Пружанская районная библиотека им. М.Засима

ГУК "Пружанская централизованная библиотечная система"

Ён штурмаваў Кёнігсберг

Ішоў студзень 1945 года. На палях Усходняй Прусіі, у гняздзе нямецкага мілітарызму, на плацдарме, з якога германская ваеншчына пачала свае агрэсіўныя паходы супраць нашага народа, былі асабліва жорсткія баі.

Сямён Міхайлавіч Пышко, у той час васемнаццацігадовы баец узвода ПТР, прымаў баявое хрышчэнне пад Істэнбургам. Мінулі гады. Але і цяпер ветэран успамінае аб першым баі з моцным душэўным хваляваннем. Бой быў гарачым і адчайным. Фашысцкія танкі ішлі лавінай. Загінуў першы нумар. Разбіта супрацьтанкавае ружжо. Сямён Міхайлавіч цудам застаўся жывым.

А затым зноў жорсткія баі за ўзяцце Гумбіна, Вейлаў, Кёнігсберга. Менавіта тут праціўнік меў загадзя створаную, глыбока эшаланіраваную і добра развітую сістэму абарончых палос і доўгачасовых інжынерных збудаванняў.

Разам з баявымі таварышамі, у складзе 3-га Беларускага фронту, Сямён Міхайлавіч Пышко праявіў мужнасць, гераізм у пераадоленні моцнай сістэмы абароны ворага.

Пры штурме фашысцкай крэпасці Кёнігсберг, Сямён Міхайлавіч і двое яго баявых сяброў атрымалі загад знішчыць дзот, які спыніў наступленне нашых войск па двух напрамках. У гэтым баі Сямён Міхайлавіч прыкрываў паўзучых да дзота байцоў. Страчыў з аўтамата, даючы магчымасць прабрацца смельчакам да кулямётнай кропкі. Побач упала граната. Адразу схапіў яе і адправіў да фашыстаў. Дзот быў узяты. Адзін з байцоў загінуў. Адбылося гэта 7 красавіка. А на наступны дзень Сямён Міхайлавіч быў цяжка паранены. Праляжаў у шпіталі да жніўня 1946 года. I цяпер доўгі ружовы шрам ва ўсю правую руку, пасечанае асколкам плячо напамінаюць адважнаму байцу аб суровых незабываемых днях. Aпaленае ў жорсткіх баях юнацтва беларускага хлопца яркім, нязгасным полымем гарыць у сэрцы.

Цяжка, вельмі цяжка было пасля вайны. Працаваў ад зары да зары. Расціў дзяцей. Яму, інваліду другой групы, удзельніку Вялікай Айчыннай вайны, не да твару скардзіцца на лёс. Уставала з попелу родная Беларусь. Краіне патрэбна была цэгла. I ён ішоў у спёку і сцюжу, у дождж і мяцеліцу за восем кіламетраў ад вёсачкі Кацёлкі, дзе нарадзіўся і жыў, працаваць на цагельны завод. І так на працягу дваццаці гадоў. Гэта ён, Сямён Міхайлавіч, без праекта, нейкага асаблівага плана, склаў на заводзе печ для абпалу цэглы.

У стройных, прыгожых кладках дамоў, адроджаных гарадоў, сёл Беларусі ёсць і цаглінкі Сямёна Міхайлавіча. Жыве, спявае бяспрыкладная, высокародная праца майстра самародка, цудоўнай душы чалавека, бескарысна падарыўшага людзям цяпло, утульнасць і шчасце. Яшчэ тады, у пяцідзесятыя гады, ездзіў Сямён Міхайлавіч перадаваць свой вопыт у Астрахань. Ён рабіў усё для таго, каб дапамагчы Радзіме хутчэй залячыць раны вайны.

Сёмы год Сямён Міхайлавіч на пенсіі. Але аб адпачынку і не марыць. Дваццаць першы год самааддана працуе на заводзе бытавых вырабаў слесарем па вентыляцыі. Аб сваім прадпрыемстве гаворыць з любоўю. Яго паважаюць у калектыве. За стараннасць у рабоце ўзнагароджаны медалём «За працоўную адзнаку».

Не! Сямён Міхайлавіч і цяпер не скардзіцца на жыццё. Пераадоленне праблем бачыць толькі ў добрасумленных адносінах да работы, узаемнай дапамозе адзін аднаму, у дружбе ўсіх народаў нашай краіны. Ён выгадаваў дзве дачкі і сына. Пяцёра ўнукаў ветэрана — гэта яго вялікая радасць. Дзеці і ўнукі па праву ганарацца сваім бацькам і дзедам. Ён і цяпер гатовы прыйсці на дапамогу, падтрымаць чалавека добрым словам.

Але трэба дапамагчы і Сямёну Міхайлавічу. Так здарылася, што ён да гэтага часу не прадстаўлены да заслужанай узнагароды — медаля „За ўзяцце Кёнігсберга”. Згубіўся з часам дакумент, ды і ці да таго было?! Спрабаваў ветэран шукаць справядлівасці. Яго выслухоўвалі і забывалі…

Нават раны Вялікай Айчыннай з цягам часу зажываюць і зарубцоўваюцца. Нямала і такіх, хто носіць у сваім целе асколкі суровых бітваў. Але ніколі не зажыве душэўная рана цудоўнага чалавека, які праліў у баі за Кёнігсберг сваю кроў і па волі лёсу, збегу абставін не адзначаны ўзнагародай. Хочацца верыць, што ў сорак пятую гадавіну Вялікай Перамогі зазіяе на грудзях Сямёна Міхайлавіча Пышко баявая ўзнагарода — за мужнасць, доблесць, адвагу!

В. НАЗАРАЎ

НА ЗДЫМКУ: С. М. Пышко з унучкай.

Фота А. МЯЗГІ.

 Назараў, В.  Ён штурмаваў Кёнігсберг : пра ветэрана вайны Сямёна Міхайлавіча Пышко / В. Назарава // Зара камунізму. 1989. 27 ліпеня.

Поделиться новостью:

Добавить комментарий