Пружанская районная библиотека им. М.Засима

ГУК "Пружанская централизованная библиотечная система"

Відэаагляд “Ёсць у паэта свой аблог…” (да 110-годдзя з дня нараджэння А.Куляшова)

Скачать здесь

Вяд. Добры дзень, прыхільнікі беларускага слова, беларускай паэзіі! Сёння мы пагаворым аб цудоўным самабытным паэце Аркадзе Куляшове. 6 лютага споўнілася 110 гадоў з дня яго нараджэння.

Аркадзь Куляшоў – яркі прадстаўнік беларускай паэзіі XX стагоддзя. Яго талент стаіць побач з талентамі Янкі Купалы і Якуба Коласа. І агонь яго таленту не згасае.

Ёсць у паэта свой аблог цалінны,

Некрануты прастор для баразён,

Дзе ён працуе з першае хвіліны

І да апошніх вечаровых дзён;

 

І ёсць адказнасць перад строгім вершам,

Перад яго пачаткам і канцом —

Каб баразну, радком пачаўшы першым,

У сноп звязаць шаснаццатым радком.

                             урывак з верша “Ёсць у паэта свой аблог цалінны…” (1962)

Нарадзіўся будучы паэт 6 лютага 1914 года ў вёсцы Саматэвічы Магілёўскай вобласці. Зялёныя дубровы і ельнікі, родныя рэкі, высокае неба малой радзімы заўсёды жывуць у яго паэзіі.

/ урывак з дакументальнага фільму “Аркадзь Куляшоў: «Каханая, бывай!..» (цыкл “Запіскі на палях”) (пра родную вёску паэта) /

Першыя вершы Аркадзь Куляшоў напісаў яшчэ ў чатырохгадовым узросце і гэта невыпадкова. Бо хатняя атмасфера, у якой рос хлопчык, была ўзнёслай.

/ урывак з дакументальнага фільму “Аркадзь Куляшоў: «Каханая, бывай!..» (цыкл “Запіскі на палях”) (пра бацькоў паэта) /

Упершыню ж надрукаваўся ў 1926 годзе, у дванаццаць год. Яго верш “Ты, мой брат” быў змешчаны ў Клімавіцкай газеце “Наш працаўнік”.

Рана дэбютаваў Аркадзь Куляшоў і першай кнігай “Росквіт зямлі”. Яна выйшла, калі за плячыма было ўсяго 16 гадоў.

/ урывак з дакументальнага фільму “Аркадзь Куляшоў: «Каханая, бывай!..» (цыкл “Запіскі на палях”) (вучоба ў Мінскім педагагічным інстытуце) /

Пасля заканчэння інстытута Аркадзь Куляшоў працаваў вельмі плённа. Адзін за адным выйшлі ў свет новыя зборнікі вершаў і паэм.

З дзеўчынай развітваўся юнак,

Аддаваў яе шляхам, далінам.

— Лепш бы млынам стаць… —

Падумаў так

І зрабіўся на тым месцы млынам.

Людзі жыта носяць дзень у дзень,

А драўляны млын слухмяна меле.

Замест сэрца — б’юцца жорны ў целе,

А замест крыві —

Вады струмень…

Кажа нам паданне пра яго,

Што не можа ён з тых чараў выйсці,

Як не перамеле усяго,

Што яму належала калісьці.

Як належала яму не шмат,

Дык спадзе з яго палон драўляны,

Прыйдзе зноў ён вольны да дзяўчат,

Ні ў адну яшчэ не закаханы.

А як шмат?.. Але гадаць не след,

Бо адзін ён ведае пра тое,

Што яму належаў цэлы свет,

Як хадзіў з дзяўчынай у жытное.

                                           “Млын” (1939)

Новай вышыні яго талент дасягнуў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Дастаткова толькі прачытаць асобныя вершы Аркадзя Куляшова таго часу, каб наблізіцца да таго страшнага, ад усведамлення чаго горка становіцца на сэрцы. Па-свойму адгукаецца напамін: ніхто не забыты, нішто не забыта.

Ёсць пад Стараю Русаю

руская вёска Лажыны.

Там, нібы ў Беларусі,

і вербы растуць і рабіны.

Там жаўцеюць

Прыгожыя

Краскі

За вёскай у лузе,

Там ржавеюць

Варожыя

Каскі,

Нібы ў Беларусі.

Там магіла ёсць брацкая ў лузе

за вёскай Лажыны,

Там хлапцы беларускія

чэсна галовы злажылі.

