На Пружаншчыне ўсе ведаюць Рамана Цімафеевіча Кротава. Ён 38 гадоў працаваў у фінансавых органах, у тым ліку больш 25 гадоў загадчыкам фінансавага аддзела райвыканкама.
Але, напэўна, не ўсім вядома, што Раман Цімафеевіч быў партызанам 10-й Журавіцкай брыгады Гомельскага партызанскага злучэння, а потым разведчыкам 121-й стралковай дывізіі. З баямі прайшоў праз Беларусь, па Украіне, Венгрыі, Румыніі. Пад Львовам быў паранены.
Цэлыя два гады цяжкай кровапралітнай вайны выпала Р. Ц. Кротаву быць на пярэднім краі — у разведцы. А што гэта значыць, добра разумею. Бо самому мне прыйшлося пабываць у разведцы. Гэта было перад нашым наступленнем пасля фарсіравання ракі Віслы ў Польшчы.
Помніцца, як цяжка было пад покрывам цемры, па-пластунску абыйсці замаскіраваных у траншэях немцаў, пранікнуць глыбока ў тыл, усё запамятаць і вярнуцца непрыкметна для праціўніка ў сваё размяшчэнне, далажыць абстаноўку. Для гэтага патрэбны моцныя нервы, вытрымка, смеласць. Дык гэта ж адзін раз мне давялося выконваць ролю разведчыка. А калі сотні такіх разведак? Патрэбна вялікая мужнасць, сапраўдны гераізм, Раман Цімафеевіч сапраўды мужны чалавек. Аб гэтым сведчаць ордэны Славы ўсіх трох ступеняў, многія іншыя баявыя і працоўныя ўзнагароды, якія ўпрыгожваюць грудзі былога разведчыка.
Ганаровы грамадзянін горада Пружаны, камуніст Р. Ц. Кротаў і цяпер у страі. Знаходзячыся на заслужаным адпачынку, ён праводзіць вялікую ваенна-патрыятычную работу, асабліва сярод моладзі. З’яўляецца старшынёй раённага савета ветэранаў вайны і працы.
У. МАКАРЧЫК, ветеран вайны і працы.
Макарчык, У. Ішоў па вайне разведчык : пра ветэрана вайны Рамана Цімафеевіча Кротава / У. Макарчык // Зара камунізму. 1987. 16 ліпеня (№ 85). С. 2.