Пружанская районная библиотека им. М.Засима

ГУК "Пружанская централизованная библиотечная система"

13 мая 2023 г. – 150 гадоў з дня нараджэння Станіслава Юльянавіча Жукоўскага (1873–1944), мастака-жывапісца

Станіслаў Юльянавіч Жукоўскі нарадзіўся 25 мая 1873 г. на хутары Ендрыхоўцы Ваўкавыскага павета Гродзенскай губерні. У хуткім часе бацькі пераехалі ў маёнтак Старая Воля Пружанскага павета (цяпер в. Стараволя Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці), дзе і прайшло дзяцінства будучага мастака. Бацька, Юліан Жукоўскі, прымаў удзел у польскім паўстанні 1863 г., за што яго пазбавілі саслоўных і маёмасных правоў, а два яго браты былі сасланы ў Сібір. Таму сям’я жыла ва ўласным доме на правах арандатараў.

Маці, Марыя Вяржбіцкая, была з Варшавы, з дваранскай сям’і. Вучылася ў Парыжы, ведала некалькі замежных моваў, была цудоўнай піяністкай, чалавекам найдабрэйшай душы. Першапачатковую адукацыю Стасніслаў Жукоўскі атрымаў у Варшаўскай класічнай гімназіі, а затым – Беластоцкім рэальным вучылішчы. Насуперак волі бацькі ў 1892 г. паступіў у Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства.

Праз год заняткаў Станіслаў Жукоўскі прадставіў на вучнёўскай выстаўцы 13 карцін, што сведчыла аб першых яго поспехах. У 1895 г. атрымаў ад Савета Маскоўскага мастацкага таварыства пасведчанне і білет «для вольнага пражывання ва ўсіх гарадах Расійскай Імперыі». Гэта дало магчымасць з натуры маляваць і рабіць жывапісныя эцюды. Мастак вярнуўся на радзіму, шмат працаваў у Старой Волі, на Нёмане, у Белавежскай пушчы. У гэты час былі напісаны палотны «Нёман», «Лес. Папаратнікі. Захад» (абедзве 1895 г.). На карціне «Май» – родны драўляны дом у Старой Волі.

У 1897 г. паспяхова здаў экзамены ў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства і стаў яго паўнапраўным навучэнцам. У 1898 г. напісаў у многім этапную для сваёй творчасці карціну «Веснавая вада», якая з поспехам экспанавалася на 27-й выстаўцы перасоўнікаў, была набыта Рускім музеем. Гэтым творам Станіслаў Жукоўскі заявіў аб сабе як аб самастойным і арыгінальным мастаку.

С. Ю. Жукоўскі заняў у мастацтве трывалае месца не толькі як дастойны вучань і прадаўжальнік традыцый, але і як мастак новага пакалення, новай фармацыі, які надаў пейзажнаму жывапісу сімфанічнае гучанне. Ён знайшоў свой шлях у мастацтве са сваёй тэмай маёнткаў і палацаў. Твор «Месячная ноч» (1899), што экспанаваўся ў 1900 г. на 29-й перасоўнай выстаўцы, меў вялікі поспех з-за свайго наватарскага падыходу. За гэта палатно мастак у 1901 г. атрымаў вялікі сярэбраны медаль і званне класнага мастака. У гэтым жа годзе ён закончыў вучылішча.

Працаваў шмат, удзельнічаў у многіх выстаўках. Актыўна выкарыстоўваў у сваіх творах новыя мастацкія прыёмы і тэхніку пісьма: свабодныя і дынамічныя мазкі, якія адразу выяўлялі і колер, і форму прадметаў. Пісаць, як пісаў С. Ю. Жукоўскі, спрабавалі вядомыя мастакі, яго ўплыў заўважалі ў работах В. Бялыніцкага-Бірулі і С. Вінаградава. Але манера і метад пісьма ў С. Ю. Жукоўскага былі настолькі арганічныя, выпрацаваныя ў адпаведнасці з тэмпераментам, індывідуальнымі адчуваннямі і тэхнікай, што паўтараць яго прыёмы і тэхніку было марным.

У 1903 г. С. Ю. Жукоўскі адкрывае ў Маскве сваю прыватную жывапісную школу, якая праіснавала да 1917 г. Сярод навучэнцаў былі вядомыя графік I. Нівінскі і паэт У. Маякоўскі – майстар плаката. На выставах каля яго карцін збіраюцца натоўпы людзей. Крытыка не абыходзіць маўчаннем ніводнай яго работы. Даследчыкі лічаць росквітам таленту С. Ю. Жукоўскага першае дзесяцігоддзе XX ст. Былі напісаны пейзажы «Возера Сенеж» (1902), «Плаціна» (1906), «Ветрана на возеры», «Восеньскі вечар», «Возера Молдзіна» (усе 1909 г.).

У 1907 г. стаў членам Саюза рускіх мастакоў. У тым жа годзе Імператарская Акадэмія мастацтваў прысвоіла яму званне акадэміка жывапісу. Пасля 1910 г. надоўга захапіўся сядзібнымі інтэр’ерамі, якія сталі аднымі з самых галоўных і любімых у яго далейшай творчасці: «Веранда» (1911), «Былое», «Радасны май», «Гасціная», «Паэзія старога дваранскага дома» (усе 1912 г.), «У старой алеі» (1913) і інш. Асобная тэма ў творчасці майстра – сядзібы-руіны. Забытыя, закінутыя сямейныя маёнткі, апусцелыя тэрасы і паркі сімвалізуюць разбурэнне адвечнага ладу жыцця. Асабліва пераканальна настрой закінутасці перададзены ў зімовым пейзажы «Забытае мінулае. Руіны» (1910).

Пасля рэвалюцыі 1917 г. стала цяжэй працаваць – вакол былі голад і разруха. Але мастак шмат працуе і піша тое, што бліжэй ляжыць да сэрца. У кастрычніку 1921 г. адкрылася яго персанальная выстава ў Маскве, на якой паказаў 74 работы апошніх гадоў.

У 1923 г. С. Ю. Жукоўскі вымушаны быў выехаць у Польшчу, наступныя дваццаць гадоў пражыў у Варшаве. Яго творы адзначаліся рознымі ўзнагародамі, прэміямі, дыпломамі, а таксама набываліся Нацыянальным музеем Варшавы, Нацыянальным музеем Кракава і інш. Стаў членам польскага таварыства заахвочвання мастацтваў, далучыўся да групы блізкіх сабе па творчым духу польскіх мастакоў-імпрэсіяністаў, захоўваючы пры гэтым сваю жывапісную манеру пісьма.

Аднак эканамічны крызіс 1930-х ударыў па мастаку, яго карціны перасталі прадавацца. Апошняя выстаўка твораў С. Ю. Жукоўскага адбылася ў 1939 г. Потым пачалася Другая сусветная вайна і немцы занялі Польшчу. Падчас акупацыі мастак знаходзіўся ў Варшаве. Пры падаўленні паўстання 1944 г. быў арыштаваны і заключаны ў канцлагер у Прушкаве, дзе і загінуў. Мноства карцін мастака былі знішчаны альбо страчаны.

Больш за 600 палотнаў Станіслава Жукоўскага захоўваюцца ў музеях і прыватных калекцыях Беларусі, Польшчы, Расіі, Украіны. Каля 40 твораў – у фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Матэрыялы пра мастака прадстаўлены ў музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» г. Пружаны. Праводзяцца мастацкія пленэры, прысвечаныя яго памяці.

