Пружанская районная библиотека им. М.Засима

ГУК "Пружанская централизованная библиотечная система"

Генерал з Шубічаў

СТАРЭНЬКАЯ хатка, вузкая палоска зямлі ды пяцёра дзяцей былі ў селяніна вёскі Шубічы Антося Бабрука. Беднасць лезла ў вочы з усіх кутоў той хаткі, пра гэта сведчыла і адзенне дзяцей і іх бацькоў.

Першым у сям’і Антося 15 лютага (па новым стылі) 1901 года на свет з’явіўся Сяргей, крыху пазней — Кася. Затым, ужо ад другой жонкі, нарадзіліся Вера, Мікалай і Вольга.

Нялёгка было Антосю гадаваць пяцёра дзяцей. Сам гаспадар быў разумным чалавекам, але гэтая акалічнасць не надта ўплывала на сямейны дабрабыт: зямлі было як той бабе сесці, а што рабіць селяніну без зямлі-карміцелькі? Ледзь стаўшы на ногі, Сяргей пачаў дапамагаць бацькам. Пры ўсёй беднасці хлопчык, аднак, наведваў школку, і не беспаспяхова. Праўда, таленавітаму сыну Антося наўрад ці што добрае ў будучым свяціла. Хутчэй за ўсё, ён батрачыў бы ў Брызінскага ці Моўшы — тутэйшых памешчыкаў, якія валодалі лепшымі землямі ў наваколлі Шубічаў.

АЛЕ ЛЁС распарадзіўся па-свойму. У 1914 годзе ўспыхнула імперыялістычная вайна, асноўнымі ваюючымі сіламі якой, як вядома, былі Германія і Расія. Праз год баі з ворагам перамясціліся на тэрыторыю сучаснай Беларусі.

Вялікая бежанская хваля хлынула на ўсход. А летам 1915 года гэтая хваля падхапіла і жыхароў Пружаншчыны, у тым ліку і Шубічаў.

Людзі спешна грузілі на вазы ўсё самае лепшае, прывязвалі вяроўкамі за рогі да драбін вазоў кароў, забівалі дошкамі вокны хат і з вялікім болем і слязьмі на вачах развітваліся з роднымі мясцінамі, ехалі ў невядомую і трывожную далячынь. Ехаў са сваімі землякамі і Сяргей. Ратаваліся ад немцаў многія, таму дарога на Ружаны была запруджана: па ёй рухаліся, акрамя бежанцаў, і ваенныя — вязлі на захад правіянт і боепрыпасы для фронту, а на ўсход ехалі фуры з параненымі салдатамі. Усім гэтым патокам рэгулявалі конныя казакі.

Ля Харавы ўсе, хто рухаўся і па асноўнай дарозе, і палявымі сцежкамі, вымушаны былі злівацца ў адну плынь, каб, пераправіўшыся праз Ясельду, хлынуць адзіным па — яго бок, і рухацца далей. Пераправа ішла днём і ноччу. Апошняя жнівеньская ноч была цёмнай і надта трывожнай. Церусіў дробны дожджык. Светлячкі-агеньчыкі на пераправе ледзь прадзіраліся скроз цемру, даносілася рыпенне калёс і конскае храпение, пераклікаліся людзі… Напружанне нарастала: зусім блізка ішлі баі з ворагам, немцы левым флангам выйшлі ўжо да хараўскіх балот. 3 захаду па шашы яны таксама літаральна дыхалі ў патыліцы рускіх салдат і бежанцаў.

На світанку пачаўся артылерыйскі абстрэл рускіх пазіцый у раёне Харавы. Два снарады, паводле сведкаў, упалі ў натоўп бежанцаў, сярод якіх бачалася паніка. Трашчалі вазы, храплі коні, раўлі каровы, плакалі дзеці, жанчыны… I тады, каб стрымаць наступальны парыў немцаў, рускія сапёры ўзарвалі мост праз Ясельду. Некаторым смельчакам з цяжкасцю ўдалося перабрацца на другі бок ракі пасля таго, як мост ужо рухнуў. Астатнія, каму Ясельда стала неадольнай перашкодай, вымушаны былі вярнуцца ў свае вёскі, дзе ўжо гаспадарылі акупанты.

Няхай чытач прабачыць за такое адступленне ад тэмы, але ж, мне здаецца, нелішнім будзе хоць крыху расказаць аб цяжкім, часам поўным драматызму бежанскім шляху, якім давялося прайсці і нашему герою. Сяргею Бабруку з большай часткай аднавяскоўцаў удалося пераадолець хараўское балота. А вось чаму ён апынуўся ў бежанстве без родных, дагэтуль так і засталося загадкай.

БЕЖАНСКАЯ плынь занесла яго на землі Калужскай губерні. Там Сяргей быў уладкаваны ў сірочы прытулак, а пазней папоўніў рады рабочага класа — працаваў слесарам.

Між тым, у Расіі наспявалі грандыёзныя падзеі — спачатку адбылася лютаўская, а затым кастрычніцкая рэвалюцыі, якія карэнным чынам перавярнулі лёс бежанца-беларуса. Сяргей, як і мільёны іншых абяздоленых, душою прыняў рэвалюцыю. У свае 19 гадоў ён уступіў у рады Чырвонай Арміі і мужна змагаўся за савецкую ўладу падчас грамадзянскай вайны. 3 гэтага часу ён назаўсёды звязаў сваё жыццё з ваеннай кар’ерай. Далей сваё баявое майстэрства будучы военачальнік адточвае ў барацьбе з басмачамі (1923 — 1925 гады).

Нарэшце ў краіне ўсталяваўся доўгачаканы мір, і Бабрук з вялікім жаданнем спасцігае ваенную навуку за партай і на палігонах. У 1940 годзе ён паспяхова заканчвае Ваенную акадэмію імя М.В.Фрунзе. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны заставаліся лічаныя месяцы…

ЯЕ НАШ ГЕРОЙ прайшоў ад пачатку да самых пераможных салютаў. На фронце Сяргей Бабрук з ліпеня 1941 года.  Удзельнічаў у многіх ваенных аперацыях. Так, у снежні 1942 года ў якасці начальніка штаба 153-й стралковай дывізіі ён распрацоўваў план па разгрому часцей 8-й італьянскай і і 3-й румынскай армій у Вялікай Лугавіне Дона. Але асабліва праславіўся С.А. Бабрук пры ліквідацыі нікапальскай групоўкі ворага. Камандзір 47-й гвардзейскай стралковай дывізіі 8-й гвардзейскай арміі 3-га Украінскага фронта палкоўнік Бабрук умела арганізаваў дзеянні злучэння пры вызваленні Нікапаля ў пачатку 1944 года. Камандаванне дывізіяй ён прыняў акурат на Каляды, 7 студзеня, і пачаў старанна вывучаць абарону ворага. Абарончыя ўмацаванні немцаў, узведзеныя на подступах да горада, здаваліся непрыступнымі. Гітлераўцы атрымалі загад змагацца да апошняга, што і пацвердзіла наша разведка.

31 студзеня гвардзейцы Бабрука пайшлі на штурм варожых пазіцый. Пасля некалькіх гадзін цяжкіх баёў яны захапілі населены пункт Вялікая Кастрама дзейцы паспяхова адбівалі адну за адной атакі гітлераўцаў, якія апынуліся адрэзанымі ад сваіх асноўных сіл.

 

12 лютага 1944 года ў вышку кровапралітных баёў быў вызвалены горад Нікапаль (на поўдні Украіны). У баях за гэты горад гвардзейцы Бабрука знішчылі і паранілі 2100 варожых салдат і афіцэраў, каля трохсот здаліся ў палон. Дывізіяй было знішчана многа ваеннай тэхнікі: дзевяць танкаў і штурмавых гармат, дзевяць гармат і мінамётаў, 21 кулямёт, 156 аўтамашын, захоплена 14 складаў з боепрыпасамі, палівам і харчаваннем.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 19 сакавіка 1944 года за ўмелае камандаванне дывізіяй і праяўленыя пры гэтым мужнасць і адвагу гвардыі палкоўніку С. А. Бабруку было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля “Залатая Зорка”. Гэтым жа чыслом яму было прысвоена воінскае званне “генерал-маёр”.

А праз тыдзень камандзір развітваўся са сваёй дывізіяй, байцы якой, дарэчы, здабылі ёй вялікую славу. Дастаткова сказаць, што дывізія за гераічныя баі ў ніжнім цячэнні Дняпра атрымала ганаровае найменаванне “Ніжнедняпроўская”, у ёй выраслі 27 Герояў Савецкага Саюза і 5 поўных кавалераў салдацкага ордэна Славы. Дывізія вызваляла Польшчу, штурмавала цэнтральныя кварталы Берліна… Але весці яе наперад будзе ўжо іншы камандзір: генерал-маёр Бабрук да канца вайны будзе камандаваць 31-м гвардзейскім стралковым корпусам у складзе 3-га Украінскага фронта. Яго гвардзейцы удзельнічалі ў Яска-Кішынёўскай, Будапешцкай, Венскай аперацыях. Воіны корпуса вызвалялі Балгарыю, Румынію, Венгрыю і завяршылі баі ў сталіцы Аўстрыі Вене.

ПАСЛЯ ВАЙНЫ С. А. Бабрук працягваў служыць ва Узброеных Сілах СССР. У 1947 годзе ён скончыў Вышэйшыя акадэмічныя курсы пры Ваеннай акадэміі Генеральнага штаба. 8 жніўня 1955 года яму было прысвоена воінскае званне “генерал-лейтэнант”. У 1962 годзе Бабрук пайшоў у адстаўку: працягваць службу не дазваляла здароўе. Жыў і працаваў у горадзе Вінніца (Украіна). Памёр 18 сакавіка 1962 года ў Маскве.

За вялікія заслугі перад Радзімай Герой Савецкага Саюза Сяргей Антонавіч Бабрук узнагароджаны таксама двума ордэнамі Леніна, трыма ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнамі Суворава 1 -й і 2-й ступені, ордэнам Кутузава 2-й ступені, ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені, шматлікімі медалямі. Яго імя займае дастойнае месца ў летапісе славы лепшых сыноў і дачок Айчыны. Адна з вуліц Пружан носіць імя свайго слаўнага земляка.

ПРАЙШЛО нямала часу з тых падзей. Згарэла ў час баёў пры адступленні немцаў у 1944 годзе хата, у якой нарадзіўся і правёў сваё дзяцінства Сяргей Бабрук. Цяпер на тым месцы стаіць домік іншага Бабрука (Бабрукоў, дарэчы, у нас многа). Няма тых вязаў, што сваім голлем звісалі над саламянай страхой хаты, бэзу, што квітнеў пад акенцамі па вясне, той лавачкі, на якой бацькі Сяргея з аднавяскоўцамі ў вольны час абмяркоўвалі свае бядняцкія праблемы, ды і сам Сяргей бавіў час з аднагодкамі. Цалкам знікла тагачасная аўра.

Даўно паўміралі бацькі нашага героя, сёстры Кася і Вера (апошняя некалькі гадоў таму). Пра малодшую Вольгу і брата Мікалая, выдатнага гарманіста-самавука, дакладных звестак няма.

Даўно струхлелі косці Брызінскага, Моўшы, іншых шубіцкіх багацеяў-прыгнятальнікаў, на якіх гнулі спіны нашы продкі і якія лічылі сябе разумнейшымі за ўсялякую там беднату. Не ім, а беднаму сялянскаму хлапчуку наканавана было праславіць сваю малую радзіму — вёску Шубічы, нашу Бацькаўшчыну.

У ЗАКЛЮЧЭННЕ хачу падзякавацьтым людзям, хто дапамагаў мне ў зборы матэрыялу для напісання гэтага нарыса. Сярод іх — Іван Аляксеевіч Мартынюк і Анатоль Сяргеевіч Арцюшчык, якія што-нішто адшукалі на сайтах інтэрнета, дырэктар Шаняўской СШ Святлана Аляксандраўна Якімавец (у школьным музеі ёсць звесткі пра героя-земляка), Мяркурый Міхайлавіч Петруковіч, які даў магчымасць пакарыстацца сшыткам з запісамі-ўспамінамі яго дзядзькі пра свой бежанскі шлях у 1915 годзе. Дзякую таксама старажылам-аднавяскоўцам Марыі Бабрук, Вользе Бабрук, Івану Бабруку, якія расказалі мне пра тое, што чулі пра Сяргея ад сваіх бацькоў.

Пятро БАБРУК.

Бабрук, П. Генерал з Шубічаў : пра гвардыі палкоўніка С. А. Бабрука Героя Савецкага Саюза / Пятро Бабрук//Раённыя будні, Пружаны. 2009. 21 лютага. С. 9.

Поделиться новостью: