• Сб. Апр 27th, 2024

Пружанская районная библиотека им. М.Засима

ГУК "Пружанская централизованная библиотечная система"

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Васіль Яфімавіч Габец

У ліпені 1944 года пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў апранулі салдацкую форму і пайшлі ваяваць больш за 400 шарашоўцаў. Вярнуліся з вайны толькі 210. Васіль Габец быў у іх ліку.

Баявая біяграфія Васіля Яфімавіча пачалася 28 ліпеня. За асаблівае старанне і ўменне, якое салдат праявіў у час вучобы ў Волагдзе, яму выдалі вінтоўку з аптычным прыцэлам. Аднак сядзець снайперам у засадах, выследжваючы праціўніка, Васілю не прыйшлося. Ішло імклівае наступленне, і лепшы стралок узвода быў на яго пярэднім фланзе.

Другі Беларускі фронт, у складзе якога ваяваў Габец, вызваляў Польшчу. На яе тэрыторыі 24 кастрычніка і атрымаў Васіль Яфімавіч сваё першае баявое хрышчэнне. Гэтую дату ён памятае дакладна. А вось назву населенага пункта не запомніў.

— Браць вялікія гарады мне не давялося,— вінавата тлумачыць ён,— а дробныя не паспяваў запамінаць. Хто лічыў, колькі іх было на той ваеннай дарозе?

-Увесь гэты шлях пазначаны магіламі маіх аднапалчан,— расказвае Васіль Яфімавіч,— Здаралася, што зранку ў бой ішоў цэлы ўзвод, а к вечару ад яго заставаліся ўсяго адзін-два байцы…          Потым нездарма гэты накірунак на Гданьск назвалі вогненным. Зямля гудзела ад артылерыйскіх залпаў. Вораг упарта трымаўся за кожны яе кавалачак.

-Таварышы побач падаюць, а ты, нягледзячы ні на што, бяжыш прама пад кулямі,— успамінае Васіль Яфімавіч.— Але страху не было. Малады быў, смелы. Думаў: «Няўжо мяне заб’юць?» Страх з’явіўся потым, у шпіталі, калі ўжо адзначылі Перамогу і пачаліся размовы наконт вайны з Японіяй. Каму не хочацца жыць у няпоўныя 24 гады!

Васіль Габец быў цяжка паранены 17 лютага. Адбылося гэта ў 30 кіламетрах ад Варшавы.

«Капі мяне параняць ці заб’юць,— напярэдадні гаварыў юнаку лейтэнант,— ты будзеш за камандзіра». Атрымалася наадварот: на доўгія тры месяцы Васіль аказаўся ў шпіталі.

У час аперацыі франтавы хірург у спешцы не прыкмеціў і пакінуў у яго назе адзін з асколкаў. Выявілася гэта толькі праз дзясятак гадоў на раённай урачэбнай камісіі, калі праходзіў афармленне на інваліднасць. Тады класціся ў бальніцу не захацелася, і вось ужо 67 гадоў ветэран носіць гэты асколак у сваім целе.

Увесь гэты час надзейнай падтрымкай і апорай для яго з’яўлялася жонка Марыя Мікалаеўна, якая ў гады Вялікай Айчыннай вайны зведала нямала ліха ў фашысцкім рабстве. 92-гадовы ветэран, інвалід вайны не прывык хадзіць па ўстановах з патрабаваннямі наконт рамонту агароджы ці даху.          Японскіх самураяў разбілі ўжо без яго. Праз год пасля Вялікай Перамогі Васіль вярнуўся на радзіму. Ажаніўся. Пайшоў працаваць, спачатку ў дрэваапрацоўчы цэх, потым — на смолзавод. Абодва гэтыя прадпрыемствы былі падраздзяленнямі лясгаса. А пра бочкі, якія ў свой час майстраваў бондар Габец, старажылы гарадскога пасёлка Шарашова памятаюць і цяпер: у рабоце ён быў такім жа ўмелым і старанным. Праўда, плацілі за гэтую стараннасць мала (усяго да 3 рублёў у дзень), але ашчадныя Марыя і Васіль здолелі сабраць сродкі на пакупку ў Шарашове вялікага дома. Васіль Яфімавіч даводзіў яго да ладу сваімі рукамі.

-Як можам, так і жывем. 3 усімі бытавымі клопатамі паціху спраўляемся самі,— расказвае ён.— Ды і дзеці не забываюць: сын жыве побач, на адной вуліцы, дачка таксама недалёка — у Кобрыне.

Акрамя дачкі і сына, радуюць дзеда з бабай пяцёра ўнукаў і трое праўнукаў.

Гаварыць з дзецьмі пра вайну ён не надта любіў. Гэтыя сем вогненых месяцаў Габец па-ранейшаму лічыць самым цяжкім перыядам свайго жыцця, пазначаным смерцю і пакутамі.

-I яны нам дапамагаюць, і мы ім,— прызнаецца Васіль Яфімавіч.

З усіх узнагарод самай дарагой для ветэрана з’яўляецца медаль «За адвагу». Адметна, што знайшла яна стралка Васіля Габеца толькі ў 1991 годзе. А вось ордэны Славы і Чырвонай Зоркі, да якіх быў прадстаўлены за гераізм і мужнасць, праяўленыя ў баях за вызваленне Заходняй Еўропы, Васіль Яфімавіч так і не атрымаў. Праўда, аб гэтым ён не надта перажывае. Ваяваў жа не дзеля ўзнагарод. Галоўная ўзнагарода ветэрану — мір і спакой на роднай зямлі…

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Васіль Яфімавіч Габец // Раённыя будні, Пружаны. 2012. 14 ліпеня. С. 1, 3.

 

 

Поделиться новостью: