Многае можна забыць — сённяшнюю ўдачу, учарашняе засмучэнне, аднак ніколі не выйдуць з памяці даўнішнія падзеі франтавых дарог. Праходзяць гады, а яны зноў і зноў урываюцца ў жыццё. I ты ўспамінаеш бой на Курскай дузе і Зеслаўскіх вышынях, на Кюстрынскім плацдарме і ў Берліне. Успамінаеш, як у танкавым шлемафоне раздавалася каманда:
— Ваня, справа — фашысцкая самаходка, беражыся!
I ты машынальна разварочваеш вежу танка, схопліваеш самаходку ў перакрыжаванне прыцэлу, прывычна націскаеш на электрапуск. Выстрал — і варожая «пантэра» заклубілася чорным дымам. А дзесьці на фланзе глуха грымнула гармата. Рэзкі ўдар па металу, сударгавата ўздрыгнуўся твой танк. Прабіты бакі, шыпячая салярка разліваецца па днішчы: машына гарыць.
Нямала такіх момантаў было на беларускай зямлі. Асабліва жорсткія былі баі пры вызваленні Пружан.
Бой за Пружаны пачаўся далёка за іх межамі. Вораг загадзя рыхтаваў рэзервавымі часцямі абарончы рубеж па рацэ Ясельда. Ён не хацеў пазбавіцца шашэйных дарог, якія давалі яму магчымасць манеўраваць войскамі. З выхадам нашых часцей да Ясельды фашысты сустрэлі нас арганізаваным агнём і контратакамі. Асабліва моцна трымаліся яны за Бярозу, Сялец, Залессе. Гэтыя населеныя пункты былі ператвораны ў супрацьтанкавыя вузлы супраціўлення. Двое сутак ішоў бой з пераменным поспехам, некалькі разоў гэтыя пункты пераходзілі з рук у рукі. Падышоўшая 28 пяхотная нямецкая дывізія мела шмат танкаў і самаходнай артылерыі. Поспех намеціўся толькі тады, калі падышлі нашы агульнавайсковыя злучэнні, якія занялі тады пазіцыі корпуса, а нашы брыгады на чале з генералам С. М. Крывашэіным былі сканцэнтраваны ў лесе паўночней Смаляніцы.
15 ліпеня 1944 года, абыходзячы Пружаны з паўночнага захаду, 219 танкавая і 37 механізаваная брыгады ва ўзаемадзеянні з агульнавайсковымі злучэннямі 28 арміі нечаканым ударам змялі варожую абарону, перарэзалі шашэйныя дарогі на Ружаны і Белавежу, захапілі Засімавічы, перадавыя падраздзяленні, выйшлі на заходнюю ўскраіну Пружан, стварыўшы пагрозу акружэння фашысцкай групоўкі.
Здрыгануўся вораг у асноўнай абароне. Аднак у другой палавіне дня гітлераўцы падцягнулі свежыя рэзервы і нанеслі контратаку цяжкімі танкамі ў фланг нашым наступаючым часцям. У паветры павісла авіяцыя генерала Дэхласа. Бой прыняў вельмі жорскі характар. Грукат артылерыйскай кананады зліўся з магутным гулам танкавых матораў і прарэзлівым выццём «юнкерсаў». Ад узрываў бомб і снарадаў фантанамі ўздыбвалася зямля. Горад гарэў, гарэлі варожыя «тыгры» і «пантеры», вуліцы зацягнула чорным дымам і гарам, часта танкі сыходзіліся на таран.
У баях за Пружаны воінамі нашага корпуса быў праяўлены масавы гераізм. Так, ноччу з 14 па 15 ліпеня сержант Сяргей Гладышаў і яфрэйтар Іван Селевестраў, з вялікай апаснасцю для жыцця, з групай разведчыкаў-сапёраў захапілі мост праз Ясельду. Яны без выстралу знішчылі ахову, размініравалі мост, падрыхтаваны гітлераўцамі да ўзрыву.
Камандзір 3-й танкавай роты Герой Савецкага Саюза капітан П.С. Кітчанка, ведучы ў бой сваю роту, вырваўся наперад і адарваўся ад свайго падраздзялення. Немцы перахапілі яго, адрэзалі ад асноўнай групы танкаў. Але герой не разгубіўся. Ён на поўным хаду праскочыў у цэнтр горада. Каля памяшкання нямецкай ратушы Кітчанка раздавіў некалькі легкавых аўтамабіляў. На максімальнай скорасці яго танк насіўся па вуліцах Пружан, давіў павозкі і артылерыю. Усё гэта было нечакана. Былі адважныя фрыцы, якія спрабавалі спыніць «трыццацьчацвёрку», але яна была непаражальная. Па адной з вуліц капітан прарваўся на Белавежскую шашу, потым праз баявыя парадкі варожай пяхоты вярнуўся ў размяшчэнне сваіх войск. Гэты беспадобны і непаўторны подзвіг стварыў паніку ў тыле ворага.
Леанід Ільіч Брэжнеў ў сваёй кнізе «Малая зямля» так характарызуе гэтыя мінуты савецкага воіна: «Вядома, пачуццё страху перад смерцю ўласціва людзям, гэта натуральна. Аднак рашэнне ў крытычную мінуту прыходзіла быццам бы само сабою, падрыхтаванае ўсім мінулым жыццём. Значыць, ёсць нейкі рубеж, нейкае імгненне, калі ў воіна-патрыёта свядомасць свайго абавязку перад Радзімай заглушае і пачуццё страху, і боль, і думку аб смерці. Значыць, не безадказнае гэта дзеянне — подзвіг, а перакананасць у праваце і велічы справы, за якую чалавек свядома аддае сваё жыццё». З такім рашэннем ішлі на захоп моста камсамольцы Гладышаў і Селевестраў, з такім рашэннем здзейсніў подзвіг і камуніст Кітчанка.
Бой за Пружаны працягваўся да позняга вечара 16 ліпеня. У другой палавіне дня гітлераўцы сабралі свае рэзервы і хацелі выбіць нас з Пружан. Але танкісты пад камандаваннем падпалкоўніка Яршова перахапілі шашу Пружаны-Відамля і стварылі пагрозу акружэння варожых войск. Фашысты суцэльным патокам адыходзілі па шашы на Брэст.
З той пары прайшло 34 гады. Час сцёр раны вайны, аднак ён няўладны над памяццю людскою. Палітая крывёю беларуская зямля засталася навечна ў памяці, навечна роднай. I вось па склаўшайся традыцыі былыя воіны 1-га Краснаградскага механізаванага корпуса ў ліпені гэтага года збіраюцца ў Пружанах на свой чарговы, шосты злёт. Ветэраны пабываюць на прадпрыемствах, у калгасах і саўгасах раёна, раскажуць жыхарам аб падзеях незабыўных дзён, наведаюць гістарычныя месцы баёў і ўшануюць памяць тых, хто загінуў у баях за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы.
І. ЮРКОЎ, палкоўнік у адстаўцы, былы начальнік разведкі корпуса.
НА ЗДЫМКУ: Герой Савецкага Саюза П. С. Кітчанка
Юркоў, І. Пружанскі бой / І. Юркоў // Зара камунізму. 1978 г. 24 чэрвеня.