• Чт. Ноя 7th, 2024

Пружанская районная библиотека им. М.Засима

ГУК "Пружанская централизованная библиотечная система"

15 верасня 2024 г. – 80 гадоў з дня нараджэння Якава Сямёнавіча Малайчука (1944–2015), педагога, харавога дырыжора, краязнаўца

Якаў Сямёнавіч Малайчук нарадзіўся 15 верасня 1944 г. у в. Дзераўная Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці ў сям’і сялян. Бацька загінуў на вайне ў 1945 г.

У 1961 г. Якаў Малайчук скончыў Імянінскую сярэднюю школу і паступіў у Брэсцкае музычнае вучылішча на дырыжорска-харавое аддзяленне. У 1963 г. з трэцяга курса быў прызваны ў Савецкую армію. Дэмабілізаваўшыся, прадоўжыў вучобу ў вучылішчы ў класе выкладчыка В. Г. Жукоўскай.

Пасля заканчэння вучылішча ў 1968 г. Якаў Малайчук быў накіраваны на працу дырэктарам Ружанскай музычнай школы Пружанскага раёна. У гэтым жа годзе арганізаваў і кіраваў у Ружанах хорам, які ў кароткі час стаў папулярным не толькі ў раёне, але і ў вобласці.

У 1971 г. пераведзены на працу дырэктарам Пружанскай музычнай школы (Пружанскай дзіцячай школы мастацтваў імя Р. Р. Шырмы). Працаваў дырэктарам 34 гады – з 10 лютага 1971 г. па 15 чэрвеня 2005 г., а затым – выкладчыкам. За гады працы дырэктарам школы стварыў добры, творчы калектыў выкладчыкаў і вучняў. Пазнаў галоўныя сакрэты сваёй прафесіі і гэта станоўча адбілася на творчых дасягненнях калектыву. Пружанская музычная школа – адна з лепшых у Брэсцкай вобласці.

Пры школе паспяхова працуюць тры дзіцячыя калектывы з ганаровым званнем «ўзорны» і тры калектывы выкладчыкаў, якія маюць званне «народны». Шмат выпускнікоў школы абралі мастацтва сваёй прафесіяй.

Саветам Міністраў БССР у 1978 г. школе прысвоена імя харавога дырыжора, фалькларыста, народнага артыста СССР, народнага артыста БССР, Героя Сацыялістычнай Працы Рыгора Раманавіча Шырмы (1892–1978). Пры школе ў 1982 г. Якаў Сямёнавіч стварыў мемарыяльны музей Р. Р. Шырмы (зараз «Памятны пакой народнага артыста СССР Р. Р. Шырмы»), дзе собраны ўнікальныя дакументы.

Памятны пакой Р. Р. Шырмы наведвалі жыхары і навучэнцы горада і раёна, а таксама дзеячы культуры Беларусі: народны артыст СССР Г. І. Цітовіч, народны артыст СССР, кампазітар І. М. Лучанок, народны артыст БССР, прафесар М. Дрынеўскі і інш. У 2009 г. экспазіцыя музейнага пакоя папоўнілася новымі фотаздымкамі, дакументальнымі матэрыяламі, якія былі выяўлены падчас экспедыцыі Я. С. Малайчука на малую радзіму артыста – у в. Шакуны. У час экспедыцыі адбыліся сустрэчы са сваякамі і суседзямі вядомага дзеяча. Я. С. Малайчук доўгія гады з’яўляўся нязменным экскурсаводам і захавальнікам музейнага пакоя, праводзіў вялікую працу па прапагандзе творчасці выдатнага дзеяча беларускай культуры.

У 1976 г. пры Пружанскім Доме культуры Якаў Малайчук стварыў гарадскі хор, які ўзначальваў да 1992 г. Хор у асноўным выконваў песні беларускіх кампазітараў і апрацоўкі народных песень. За высокае выканаўчае мастэрства хор узнагароджваўся рознымі граматамі і дыпломамі. Народны камерны хор дзіцячай школы мастацтваў імя Р. Р. Шырмы, якім з 2003 г. кіраваў Я. С. Малайчук, пастаянна ўдзельнічаў у раённых і абласных святах, рэспубліканскіх і міжнародных фестывалях. Выступаў у Мінску, Брэсце, Віцебску, на канцэртных пляцоўках у Польшча.

З 2003 г. Якаў Сямёнавіч кіраваў народным камерным хорам Пружанскага гарадскога Палаца культуры. У рэпертуары хора больш за 30 твораў замежных, беларускіх і рускіх кампазітараў, а таксама духоўная музыка. Хор пастаянна ўдзельнічаў у раённых і абласных святах, рэспубліканскіх і міжнародных фестывалях, з’яўляецца дыпламантам розных фестываляў і конкурсаў, часта спявае пры правядзенні богаслужэнняў у Пружанскім Аляксандра-Нейскім саборы.

Я. С. Малайчук унёс вялікі ўклад у развіцце культуры і вакальна-харавога мастацтва Пружаншчыны. Пры дапамозе Якава Сямёнавіча ў раёне адкрыты Ружанская, Шарашоўская дзіцячыя музычныя школы і Кляпачская дзіцячая школа мастацтваў.

Дзейнасць Якава Малайчука неаднаразова адзначалася граматамі і падзякамі розных узроўняў, у тым ліку граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. У 1999 г. за значны асабісты ўклад у памнажэнні духоўнага і інтэлектуальнага патэнцыялу Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 703 Я. С. Малайчук быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

Сын Я. С. Малайчука – Аляксандр Якаўлевіч Малайчук, таксама музыкант, кіраўнік духавога аркестра Ліноўскай дзіцячай школы мастацтваў з 1993 г. Калектыў неаднаразова заваёўваў узнагароды на шматлікіх музычных конкурсах.

Я. С. Малайчук пайшоў з жыцця 25 кастрычніка 2015 г, пахаваны ў Пружанах.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г. Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М. Засіма. Казлоўская Надзея Анатольеўна, бібліёграф АаіІ

 

  1. Малайчук Яков Семёнович // Пружанский район : история нашего времени. [Брест : Брестская типография, 2014]. С.
  2. Малайчук Якаў Сямёнавіч // Рупліўцы беларускага нацыянальнага адраджэння : грамадска-літаратурны даведнік / Іван Здановіч. Пружаны, 2008. С. 75–77.
  3. Зялевіч, А. Вядзе ў аркестры духавым труба… : [пра духавы аркестр Ліноўскай дзіцячай школы мастацтваў, якім кіруе Аляксандр Якаўлевіч Малайчук] / Алена Зялевіч // Раённыя будні. Пружаны, 2020. 10 кастрычніка. С. 4.
  4. Зялевіч, А. Памяці Якава Малайчука : [пра сустрэчу ў Палацы культуры, прысвечаную памяці Я. С. Малайчука] / Алена Зялевіч // Раённыя будні. Пружаны, 2016. 29 кастрычніка. С. 4.
  5. Сядова, І. З юбілеем, Якаў Сямёнавіч! : [70 гадоў з дня нараджэння Я. С. Малайчука – былога дырэктара Пружанскай дзіцячай школы мастацтваў] / Ірына Сядова // Раённыя будні. Пружаны, 2014. 17 верасня. С. 4.
  6. Василькова, Т. Волшебная сила культуры : [грамоту Брестского облисполкома получил Я. С. Малайчук – дирижер народного хора Пружанского городского Дворца культуры] / Тамара Василькова // Заря. 2014. 11 октября. С. 3.
  7. Каляда, Г. «Многія лета» юбіляру спявала ўся школа мастацтваў : [юбілей Я. С. Малайчука] / Галіна Каляда // Раённыя будні. Пружаны, 2004. 17 кастрычніка. С. 2.
  8. Малайчук, Я. Тут заўсёды музыка гучыць / Я. С. Малайчук ; гутарыла Галіна Каляда // Раённыя буднi. Пружаны, 1999. 18 снежня. С. 1–
  9. Юркевич, Н. Лучшие люди Брестчины : [о Я. С. Малайчуке директоре Пружанской детской школы искусств им. Г. Р. Ширмы] / Н. Юркевич // Заря. 1996. 24 декабря. С. 1.
  10. Лепшыя людзі раёна : Я. С. Малайчук // Раённыя будні. Пружаны, 1995. 21 кастрычніка.

 

 

Рэгіён:

Драгічынскі раён

Дзераўная

Пружанскі раён

Пружаны

Імёны:

Малайчук Якаў Сямёнавіч

Шырма Рыгор Раманавіч

Прадметы:

Педагогі

Дырыжоры

Краязнаўцы

Поделиться новостью:

Добавить комментарий