Мы без слёз іх хаваем,

Памятаем

Пра свой абавязак,

Нашы слёзы саромяцца

мужных вінтовак і касак.

Мы не плачам, хоць знаем,

не проста салдацкія косці

Засыпаем мы жвірам халодным,

а большае штосьці…

Засыпаем мы твары

з вачамі і вуснамі тымі,

На якіх пацалункі

дзяцей і жанок не астылі.

Жвірам сыплем на рукі,

якія дзяцей тых насілі,

Жвірам сыплем на ногі,

якія паўсвету схадзілі.

Ногі просяцца ўстаць,

яны стомы ў дарозе не чулі,

Ды ўвагналі ў магілу

Іх сілу

Варожыя кулі.

Рукі хочуць яшчэ

да грудзей прытуліць сваіх сірат,

Ды з варожае ласкі паганай

дол цесны ім вырыт.

Хоць прымае іх гэта зямля,

як сыноў сваіх, шчыра,

Але просяць іх вочы

хоць жменьку палескага жвіра.

Толькі дзе яго ўзяць?

Як яны Беларусь пакідалі,

У дарогу з сабою

Мяшэчкаў з зямлёю

Не бралі.

Што ім жменька зямлі той?

Ты ўся ім патрэбна, радзіма,

А ў дарожным мяшочку

ўмясціць цябе ўсю немагчыма.

Паспрабуй у дарогу забраць

тыя пожні, палі і крыніцы,

Тыя пушчы, што могуць

хіба толькі ў сэрцы ўмясціцца.

Беларусь мая родная,

як жа я рвуся яшчэ раз

Пеша ўсю цябе змераць,

увесь і чабор твой і верас!..

Сэрца просіць шляхоў,

Што цяжкім маім ботам пад сілу;

Наглытацца хачу туманоў,

Твайго ветру і пылу;

Наглытацца хачу за сябе і за тых,

Што не ўстануць з нябыту;

Вочы просяць нябёсаў тваіх,

Ім твайго не хапае блакіту.

Мы сяброў засыпаем зямлёй —

Ленінградцы, татары, узбекі,

Мы клянёмся варожай крывёй

Напаіць беларускія рэкі.

Мы салют аддаём,

памятаючы свой абавязак,

I не плачам, бо слёзы

суровых саромяцца касак.

                          “Над брацкай магілай” (1942)

У найбольш значным сваім творы ваеннага часу паэме “Сцяг брыгады” (1943), Аркадзь Куляшоў вядзе аповед пра адзін з драматычнейшых эпізодаў пачатку вайны. Расказвае пра некалькі акружэнцаў, што засталіся ў жывых з цэлай брыгады. І некожны з іх змог застацца верным вайсковаму абавязку і змог вытрымаць усе выпрабаванні.

Паэма “Сцяг брыгады”, як і вершы той пары, ствараліся паэтам у франтавых умовах. Па бясконцых і нялёгкіх дарогах вайны Аркадзь Куляшоў праходзіў ваенным журналістам, знаходзячыся ў складзе рэдакцыі армейскай газеты “Знамя Советов”.

/ урывак з дакументальнага фільму “Аркадзь Куляшоў: «Каханая, бывай!..» (цыкл “Запіскі на палях”) (А.Куляшоў на вайне) /

Паэзія Аркадзя Куляшова пасляваеннага дзесяцігоддзя характарызывалася разнастайнасцю тэм. У яго вершах знайшлі сваё адлюстраванне праблемы вайны і міру, існавання чалавецтва, захавання планеты ад глабальнага знішчэння.

Не жывуць на Марсе марсіяне,

Працай рук не жывяць дол глухі,

Марс даўно іх у сваім кургане

Пахаваў за нейкія грахі.

 

Час усмерціў іх ці даканалі

Сваркі, не пазбытыя ў свой час?

Як маршчыны на чале, каналы

З запытаннем звернуты да нас:

 

«Адкажы нам, астраном-аматар,

Растлумач, вучоны чалавек,

Для каго, шырэйшыя ад рэк,

З полюса сівога на экватар

Мы ваду ганяем з веку ў век?

 

Ты за намі назіраў увосень

Праз трубу падзорную ўначы —

Горы пылу над планетай носяць

Радыеактыўныя смярчы…

Толькі нас чамусьці смерць не косіць».

 

Што ім адказаць на запытанне?

Можа, сапраўды іх існаванне

Больш патрэбна для планет другіх,

Можа, гэта ў час процістаяння

Неўміручай працай рук сваіх

Нас засцерагаюць марсіяне

Ад бяды, што не мінула іх?

                                    “Пра Марс” (1961)

А яшчэ Аркадзь Куляшоў заўсёды пісаў пра каханне. Бадай цяжка знайсці чалавека, які б не ведаў песні “Алеся”. Толькі не ўсе здагадваюцца, што ў аснову яе пакладзены верш Аркадзя Куляшова “Бывай…”. Гэты верш паэт напісаў у 1928 годзе, калі яму было ўсяго 14 гадоў.

/ урывак з дакументальнага фільму “Аркадзь Куляшоў: «Каханая, бывай!..» (цыкл “Запіскі на палях”) (А.Куляшоў і яго першае каханне) /

Але жанчынай жыцця для паэта стала яго жонка Аксана Фёдараўна, якая заўсёды падтрымлівала Аркадзя Куляшова і была надзейным тылам.

/ урывак з дакументальнага фільму “Аркадзь Куляшоў: «Каханая, бывай!..» (цыкл “Запіскі на палях”) (А.Куляшоў і яго жонка) /

Парушыўшы законы прыцягнення,

Планетамі сярод другіх планет

Існуем мы з табой як выключэнне,

Мая любоў, — як свет і антысвет.

 

Ніколі мы адной не ходзім сцежкай,

Не дзелім хлеб і дзелім толькі соль,

Ты сустракаеш смутак мой усмешкай

I смуцішся, калі міне мой боль.

 

Адказваеш на мой сардэчны захад

Нязгодай, самай крыўднаю з нязгод.

Здаецца, павярніся я на захад,

Як тут жа ты павернешся на ўсход.

 

Аднак зямля б мая асірацела

I ўвесь сусвет ахутала б імгла,

Каб, выбухнуўшы раптам, адляцела

Ты ў невядомасць з хуткасцю святла.

                                “Парушыўшы законы прыцягнення…” (1962)

Працаваў Аркадзь Аляксандравіч да апошняга дня. Пайшоў у вечнасць 4 снежня 1978 года.

Аркадзь Куляшоў выказаў свой час, свой век так, як гэта мог зрабіць толькі ён, паэт з ліку тых, якіх у кожны век з`яўляецца лічаныя адзінкі.

Я на ўсё жыццё абраў дарогу,

На якой калючак больш, чым руж.

Сэрца — як набат, што б’е трывогу

За мільёны падгарматных душ.

 

Аб такім не пашкадую лёсе,

Бо, юнацкі помнячы зарок,

Паўтарыў бы зноў, каб давялося,

Я жыццё сваё — за крокам крок.

                               урывак з верша “Я з юнацкіх дзён лічуся вязнем…” (1967)

Чытайце кнігі Аркадзя Куляшова! І чакаем вас у Пружанскай бібліятэцы!

Складальнік: намеснік дырэктара ДУК «Пружанская ЦБС» Аляксеева В.В.

 

Спіс крыніц.

  1. Беларускія пісьменнікі : бібліягр.слоўн.: у 6 т. /  ін-т літ.імя Я.Купалы.- Мінск :  БелЭн, 1992 —  Т.3.- 1993.- 584,[1]с.
  2. Гарадніцкі, Я. Адказнасць перад жыццём, часам і “строгім вершам” (паэзія Аркадзя Куляшова на стагадовым рубяжы) / Яўген Гарадніцкі // Полымя. – 2014. — №2. – С. 123 – 133.
  3. Дзямідава, Л. “Ёсць у паэта свой аблог…” : літаратурна-паэтычная вечарына да 100-годдзя з дня нараджэння Аркадзя Куляшова / Л. Дзямідава // Бібліятэка прапануе. – 2013. — №11. — С. 13 – 16.
  4. Куляшоў, А. Збор твораў :  у 5 т. /  Аркадзь Куляшоў. — Мінск :  Маст. лiт., 1974. —  Т. 1. — 1974. – 527 с.
  5. Куляшоў, А. Збор твораў :  у 5 т. /  Аркадзь Куляшоў. — Мінск :  Маст. лiт., 1974. —  Т. 2. — 1974. – 304 с.
  6. Куляшоў, А. Збор твораў :  у 5 т. /  Аркадзь Куляшоў. — Мінск :  Маст. лiт., 1974. —  Т. 3. — 1974. – 302 с.
  7. Марціновіч, А. “…Кружыцца планета Куляшова” / Алесь Марціновіч // Літаратура і мастацтва. – 2024. — №5. – С. 1, 5.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Поделиться новостью: