21 кастрычніка — неафіцыйны Дзень памяці яўрэяў, загінуўшых у Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Як вядома, фашысты, ажыццяўляючы палітыку “юдэн-фрай” (стварэнне тэрыторый, свабодных ад яўрэяў), за тры гады акупацыі знішчылі на тэрыторыі нашай краіны 865 тысяч яўрэяў, у тым ліку 55 тысяч з сямі захопленых Германіяй еўрапейскіх дзяржаў. Да 1944 года ў вызваленай Беларусі яўрэяў амаль не засталося, за выключэннем тых, хто ваяваў з захопнікамі ў партызанскіх атрадах.
Як гэта было: Пружанскае гета 1942 года
Гітлераўцы знішчалі яўрэяў з асобай жорсткасцю, прызначаючы карныя акцыі да яўрэйскіх рэлігійных свят. У адзін з такіх дзён, 21 кастрычніка 1943 года, ліквідавалі апошніх вязняў 100-тысячнага мінскага гета. I зараз, праз 56 год, людзі памятаюць гэты чорны дзень жудаснага праяўлення чалавечай жорсткасці.
23 чэрвеня 1941 года нямецкія войскі захапілі |г. Пружаны. Адразу акупацыйная ўлада пачала ствараць яўрэйскае гета. За калючым дротам апынуўся ўвесь цэнтр Пружан — вуліцы Кобрынская, Свабоды, Леніна, Кірава, Астроўскага, Тармасава. Пачалося засяленне. Высялялі ўсе яўрэйскія сем’і з суседніх вуліц, на машынах прывозілі сотні людзей з Шарашова, Брэста, Беластока. Перад засяленнем у гета ў людзей адбіралі ўсе рэчы, а потым засялялі па 3-4 сям’і ў кватэру, некаторыя вымушаны былі будаваць зямлянкі. Дзялілі на заходніх і ўсходніх. Больш здзекваліся над заходнімі яўрэямі. Адзінкам пашчасціла выратавацца ад гэтага аду. Іx схавалі ў сябе сем’і беларусаў.
Каб выжыць у гета, людзі аб’ядноўваліся ў абшчыны, дапамагалі адзін аднаму як маглі. Усё працаздольнае насельніцтва ганялі на працу. Амаль кожны тыдзень прызначалася кантрабуцыя: «50 кішэнных гадзіннікаў ці 100 чалавек на расстрэл» ці «за 20 хвілін 100 коўдраў ці 500 чалавек на расстрэл». Кожнаму давалі нумар, каб не выкарыстоўваліся імёны і прозвішчы. Расстрэлы праводзіліся ва ўрочышчы Слабудка пад Пружанамі.
У гета былі створаны ўсе ўмовы для знішчэння яўрэяў. На дзень працуючаму давалі 500 грамаў хлеба. Не дазвалялася хадзіць па тратуарах, толькі па цэнтры вуліцы. Бывалі выпадкі, калі вязняў проста прымушалі бегаць, каб вылучыць хворых і расстраляць.
Такое ж самае гета па загаду Слонімскага гебітс-камісара было створана ў мястэчку Ружаны ў раёне заходняй часткі. Туды зганялі яўрэйскае насельніцтва з суседніх вёсак і раёнаў. У гета налічвалася каля 4000 чалавек.
27 студзеня 1943 года Пружанскае гета было ліквідавана. Уцалелых на падводах завезлі на станцыю Аранчыцы, дзе частку расстралялі, а астатніх адправілі ў канцлагер Асвенцым.
Такі ж лёс напаткаў Ружанскае гета. 2 лістапада 1942 года ўсё насельніцтва гета выгналі за горад, выстраілі ў калоны і пагналі ў бок г.Ваўкавыска. Адстаючых расстрэльвалі. Уцалелых трымалі ў лагеры некаторы час, а потым усіх знішчылі.
Адначасова было выгнана і знішчана ўсё яўрэйскае насельніцтва в. Канстанцінава.
Сідарэнка, А. Як гэта было: Пружанскае гета 1942 года / Алег Сідарэнка // Раённыя будні. 1999. 26 кастрычніка. С. 4.