць да старэйшай сястры Наталлі, якая вучылася там у хіміка-тэхналагічным інстытуце. Дадому ў Оршу ён вярнуцца не змог. Пачалася Вялікая Айчынная вайна. Валодзя разам з маскоўскімі дзецьмі трапіў у эвакуацыю ў Разанскую вобласць, потым на Урал у Пермскую вобласць. Рабіў спробы уцячы на фронт. Праз пэўны час высветлілася, што Валодзевы бацькі змаглі эвакуіравацца і жылі ў горадзе Арэнбургу. Толькі ў жніўні 1943 г. сястра змагла прывезці Валодзю да бацькоў. Але вайна ўсё ж сабрала ў іх сям’і сваю даніну. У кастрычніку 1941 г. на фронце загінуў старэйшы брат Валодзі Валерый. Жонку Валерыя Вольгу, якая заставалася на захопленай нямецкімі войскамі тэрыторыі, загубілі акупанты.

Летам 1944 г. пасля вызвалення савецкімі войскамі Кіева Уладзімір Караткевіч разам з маці на некаторы час пераехаў у нядаўна вызвалены горад, дзе жылі сваякі. Гэтае нядоўгае знаходжанне ў Кіеве пакінула вялікі след у памяці Уладзіміра Караткевіча, менавіта тут ён зацікавіўся гісторыяй — гэтаму спрыялі велічныя помнікі старажытнага горада на Дняпры, раскопкі, якія вялі тут археолагі. Пад уражаннем успамінаў пра той час у 1972 годзе Караткевіч напіша аповесць Лісце каштанаў. Гэтa ўcxвaлявaны i жypбoтны ўcпaмiн пicьмeннiкa пpa ўлacны лёc i лёc cвaйгo пaкaлeння, чыё дзяцiнcтвa i юнaцтвa былo aпaлeнae вaйнoй. Пaдзei твopa aдбывaюццa ў тoлькi штo вызвaлeным aд фaшыcтaў Kieвe. Tyт, нa бepaзe Дняпpa, y гopaдзe, якi ляжыць y pyiнax, пpaxoдзiць ca cвaiмi клoпaтaмi жыццё гepoяў aпoвecцi. Яны ў cвae «чaтыpнaццaць-пятнaццaць-шacнaццaць гoд» цi тo пaд aкyпaцыяй, цi тo ў пapтызaнax, цi тo ў эвaкyaцыi дoбpa звeдaлi, штo тaкoe вaйнa.

Восенню 1944 г. сям’я Караткевічаў вярнулася ў Оршу. З канца 1946 г. яны пачалі жыць ва ўласным доме, куды ў пазнейшы час Уладзімір Караткевіч будзе прыязджаць і працаваць над сваімі творамі. Роднаму гораду, яго людзям ён прысвеціць верш Орша, дзе выкажа прызнанне ў шчырай любові да бацькоўскіх мясцін.

Чытач. Як толькі цёмнаю ноччу

Вочы свае закрываю,

Адразу я Оршу бачу

З яе няяркай красой,

З бярозамі над Аршыцай,

З вясёлым сонейкам мая,

З блакітам першых пралесак

У косах каханай маёй.

 

Тут нарадзіліся думкі,

Воля, імкненні, жаданні,

Тут стаў я сынам краіны,

Абпален яе агнём…

Таму і люблю я Оршу

Першым вялікім каханнем,

Якое не знікне, пэўна,

Нават з маім жыццём.

                   урывак з верша “Орша”

У другой палове 1940-х гг. Уладзімір працягваў навучанне ў школе. У час вучобы ў старшых класах Караткевіч аддаваў даніну літаратурнай творчасці — пісаў навелы, апавяданні, літаратуразнаўчыя артыкулы. Паводле яго слоў, стварыў не менш за дзвесце вершаў, але спачатку нікому іх не паказваў. Настаўніца К.І. Грыневіч, кіраўніца школьнага літаратурнага гуртка, падтрымала юнага паэта. Яго вершы, прыгодніцкая аповесць “Загадка Неферціці”, а таксама ўласнаручныя ілюстрацыі да іх з’явіліся ў рукапісным часопісе “Званочак”, які выпускалі ўдзельнікі літгуртка.

У 1949 г. Уладзімір Караткевіч закончыў сярэднюю школу і паступіў на рускае аддзяленне філалагічнага факультэта Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Т. Шаўчэнкі. За гады вучобы выявіў сябе адным з найбольш здольных студэнтаў, шмат чытаў — у кола яго чытацкіх інтарэсаў уваходзілі творы класікаў сусветнай літаратуры, украінскіх, рускіх, польскіх, беларускіх аўтараў.

У Кіеве Уладзімір Караткевіч працягваў складаць вершы на беларускай і рускай мовах. А летам 1950 г. літаратарам-пачаткоўцам быў створаны першы варыянт знакамітай аповесці Дзікае паляванне караля Стаха. Aпicaныя ў aпoвecцi пaдзei aдбывaюццa ў 80-x гaдax XIX cтaгoддзя.  Падарожнічаючы па Беларусі ў пошуках старажытных легенд, Андрэй Беларэцкі трапляе ў маёнтак Балотныя Яліны. Валодала маёнткам Надзея Яноўская. Яна запрасіла Андрэя пагасціць у Балотных Ялінах. Высветлілася, што маёнтак кішыць прывідамі. Начамі па хаце блукаюць Малы Чалавек і Блакітная Жанчына, а па наваколлях гойсае Дзікае паляванне караля Стаха. З-за іх Надзея жыве ў пастаянным страху. Андрэй у зданяў не верыў і вырашыў высветліць, хто запалохвае бедную дзяўчыну.

У 1954 г. Уладзімір Караткевіч закончыў універсітэт. У 1954-1956 гг. працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў вёсцы Лесавічы Тарашчанскага раёна Кіеўскай вобласці.

У ліпені 1955 г. у часопісе “Полымя” быў апублікаваны верш Караткевіча “Машэка”, прысвечаны герою беларускіх легендаў. Паводле слоў самога пісьменніка, гэтая падзея стала пераломнай, ён канчаткова пераключыў увагу на літаратурную творчасць, істотнае месца ў якой займалі творы гістарычнай тэматыкі.

У 1956 г. Уладзімір Караткевіч вярнуўся на радзіму і да 1958 гг. быў настаўнікам 8-й сярэдняй школы ў Оршы. Гэта быў этап плённай пісьменніцкай працы. У 1956 г. Уладзімірам Караткевічам напісана легенда “Маці Ветру”, прысвечаная падзеям антыфеадальнага Крычаўскага паўстання 1743-1744 гг., пра якое яму калісьці расказваў дзед Васіль. У 1957 г. створана п’еса “Млын на Сініх Вірах”, героі якой — савецкія падпольшчыкі часоў Вялікай Айчыннай вайны. У гэтым жа годзе закончыў аповесць “У снягах драмае вясна” аб студэнцкім жыцці пачатку 1950-х гг. У беларускім друку працягваюць з’яўляцца яго вершы.

У красавіку 1957 г. Уладзімір Караткевіч атрымаў афіцыйнае прызнанне ў калег — быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў БССР. У 1958 г. выйшаў першы зборнік вершаў паэта “Матчына душа”. У гэты ж час ён дапрацаваў аповесць “Дзікае паляванне караля Стаха” і напісаў п’есу “Трошкі далей ад Месяца” (не друкавалася), пра лёс чалавека, які пацярпеў ад сталінскіх рэпрэсій.

Сур’ёзныя задумы маладога пісьменніка патрабавалі яшчэ большых ведаў і такіх, якія адпавядалі б духу часу. У 1958-1962 гг. Уладзімір Караткевіч вучыўся ў Маскве. Спачатку на Вышэйшых літаратурных курсах, а з 1960 г. — на Вышэйшых сцэнарных курсах.

1960-я гг. былі вельмі плённымі для Уладзіміра Караткевіча, яго талент раскрыўся з асаблівай сілай. З 1962 г. ён пастаянна жыў у Мінску. Пачаўся перыяд, калі малады пісьменнік змог цалкам засяродзіцца на творчай працы. У гэты перыяд з друку выходзяць другі яго паэтычны зборнік “Вячэрнія ветразі” (1960 г.) і зборнік прозы “Блакіт і золата дня” (1961 г.), які склалі апавяданні, гістарычныя аповесці “Сівая легенда” пра народнае паўстанне на Магілёўшчыне ў XVII ст. і “Цыганскі кароль”. У 1960-я гг. Караткевічам створаны раманы “Каласы пад сярпом тваім” — маштабнае палатно пра падзеі напярэдадні паўстання 1863-1864 гг.

Шмат зрабіў Уладзімір Караткевіч і для беларускага кінематографа, напісаў сцэнарыі дакументальных фільмаў: “Сведкі вечнасці” (1964 г.), “Памяць” (1966), “Будзь шчаслівай, рака” (1967). У 1967 г. паводле сцэнарыя Караткевіча быў зняты кінафільм “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” і “Залішняя”.

У канцы 1960-х гг. Уладзімір Караткевіч пазнаёміўся з будучай жонкай Валянцінай Браніславаўнай Нікіцінай, якая стала надзейнай апорай у яго жыцці, спрыяла творчым пошукам пісьменніка. Яна была гісторыкам, кандыдатам навук. Да знаёмства з Караткевічам Валянціна Браніславаўна працавала выкладчыцай у Брэсцкім педінстытуце. Пераехаўшы ў Мінск, была навуковым супрацоўнікам Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларусі, займалася пытаннямі традыцыйнай нацыянальнай культуры, шмат ездзіла па Беларусі ў этнаграфічныя экспедыцыі, дзе яе часта суправаджаў муж. Сям’я жыла дружна, але, нажаль, дзяцей у іх не было.

Чытач. У атамны век, у пластмасавы век,

Век нянавісці і любві,

Жыў сабе на зямлі чалавек, —

Не з пластмасы, а з плоці й крыві.

Лічылі паэтам.

У ранг узвялі.

Ён жыў.

Спрабаваў пісаць.

І ён пакахаў, як на гэтай зямлі

Не кожны ўмее кахаць.

І была яна, хай далёка не першая,

І сонца агонь яе залаціў.

Многа вершаў, дурацкіх вершаў

Добрай гэтай паэт прысвяціў.

Ён з ёю плыў за сіняе мора,

Ў глыбіні вякоў накіроўваў свой спеў.

І нават пад зоры, чыстыя зоры,

Не ўмеючы лётаць, з ёю ляцеў,

Прыпомніўшы вочы, шэрыя, сінія,

Ён змяць не мог бы нават травы.

Ён за яе пад скаламі гінуў,

Стократна мёртвы і зноў жывы…

   урывак з паэмы “Плошча Маякоўскага”

1970-я гг. адзначаны новымі дасягненнямі ў творчасці Уладзіміра Караткевіча. Прыкметным творам стаў напісаны ў 1971 г. нарыс пра зямлю Беларусі, яе гісторыю, прыроду і культуру “Зямля пад белымі крыламі” — з лёгкай рукі Караткевіча гэты вобраз трывала замацаваўся як сімвалічная назва нашай краіны.

Повязь розных часоў увасоблена ў адным шырокавядомым творы Уладзіміра Караткевіча — вострасюжэтным дэтэктыўна-прыгодніцкім рамане Чорны замак Альшанскі, у якім цесна перапляліся дэтэктыўная інтрыга, сацыяльна-псіхалагічныя і гістарычныя аспекты, каларытныя чалавечыя характары.

/ буктрэйлер “Чёрный замок” /

Цяжка знайсці той жанр, у якім не спрабаваў свае сілы Уладзімір  Караткевіч. У яго творчым «арсенале» — раман, аповесць, апавяданне, казка для дзяцей, нарыс, рэцэнзія, навуковае даследаванне, паэма, балада, верш, п’еса, эсэ, кінасцэнарый, лібрэта оперы і балета… А яшчэ пераклады з розных моў, вострапубліцыстычныя артыкул, дробныя нататкі, дзённікавыя запісы.

Уладзімір Караткевіч — асоба пра якую можна гаварыць бясконца і бясконца адчуваць гонар за яго як пісьменніка і сапраўднага чалавека.

 У 1977 г. не стала яго маці Надзеі Васілеўны, якая доўгі час жыла разам з сынам. У 1983 г. памерла яго жонка Валянціна Браніславаўна. Уладзімір Сямёнавіч вельмі перажываў гэтае гора. Здароўе яго самога таксама было падарванае. Тым не менш ён працягваў вандроўкі. У адной з іх хваробы абвастрыліся і 25 ліпеня 1984 г. на 54-м годзе жыцця Уладзімір Караткевіч памёр. Пахаваны ён у Мінску на Усходніх могілках.

Трэба дзесь закапаць мае тленныя косці.

І хацеў бы ляжаць я над родным Дняпром

На зялёным, сасновым, грывастым пагосце,

Дзе бусліны клёкат у ліпеньскі гром.

                                                     “Запавет”

Чытайце кнігі Уладзіміра Караткевіча! І чакаем вас у Пружанскай бібліятэцы!

Складальнік: намеснік дырэктара ДУК “Пружанская ЦБС” Аляксеева В.В.

 

 

Крыніцы.

  1. Уладзімір Караткевіч: асоба і творчасць. – Тэкст электронны // Архивы Беларуси : [сайт]. – URL : https://archives.gov.by/home/tematicheskie-razrabotki-arhivnyh-dokumentov-i-bazy-dannyh/vydayushhiesya-lichnosti/da-80-goddzya-z-dnya-naradzhennya/uladzimir-karatkevich-asoba-i-tvorchascz.
  2. Караткевіч, У.С. Быў. Ёсць. Буду : кніга паэзіі / Уладзімір Караткевіч ; [прадмова Р. Барадуліна]. — 3-е выд.. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2000. — 156, [2] с., [8] л. іл..
  3. У кожнага з нас свой Караткевіч. Топ-9 фактаў з жыцця пісьменніка. – Тэкст электронны // Слушна : [сайт]. – URL : https://slushna.by/u-kozhnaga-z-nas-svoj-karatkevich-top-9-faktau-z-zhyccya-pismennika/.
Поделиться новостью:

Добавить комментарий