Пружанская районная библиотека им. М.Засима

ГУК "Пружанская централизованная библиотечная система"

Помніць усіх і кожнага

У гады фашысцкай акупацыі гітлераўцы знішчылі ў Пружанах, Ружанах і Шарашове 19674 мясцовыя жыхары. Хто гэтыя людзі? Кавалі, цесляры, абутнікі, шаўцы, мельнікі, дробныя гандляры, земляробы… У пераважнай большасці яўрэі.

Шмат стагоддзяў жылі яўрэі на Пружаншчыне. Заходняя Беларусь была мяжой аседласці гэтага наро­да. У вялікіх гарадах Расіі яўрэям жыць забаранялася. Перад Айчыннай вайной у Пружанах пражывала 11 тысяч чалавек. У тым ліку 6 тысяч яўрэяў. Яўрэі складалі значную частку насельніцтва Шарашова і Ружан. У гітлераўсіх планах знішчэння карэннага насельніцтва рэспублікі яўрэі значыліся ў ліку першых.

Але фашысты не шкадавалі і людзей іншых нацыянальнасцей на захопленых імі тэрыторыях. Звяртаючыся да салдат сваёй арміі, Гітлер гаварыў: «Салдат! У цябе няма сэрца і нерваў. На вайне яны не патрэбны. Знішчы ў сабе літасць і спачуванне. Забівай усякага. Не спыняйся, калі перад табой стары ці жанчына, дзяўчынка ці хлопчык — забівай. Гэтым ты выратуеш сябе ад пагібелі, забяспечыш будучае сваёй сям’і і праславішся навекі». За гэ­тымі словамі была страшэнная справа. А вось пералік спаленых вёсак і знішчаных жыхароў: Байкі — 987 чалавек (120 двароў), Казлы — 10 чалавек (210 двароў), Клепачы — 77 чалавек (120 двароў), Краснае — 93 чалавекі (85 двароў), Ліхачы — 44 чалавекі (48 двароў), Лыскава — 536 чалавек (90 двароў), Нямковічы — 25 чала­век (40 двароў), Кацёлкі — 25 чалавек (40 двароў), Пасталова — 22 чалавекі (21 двор), Сілічы — 45 чалавек (56 двароў), Труханавічы — 24 чалавекі (55 двароў), Чадзель — 38 чалавек (92 двары), Чахец — 47 чалавек (89 двароў).

А давайце нагадаем гета ў Пружанах. Аб тых жудасных днях успамінае былы вязень гета, а затым канцлагера Асвенцым Юдэль Ніцберг:

— У чэрвені 1943 года прыбылі ў гета падводы. Нас вывозілі на чыгуначную станцыю Аранчыцы, дзе ўжо чакалі таварныя вагоны ці, як называлі іх, «цялятнікі». У кожны «цялятнік» заганялі па 80 — 90 чалавек. Куды вязуцуь — не ведалі, пакуль не апынуліся ў Асвенцыме. Калі нас выводзілі з вагонаў, то з кожнага выносілі па 5 — 10 нябожчыкаў. Затым правялі адбор. Маладых — направа, старых — налева. Праз некаторы час мы даведаліся, што ўсіх «левых» знішчылі. У лагеры загінулі мой бацька, маці, сястра і брат. Іх атруцілі выхлапнымі газамі ў спецыяльна абсталяваных душагубках, а затым спалілі ў крэматорыі. Цяпер, напэўна, не ўсе ўяўляюць сабе, што та­кое крэматорый. Гэта «прадпрыемства» нагадвае домен­ную печ. Яе нельга было глушыць, таму што цяжка растапіць. Крэматорый працаваў без перапынку, пастаянна патрабуючы «паліва», у якасці якога служылі людзі. Гэтыя дзве «тэхналогіі» (газавая камера і крэмато­рый) патрабавалі строгай вытворчай дысцыпліны. У першую чаргу адладжанага забеспячэння «палівам». Здаралася, вагоны з яўрэямі спазняліся і «паліва» не хапала. У такім выпадку на «паліва» ішлі вязні з якога-небудзь блока. Усе мы з жахам чакалі, які з блокаў паслужыць для гэтай мэты, і ў думках развітваліся з жыццём.

У саўгасе-тэхнікуме ёсць карта найбольш буйных канцлагераў. Над кожным — лічбы знішчаных вязняў. Іх больш за шэсць мільёнаў. У тым ліку больш 12 тысяч з Пружанскага раёна.

А цяпер аб самым балючым. На Пружаншчыне ў кожным буйным сяле ёсць помнікі аднавяскоўцам, загінуўшым ад рук гітлераўцаў і іх памагатых. У 1992 годзе выйшла з друку кніга «Памяць. Пружанскі раён», у якой не знайшлося месца 12 тысячам яўрэяў, загінуўшых у гады ліхалецця. Ды і да гэтага часу няма ні помніка, ні знака загінуўшым жыхарам г. Пружаны. Не толькі яўрэям, але і беларусам, рускім, палякам. Чаму так?

Кожны раз, стоячы ля помніка воінам-вызваліцелям (пры вызваленні Пружан загінула 312 чалавек), я думаю, чаму больш як 6 тысяч яўрэяў, амаль столькі грамадзян іншых нацыянальнасцей — жыхароў горада не заслужылі простай чалавечай памяці?

М. ШУЛЬМАН

Шульман, М. Помніць усіх і кожнага / Міхаіл Шульман // Раённыя будні, Пружаны. 1996. 25 чэрвеня. С. 3.

 

Поделиться новостью:

Добавить комментарий