Пружанская районная библиотека им. М.Засима

ГУК "Пружанская централизованная библиотечная система"

Людміла Рублеўская і Віктар Шніп. Творчы дуэт

Ужо традыцыяй стала правядзенне для супрацоўнікаў сістэмы ў канцы года на базе цэнтральнай раённай бібліятэкі імя М.Засіма літаратурнага семінара. На гэты раз ён быў прысвечаны сучасным беларускім пісьменнікам – Людміле Рублеўскай і Віктару Шніпу.

Гэта сямейная пара піша свае творы на роднай мове, і ўсе яны прысвечаны Беларусі. Людміла Рублеўская адна з найбольш вядомых пісьменніц сучаснай Беларусі. Пра яе кажуць, што яна прадаўжальніца справы, пачатай Караткевічам. Сапраўды, пачынаючы сваю творчасць з паэзіі, зараз яна працуе ў жанры гістарычнага дэтэктыва. Аўтар больш трыццаці кніг розных жанраў — паэзія, проза, драматычныя творы, эсэ, крытыка. З’яўляецца ўладальнікам вялікай колькасці літаратурных прэмій і ўзнагарод. Віктар Шніп – паэт, празаік, перакладчык. Віктар Анатольевіч доўгі час кіраваў выдавецтвам “Мастацкая літаратура”, зараз займае пасаду намесніка дырэктара выдавецтва “Мастацкая літаратура” і галоўнага рэдактара часопіса “Полымя”. Загадчык аддзела маркетынга, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы пазнаёміла прысутных з творчасцю гэтых пісьменнікаў.

Цікава і цёпла прайшла анлайн-сустрэча з творчай парай. Людміла Іванаўна і Віктар Анатольевіч шчыра адказвалі на пытанні. Кожны з іх дзяліўся тым, што натхняе іх на стварэнне сваіх твораў, а таксама пра свае далейшыя творчыя планы. Час, адведзены для анлайн-сустрэчы, прайшоў хутка. Напрыканцы Людміла Рублеўская і Віктар Шніп паабяцалі наведаць наш горад і бібліятэку.

Кетрык І.А., загадчык аддзела маркетынга, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы

Поделиться новостью: