Пружанская районная библиотека им. М.Засима

ГУК "Пружанская централизованная библиотечная система"

СТАІЦЬ У ЛЕСЕ ПОМНІК…

ВОСЕНЬ у той апошні мірны год была цёплая, залацістая. Яна, быццам старалася аддаць усю сваю радасць і прыгажосць людзям, на долю якіх хутка, вельмі хутка выпадзе цяжкае і суровае выпрабаванне — вайна.

…Яўгенія Ісаакаўна Дзівакова, яе дзеці Ігар і Раечка прыехалі ў Пружаны разам са сваім мужам і бацькам тэхнікам-лейтэнантам Аляксандравым. Яўгенія Ісаакаўна стала працаваць участковым урачом у раённай бальніцы. Так непрыкметна міналі дзень за днём.

17 чэрвеня І941 года лейтэнант Аляксандраў А. Б. выехаў у службовую камандзіроўку. Вярнуцца назад яму перашкодзіла вайна.

Жонка і дзеці засталіся на захопленай ворагам тэрыторыі. Што рабіць далей — такога пытання для Яўгеніі Ісаакаўны не існавала. Яна была цвёрда ўпэўнена, што і тут, у тыле, здолее змагацца з заклятым ворагам нароўні з тымі, хто знаходзіцца на фронце, нароўні з мужам.

3 першых месяцаў вайны ўрач Дзівакова звязваецца з падпольнымі групамі, атрымлівае і выконвае адказныя даручэнні, аказвае медыцынскую дапамогу раненым салдатам і афіцэрам, якія папалі ў акружэнне. Ужо ў канцы 1941 года Дзівакова пачынае супрацоўнічаць з асобнымі партызанскімі групамі,  патрэбна гаварыць аб той небяспецы, якая чакала яе на кожным кроку, калі за адны толькі лістоўкі, якія яна расклейвала на сценах дамоў і тэлеграфных слупах, фашысты расстрэльвалі без папярэджання. Аб гэтым сурова абвяшчалі і іх аб’явы, вывешаныя і на самых бачных месцах.

Сябры-падполышчыкі параілі жанчыне для канспірацыі выехаць з горада. Я. I. Дзівакова стала жыць у Лінове. Але было ўжо позна: фашысты напалі на след адважнай патрыёткі. Яўгенія Ісаакаўна з дзецьмі была схоплена гестапаўцамі.

“Дзе была? Хто даручаў? Адрасы? Прозвішчы?” Усе пытанні немагчыма было пералічыць, ды яна і не лічыла, яна проста іх не чула, старалася не чуць. У галаве была толькі адна думка: “Нічога не скажу. Не выдам. Хоць рэжце…” I яны рэзалі, крамсалі яе маладое цела, ірвалі валасы, выкручвалі рукі. Маўчала. Дзе ўзяла столькі сілы, мужнасці, каб вытрымаць усё? Маўчала і тады, калі да сценкі паставілі двухгадовага Ігарка…

А перад вачыма стаяла сіня-сіняе неба, яркія ружовыя кусты мальвы і тоўсценькія ножкі сына, якія робяць першыя крокі… Ці ява гэта, ці сон?

“Імёны? Адрасы?”

Жудасны крык шасцігадовай Раечкі і стрэл, які абарваў яго… “Імёны? Адрасы?”

I яшчэ адзін стрэл разарваў цёплую ранішнюю цішыню…

Стаіць у лесе помнік. Павольна хіляцца да яго падножжа стройныя, беластваловыя бярозкі. Прыходзяць сюды піянеры, стаяць у маўчанні воіны… Ля помніка — жывыя кветкі. Залатымі літарамі высечаны на ім імёны замучаных і расстраляных фашысцкімі катамі людзей. Сярод іх і імя Яўгеніі Ісаакаўны Дзіваковай, яе сына і дачкі.

Штогод на магілу прыязджаюць родныя загінуўшых. Шчыра дзякуюць яны чырвоным следапытам за тое, што свята берагуць памяць аб бясстрашных патрыётах Радзімы.

А. ВАСЮКОВІЧ.

НА ЗДЫМКУ: Яўгенія Ісаакаўна Дзівакова. Здымак 1940 года.

Васюковіч, А. Стаіць у лесе помнік / А. Васюковіч // Зара камунізму. 1976. 8 мая.

Поделиться новостью:

Добавить комментарий