19 чэрвеня ў рамках праекта “Кожная пятніца – роднае, сваё” у Новазасімавіцкай сельскай бібліятэцы правялі агляд выставы “Крэпасць не здалася”. Кніжная выстава прысвечана 85-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны і гераічнай абароны Брэсцкай крэпасці.
Раніцай 22 чэрвеня 1941 года горад Брэст і Брэсцкая крэпасць былі падвергнуты вераломнаму ўдару нямецка-фашысцкіх войск. Некалькі пяхотных дывізій пры падтрымцы танкаў і авіяцыі абрушылі на крэпасць масіраваны шквал агню. Фашысты планіравалі за некалькі гадзін узяць крэпасць, але сутыкнуліся з неверагоднымі мужнасцю і гераізмам абаронцаў крэпаці.
Дзецям і падлеткам расказалі аб кнігах, якія апавядаюць пра пачатак вайны і абарону крэпасці.
Пра подзвіг маёра Гаўрылава П. можна прачытаць у кнігах А.Махнача “Камандзір Усходняга форта” і Масляніцынай І. “Майор Гаврилов – легенда Брестской крепости”.
Кніга Грабёнкінай А. “Жывая боль” расказвае пра жанчын і дзяцей, якія засталіся ў крэпасці і дапамагалі байцам, праяўляя мужнасць і смеласць.
Пра радавых байцоў і камандзіраў, якія на сабе адчулі жахі першых дзён вайны і не пакарыліся ворагу, мы можам даведацца з кнігі С.Смірнова “Брэсцкая крэпасць”.
Юныя чытачы пераканаліся, што ў кнігах сабраны цікавы дакументальны матэрыял пра абаронцаў крэпасці, якія пакінулі на сценах незабыўныя надпісы: «Памром, але з крэпасці не пойдзем», «Я паміраю, але не здаюся. Бывай, Радзіма. 20.VII.41 г.».
В.Ф. Дзімітруковіч (бібліятэкар філіяла “Новазасімавіцкая сельская бібліятэка”)