13 мая 2023 г. Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпусціла паштовы блок «Сумесны выпуск Беларусі і Расіі. 150 гадоў з дня нараджэння Станіслава Жукоўскага».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М. Засіма. Казлоўская Надзея Анатольеўна, бібліёграф АаіІ

 

  1. Жукоўскі Станіслаў Юльянавіч// Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 6. С. 448.
  2. Жукоўскі Станіслаў Юльянавіч// Культура Беларусі : [у 6 т.]. Мінск, 2012. Т. 3. С. 651.
  3. Жукоўскі Станіслаў Юліянавіч (13.05.1875 г. – жнівень 1944 г.) // 250 асоб з Беларусі ў дыялогах культур. Мінск, 2008. C. 315–316.
  4. Жуковский Станислав Юлианович // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2006. Т. 3. С. 569.
  5. Жукоўскі Станіслаў Юльянавіч// Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 442.
  6. Горелов, М. И. Станислав Юлианович Жуковский. Жизнь и творчество, 1875–1944 / Михаил Иванович Горелов. – Москва : Искусство, 1982. – 371 с. : ил.
  7. Марціновіч, А. Станіслаў Жукоўскі / Алесь Марціновіч // Гісторыя праз лёсы / Алесь Марціновіч. Мінск, 2018. Т. 5. С. 317–340.
  8. Лисай, Ю. В. Художественное пространство как выражение национальной картины мира. Станислав Жуковский / Ю. В. Лисай // Навукова-практычная канферэнцыя «Імя ў гісторыі: Заходнепалескі рэгіён» : зборнік дакладаў, 17–18 красавіка 2015 г. – Брэст, 2016. – С. 11–
  9. Крэпак, Б. А. Вечны смутак па роднай краіне : [С. Жукоўскі] / Барыс Крэпак // Вяртанне імёнаў : нарысы пра мастакоў / Барыс Крэпак. Мінск, 2013. Кн. 1. С. 255–260.
  10. Марціновіч, А. Водар начных фіялак : [С. Жукоўскі] / Алесь Марціновіч // Свечка на золкім паветры : эсэ / Алесь Марціновіч. Мінск, 2006. С. 374–396.
  11. Юркевіч, З. Станіслаў Жукоўскі / Зміцер Юркевіч // Культура. 2023. 10 чэрвеня (№ 23) . С. 14–15.
  12. Цімошык, Л. Май мастака Станіслава Жукоўскага : [пра паштовую марку да 150-годдзя з дня нараджэння жывапісца С. Ю. Жукоўскага] / Ларыса Цімошык // Звязда. 2023. 3 чэрвеня. С. 6.
  13. Шэйка, Д. Імпрэсія старасвецкага ладу : [выстава «Станіслаў Жукоўскі: пункт прыцягнення – сядзіба» адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі] / Данііл Шэйка // Культура. 2023. 27 мая (№ 21). С. 12.
  14. Васілеўскі, П. Мастак выбуховай настальгіі : [С. Жукоўскі] / Пётра Васілеўскі // Мастацтва. 2023. № 6. С. 20–21.
  15. Станіслаў Жукоўскі, 1873–1944 гг. // Культура. 2023. 1 красавіка (№ 13). С. 8–
  16. Юркевіч, З. Станіслаў Жукоўскі : [пра творчасць мастака С. Жукоўскага і сувязь Жукоўскіх з Шарашовам і Стараволяй] / Зміцер Юркевіч // Культура. 2023. 10 чэрвеня (№ 23). С. 14–15.
  17. Плэнерные истории : выставка «Подношение Жуковскому» открылась в Бресте // Народная газета. 2021. 12 февраля (№ 5). С. 12.
  18. Леонович, Ю. К Жуковскому поближе : [в брестском музее «Спасенные художественные ценности» открылась выставка, посвященная выдающемуся художнику-пейзажисту С. Жуковскому] / Юлиана Леонович // Знамя юности. 2021. 11 февраля (№ 6). С. 12.
  19. Аскера, В. Культура мінулага на палотнах Станіслава Жукоўскага / Вікторыя Аскера // Літаратура і мастацтва. 20 5 чэрвеня (№ 21). С. 13.
  20. Смайлік, А. Жывапісец са Стараволі / Алеся Смайлік // Раённыя будні. Пружаны, 2020. 23 мая. С. 12.
  21. Арлоў, У. Будынак у стылі «мадэрн» : [пра карціны С. Жукоўскага ў экспазіцыі Мастацкага музея ў Дняпры] / Уладзімір Арлоў // Культура. 9 сакавіка (№ 10). С. 15.
  22. Степан, В. В ожидании чуда : [про картину С. Жуковского «Ночь накануне Рождества»] / Владимир Степан // Народная газета. 2017. 29 снежня (№ 52). С. 15.
  23. Макарчук, В. Па слядах натхнення Станіслава Жукоўскага / Вольга Макарчук // Краязнаўчая газета. 2017. № 29. С. 6.
  24. Аскера, В. Сіла прыцягнення. Музей імя Станіслава Жукоўскага як вынік пленэру : [пра міжнародны пленэр жывапісу памяці Станіслава Жукоўскага.] / Вікторыя Аскера // Звязда. 2016. 6 жніўня. С. 8.
  25. Аскера, В. У стылі Жукоўскага : мемарыяльны музей славутага мастака мяркуюць стварыць з дапамогай удзельнікаў пленэру / Вікторыя Аскера // Літаратура і мастацтва. 5 жніўня (№ 31). С. 12.
  26. Зялевіч, А. У маі : [пра пейзаж «У маі» С. Жукоўскага] / Алена Зялевіч // Раённыя будні. Пружаны, 2015. 9 верасня. С. 8.
  27. Зялевіч, А. «Гасцёўня ў Брасаве» : [пра карціну С. Жукоўскага] / Алена Зялевіч // Раённыя будні. Пружаны, 2015. 19 жніўня. С. 8.
  28. Зялевіч, А. «Абрыў» : [пра карціну С. Жукоўскага] / Алена Зялевіч // Раённыя будні. Пружаны, 2015. 15 ліпеня. С. 8.
  29. Зялевіч, А. «Апошні снег» : [пра карціну С. Жукоўскага] / Алена Зялевіч // Раённыя будні. Пружаны, 2015. 17 чэрвеня. С. 8.
  30. Пракаповіч, Н. «Абуджэнцы» як працяг традыцыі : да 140-годдзя Станіслава Жукоўскага / Наталля Пракаповіч // Краязнаўчая газета. 2015. № 18. С. 5.
  31. Дыдышка, Н. Галоўная жанчына : [пра мастака С. Жукоўскага і жанчын у яго жыцці] / Ніна Дыдышка // Народная трыбуна. 2014. 14 сакавіка (№ 11). С. 9.
  32. Крэпак, Б. «Будзем шукаць новае ў сябе дома…» : [пра мастака С. Ю. Жукоўскага] / Барыс Крэпак // Культура. 2010. № 42. C. 15.
  33. Паўлючэнка, В. Загадкавыя і таямнічыя : пейзажыст з Пружаншчыны Станіслаў Жукоўскі / Вольга Паўлючэнка // Літаратура і мастацтва. 2012. 16 лістапада (№ 46). С. 16.
  34. Пракаповiч, Н. Пейзажыст Станіслаў Жукоўскі – ураджэнец Пружаншчыны / Наталля Пракаповіч // Рэха Берасцейшчыны. 2009. № 1. C. 9, 12.
  35. Карамазаў, В. Краса і воля : эсэ : [пра жывапіс С. Жукоўскага] / Віктар Карамазаў // Роднае слова. № 5. С. 95–96.
  36. Грамыка, М. «Няма таго, што раньш было…» : сядзібны пейзаж у беларускім мастацтве: Станіслаў Жукоўскі, Фердынанд Рушчыц / Марыя Грамыка // Роднае слова. 2006. № 11. С. 80–82.

 

Поделиться новостью: