• Пт. Апр 26th, 2024

Пружанская районная библиотека им. М.Засима

ГУК "Пружанская централизованная библиотечная система"

Васіль Андрэевіч Клімашэвіч

ГЭТЫ ДЗЕНЬ МЫ НАБЛІЖАЛІ, ЯК МАГЛІ…

Васіль Андрэевіч КЛІМАШЭВІЧ (4.04.1925-15.05.1999), в.Комлішча Хараўскога сельсавета

Мой тата Васіль Андрэевіч Клімашэвіч пайшоў на вайну ў 1944-ым годзе, калі раён быў вызвалены ад фашысцкай чумы. Потым ён расказваў нам, дзецям, як, развітваючыся з роднымі, звярнуўся да найстарэйшага жыхара сваіх Комлішчаў па блаславенне. Дзед, не злазячы з печы, перахрысціў тату, а бабуля дала з сабой у дарогу маленькую іконку…

Ён быў зусім маладым, толькі споўнілася 19 гадоў. Ваяваў на Першым Беларускім фронце, кулямётчыкам у складзе Другой Гвардзейскай Чырванасцяжнай танкавай арміі, у званні радавога. Прымаў удзел у вызваленні Польшчы, з баямі дайшоў да самага Берліна. Быў паранены. Але, відаць, ахоўваемы ўвесь гэты час шчырым блаславеннем землякоў, застаўся ў жывых і вярнуўся ў родную вёску.

Памятаю адзін эпізод: мы з сястрой весела гуляем з татам, смяемся, спрабуючы ўзабрацца на голую спіну. I раптам я спыня- юся, убачыўшы шрам на яго паясніцы: «Што гэта такое?». Твар таты адразу становіцца сур’ёзным: «Гэта, дзеці, вайна…»

АБ ТАТАВАЙ вайне нагадваюць мне ўзнагароды: медалі «За адвагу», «За вызваленне Варшавы»,

«За ўзяцце Берліна», ордэн Вялікай Айчыннай вайны… Разам з імі я беражліва захоўваю два Загады Вярхоўнага Галоўнакамандуючага (датаваныя 23 красаві- ка і 2мая 1945 года) наконт аб’яўлення падзякі «за прарыў абароны немцаў і ўступленне ў Берлін» і за «авалоданне сталіцай Германіі».

Колькі сябе памятаю, самым галоўным святам (нават галоўней, чым Новы год з Дзедам Морозам!) было ў нас 9 Мая — Дзень Перамогі. 3 самага ранку тата прасаваў кашулю, даставаў з шафы прыгожы святочны касцюм, на якім золатам паблісквалі ўзнагароды.

I мы разам ішлі на парад. Крочачы па тротуары, я з задавальненнем адзначала, што ён — самы прыгожы ветэран ва ўсёй святочной калоне…

Ён заўсёды быў стрыжнем нашай сям’і. Нам усё было лёгка калі побач быў тата. Клапатлівы, добры, уважлівы…

ЁН ВЯРНУЎСЯ з вайны ў 1949-ым. Адразу пайшоў вучыцца на курсы рахункаводаў. Потым паступіў у аўтадарожны тэхнікум, дзе атрымаў спецы- яльнасць тэхніка-механіка. Працаваў у аўтапарку №11.

У 1960 годзе ў нашай сям’і здарылася вялікае няшчасце: з-за халатнасці ўрача памерла мая старэйшая сястрычка Ларыска. Асабліва цяжка перажывала яе смерць мама. Нам параілі памяняць месца жыхарства. Пераехалі на некаторы час у Лунінец, але потым зноў вярнуліся на радзіму. Дзе б ні працаваў тата: на толькі што адкрытым заводзе радыёдэталей, на сельскагаспадарчай доследнай станцыі, у саўгасе-тэхнікуме — усюды адносіліся да яго з павагай і гонарам. Ён быў адзначаны медалём «Ветэран працы».

Для мяне тата быў і бацькам, і сябрам адначасова. Ён купіў мне канькі, вучыў мяне, малую, ездзіць на мапедзе і машыне, мы любілі збіраць грыбы і купацца ў рэчцы… Ён быў членам бацькоўскага камітэта, заўсёды хадзіў на бацькоўскія сходы. Калі мы атрымалі кватэру ў Пружанах, тата садзіў каля нашага шматпавярховага дома дрэвы. Гляджу цяпер, як яны ўпрыгожылі двор, і ўспамінаю яго клапатлівыя рукі і нястомнае сэрца…

ЧАСТА я спакваля любавалася сваімі бацькамі: якія яны былі прыгожыя і шчаслівыя разам!

На жаль, цяпер вымушана гаварыць гэта ў мінулым часе. Сёлета споўніцца 12 год як пайшоў з жыцця тата, хутка шэсць гадоў як памерла мама…

Я заўсёды старалася спраўдзіць іх надзеі. Пасля заканчэння юрыдычнага аддзялення Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта працавала ў Баранавічах. Спачатку — суддзёй, потым — загадчыцай аддзела сацыяльнага забеспячэння райвыканкама. Прафесійныя абавязкі перашкаджалі часта бачыцца з бацькамі. Але ўсе святы і водпускі я птушкай ляцела ў родныя Пружаны…

Вясною 1999 года я забрала хворую маму на абследаванне ў Баранавіцкую бальніцу. Тэлефанавала дахаты па некалькі разоў на дзень: баялася за тату, у якога было хворае сэрца. Кожны раз ён супакойваў у адказ: «Не хвалюйся, дачка, усё ў мяне нармальна!» А аднойчы тэлефаную раз, другі, трэці… Ніхто не паднімае трубку…

Тата памёр ад ішамічнай хворобы сэрца.

Я да цяперашняга часу не перастаю сябе дакараць, што недаглядзела…

Васіль Андрэевіч Клімашэвіч пахаваны на могілкаху вёсцы Смаляніца. На помніку надрукавана эпітафія ад самых родных людзей — мамы і дачкі: «Ты жыў прыгожа: у працы і клопатах і гэта не забыць нам ніколі».

23 лютага для мяне асаблівы дзень. Мой тата таксама быў абаронцам — адным з мільёнаў адданых сыноў сваёй Айчыны.

Тамара КЛІМАШЭВІЧ.

Фота з сямейнага архіву.

 

Клімашэвіч, Т. Гэты дзень мы набліжалі як маглі : пра ветэрана вайны Васіля Андрэевіча Клімашэвіча / Тамара Клімашэвіч // Раённыя будні, Пружаны. 2011. 23 лютага. С. 4.

Поделиться новостью: