Вяд. Добры дзень, прыхільнікі беларускай літаратуры! Сёння з вамі мы бліжэй пазнаёмімся з жыццём і творчасцю вядомага беларускага пісьменніка Івана Мележа. 8 лютага споўнілася 105 год з дня яго нараджэння. Іван Мележ увайшоў у гісторыю беларускай літаратуры найперш як аўтар “Палескай хронікі” — шырокавядомага цыкла раманаў. Празаік стварыў цэлае багацце яркіх і каларытных народных тыпаў.
Нарадзіўся Iван Паўлавіч Мележ у 1921 г. ў в. Глінішча Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. Бацькі, Павел Фёдаравіч і Марыя Дзянісаўна, былі малазямельнымі сялянамі. Пачатковую адукацыю атрымаў у мясцовай школе. Затым вучыўся ў сямігодцы, што ў Алексічах. Сярэднюю школу закончыў у 1938 у Хойніках з атэстатам выдатніка. У школьныя гады шмат маляваў, марыў стаць мастаком, удзельнічаў у драматычным гуртку. У старэйшых класах захапіўся творамі беларускіх і рускіх пісьменнікаў.
Пісьменнік вельмі любіў сваё Палессе. Пазней Мележ прызнаваўся: “Гэта яны, тыя далёкія гады і тыя… родныя людзі выклікалі да жыцця мае кнігі”.
У 1938 паступаў у Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры, але не прайшоў па конкурсе. Вярнуўся ў родныя мясціны, працаваў загадчыкам аддзела піянераў Хойніцкага райкама камсамола. У 1939 стаў студэнтам таго ж інстытута, але з першага курса быў прызваны ў армію. Вялікую Айчынную вайну сустрэў у Карпатах, пры самай граніцы. Адступаючы, удзельнічаў у кровапралітных баях. Некалькі разоў трапляў у акружэнне. У снежні 1941 года быў паранены. Працаваў у газеце “Красноармейская правда” 51-й стралковай дывізіі. Летам 1942 года Іван Мележ ізноў быў цяжка паранены — асколак раздрабіў правае плячо. Доўгі час ён пісаў левай рукой.
Для папраўкі здароўя Іван Паўлавіч атрымаў водпуск і адправіўся паглядзець Расію — радзіму класікаў рускай літаратуры, пра што марыў з юнацтва. У горадзе Бугуруслане, што на паўднёвым Урале, Мележ пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Лідзіяй Пятровай.
Мусіць, для таго каб “прыгледзецца”, ён і затрымаўся ў Бугуруслане амаль на год. У красавіку 1943 года, не сказаўшы нікому ні слова, яны пайшлі ў загс і распісаліся. Вяселлі не ладзілі. У 1944 годзе ў Бугуруслане ў іх нарадзілася дачка Людміла. Праз некаторы час Мележы пераехалі ў Мінск.
Нягледзячы на падарванае вайной здароўе, Іван Мележ лічыў, што яму вельмі пашанцавала: ён уцалеў пад кулямі, у той час як большасць ягоных аднапалчан не вярнуліся дадому. 20-гадоваму Івану Паўлавічу дактары сказалі, што з-за праблем з ныркамі вялікім шчасцем будзе, калі ён дажыве да 40 гадоў. І ён спяшаўся жыць, спяшаўся зрабіць як мага больш.
Пачаў пісаць Мележ яшчэ школьнікам. Першы яго верш “Радзіме” быў надрукаваны ў 1939 годзе ў камсамольскай газеце “Чырвоная змена”.
На вайне ён рабіў дзённікавыя запісы, якія ў апрацаваным выглядзе падрыхтаваў да друку, назваўшы “Першая кніга”. Яна была апублікавана пасля смерці празаіка ў 1978 годзе. У гэтай кнізе няма нічога выдуманага, усё грунтуецца на дакументах і фактах. Тут шмат яскравых падрабязнасцей франтавога побыту, цікавых назіранняў будучага пісьменніка, штрыхоў да партрэтаў. У дзённіку адлюстраваны малюнкі трагічнай пары адступлення 1941 года, паказаны цяжкасці побыту ў тыле.
У 1943—1944 гадах Мележ выкладаў ваенную падрыхтоўку ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, які распачаў сваю працу на станцыі Сходня пад Масквой. Адначасова вучыўся завочна на філалагічным факультэце.
Пасля ён займаўся ў аспірантуры, пісаў кандыдацкую дысертацыю па творчасці Кузьмы Чорнага. 24 лістапада 1944 года ў газеце “Звязда” з’явілася апавяданне “Завіруха”, прысвечанае памяці Кузьмы Чорнага. У гэтым апавяданні выявілася многае з таго, што стала характэрным у прозе Мележа: увага да “тыповых абставін”, да псіхалогіі чалавека, драматычны сюжэт. А самае галоўнае — празаік стварыў пераканальны мастацкі вобраз героя.
Пасля заканчэння аспірантуры Іван Мележ некаторы час выкладаў беларускую літаратуру ў БДУ. Па словах пісьменніка, “дысертацыі не напісаў — замест яе напісаў некалькі кніжак прозы”. У першыя пасляваенныя гады яго незвычайна захапіла літаратурная творчасць. Ён пачаў актыўна друкавацца на старонках часопісаў і газет, выдаў свае першыя кнігі прозы “У завіруху” (1946), “Гарачы жнівень” (1948). У аповесці “Гарачы жнівень” упершыню выявілася пачуццё замілавання аўтара да Палесся, яго землякоў.
У гэты ж пасляваенны час пісьменнік напружана працаваў над раманам “Мінскі напрамак”, які стаў адным з першых у беларускай літаратуры панарамным палатном, прысвечаным вызваленню Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў летам 1944 у ходзе аперацыі “Баграціён”. Задача была маштабная: паказаць фронт і тыл, падполле і партызанскае змаганне, трагедыю вайны і подзвіг народнага духу. Іван Мележ грунтоўна вывучаў дакументы, працаваў у архівах, знаёміўся з магчымымі прататыпамі герояў.
У сярэдзіне 50-х гадоў Мележ вяртаецца да апавяданняў, у яго творчасць уваходзяць новыя вобразы, матывы. Выйшлі зборнікі “Блізкае і далёкае” (1954), “У гарах дажджы” (1957) і “Што ён за чалавек” (1961).
Аднак самым галоўным творчым здзяйсненнем пісьменніка стала “Палеская хроніка”. Гэтай назвай звычайна аб’ядноўваюць тры раманы — “Людзі на балоце” (1961), “Подых навальніцы” (1965) і “Завеі, снежань” (1976). Па ацэнках крытыкаў, ён стварыў нацыянальную эпапею, якая з’яўляецца выдатнай з’явай у беларускай прозе ХХ стагоддзя. Першыя два раманы з “Палескай хронікі” прынеслі Івану Мележу званне лаўрэата Ленінскай прэміі.
Задума напісаць твор пра роднае Палессе і палешукоў з’явілася ў І. Мележа даўно. Яшчэ ў 1946 г. у сваім рабочым блакноце ён зрабіў запіс: “Напісаць аповесць пра Палессе”. Ён меркаваў, што напіша кнігу пра меліяратараў, жыццё палешукоў у пасляваенныя гады. Калі ў пачатку 1956 г. ён прыступаў да ажыццяўлення даўняй задумы, то яму ўжо хацелася стварыць “раман аб простых людзях беларускага Палесся”.
/ урывак з фільму “Людзі на балоце” (1982) /
З 1966 па 1974 гг. Іван Мележ быў намеснікам старшыні Праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. Звольніўся з гэтай пасады па ўласным жаданні па стане здароўя. Цяжкая хвароба не адпускала яго.
Чулае сэрца сапраўды народнага пісьменніка перастала біцца, калі яму было ўсяго 55 гадоў 9 жніўня 1976 года. “Палеская хроніка” (а Мележ, пра што малавядома, задумваў яе ў 5 кнігах) засталася незавершанай. І ўсё ж ён паспеў вельмі шмат. Стварыць дружную сям’ю. Выхаваць годных дачок. Пакінуць аб сабе добрую памяць. І канешне, кнігі, якія і сёння дапамагаюць асэнсаваць саміх сябе, свае карані, свой шлях.
Чытайце кнігі Івана Мележа! І прыходзьце да нас у Пружанскую бібліятэку!
Складальнік: нам. дырэктара ДУК “Пружанская ЦБС” Аляксеева В.В.
Крыніцы.
- “А на зямлі яго не згасне свет” // Бiблiятэка прапануе. — 2011. — №1. — C.17.
- Іван Мележ. – Тэкст электронны // Могилёвская областная библиотека имени В.И. Ленина : [сайт]. – URL : https://libmogilev.by/virtual-exhibitions/personal-melezh-01.html.
- Іван Мележ. – Тэкст электронны // Profil.adu.by : [сайт]. – URL : https://profil.adu.by/mod/book/view.php?id=3758.
- Іван Мележ : жыццёвы і творчы шлях. – Тэкст электронны // Народныя паэты і пісьменнікі Беларусі : [сайт]. – URL : https://narbel.bsu.by/ivan-melezh-zhyccyovy-i-tvorchy-shlyax/.