Пружанская районная библиотека им. М.Засима

ГУК "Пружанская централизованная библиотечная система"

Гонар і годнасць таленту (да 100-годдзя з дня нараджэння Алеся Адамовіча)

Вяд. “Пра фашызм чалавецтва ведае, здаецца, усё. Попел мільёнаў ахвяр яго стукае ў сэрцы людзей.

I ўсё ж сям-там спрабуюць зноў і зноў абяліць гэтую чуму XX стагоддзя — у вачах новых пакаленняў, якія самі не перажылі жахаў другой сусветнай вайны…

Аднак жа ёсць яна, жыве народная памяць — непадкупная памяць пра фашызм гестапаўскі, канцлагерны, хатынскі. Суд народаў не закончыўся ў Нюрнбергу. Ён працягваецца — у памяці народнай. Суд гэты ідзе не толькі дзеля гістарычнай справядлівасці. Ён жывым патрэбен дзеля жыцця. Бо нездарма гаворыцца, што той, хто не памятае свайто мінулага, асуджаны зноў яго перажыць.

I таму так важна, жыццёва важна, каб на ўвесь свет гучала народная памяць, праўда пра фашызм…”, – пісаў Алесь Адамовіч.

Добры дзень, прыхільнікі беларускай літаратуры. Сёння з вамі мы бліжэй пазнаёмімся з жыццём і творчасцю вядомага беларускага пісьменніка Алеся Адамовіча. 3 жніўня споўнілася 100 гадоў з дня яго нараджэння. “Пісьменнік адной тэмы” – у вялікай літаратуры гэта гучыць як прысуд. Для ўсіх, акрамя Алеся Адамовіча. Таму што яго тэмай ад пачатку і да канца была вайна – тая самая Вялікая Айчынная. Нам сённяшнім цяжка зразумець і ўявіць маштабы народнага бедства, якое абрынулася на краіну ў 1940-я. Яна была вялізная, гэтая вайна. І бясконцая ў нашай літаратуры гэтая тэма.

Нарадзіўся Алесь Адамовіч у 1926 годзе ў вёсцы Канюхі Капыльскага раёна Мінскай вобласці. У 1928 бацькі — Міхаіл Іосіфавіч і Ганна Мітрафанаўна, медыкі па прафесіі — пераехалі з Канюхоў у пасёлак Глуша Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці. Тут будучы пісьменнік вучыўся з першага па сёмы клас. Менавіта гэтае месца пісьменнік і называў сваёй сапраўднай радзімай.

З самага дзяцінства Алесь любіў кнігі, асабліва А. Пушкіна, шмат разоў перачытваў “Вайну і мір” Л. Талстога, творы М. Горкага, захапляўся В. Бялінскім.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, бацька пайшоў на фронт, а маці стала актыўнай удзельніцай падполля, створанага ў пас. Глуша. Ганна Мітрафанаўна забяспечвала медыкаментамі партызан, выконвала розныя іх заданні. Калі Алесю споўнілася 15 гадоў, то ён далучыўся да партызанскай барацьбы. Маці, збіраючы яго перад сыходам у партызаны, паклала ў сумку хлебны бохан — юнак замяніў хлеб на томік Пушкіна… У адным з баёў з фашыстамі атрад быў знішчаны амаль поўнасцю. Адамовічу ўдалося выжыць, але пасля гэтага яго адправілі на Алтай па камандзіроўцы Цэнтральнага штаба партызанскага руху: у горадзе Ленінагорску жыла ў эвакуацыі яго родная цётка.

Вярнуўшыся ў вызваленую Беларусь у 1945-м, ён экстэрнам здаў школьныя іспыты, паступіў на філфак БДУ, у 1953-м скончыў аспірантуру і пачаў нарэшце публікавацца. Спачатку як літаратурны крытык, а потым і як празаік, таму што перажытае ў ваенныя гады немінуча павінна было перахварэць, перабрадзіць і затым выплюхнуцца на паперу. Першай мастацкай кнігай стала “Война под крышами”, апублікаваная ў часопісе “Дружба народаў” у 1960-м, якая праз тры гады працягнулася раманам “Сыновья уходят в бой”. Праз дзесяць гадоў па партызанскай дылогіі Адамовіча рэжысёр Віктар Тураў зняў на “Беларусьфільме” дзве аднайменныя мастацкія карціны. Песні да фільмаў напісаў Уладзімір Высоцкі.

/ урывак з фільму “Сыновья уходят в бой” (песня У. Высоцкага “Сыновья уходят в бой”) /

І далей Алесь Адамовіч свядома, праз боль, праз самыя пакутлівыя ўспаміны працягвае тэму Вялікай Айчыннай вайны, дакладна разумеючы: ён павінен, абавязаны ўсё гэта вымавіць, таму што сухія радкі пратаколаў – для архівістаў і юрыстаў, а сапраўднай сілай валодае менавіта мастацкае слова. Партызанская тэма, як і генацыд беларускага народа з боку акупантаў, працягваецца ў “Хатынскай аповесці” (1971).

Кніга легла ў аснову фільма Элема Клімава “Иди и смотри”: попел спаленых стукаў у сэрца; бачанае на свае вочы, пачутае ў расказах тых, хто выжыў, не давала спакойна спаць. Над сцэнарам кінастужкі Алесь Адамовіч працаваў разам з Клімавым і, прыязджаючы на ​​здымкі, выступаў як другі рэжысёр.

/ урывак з фільму “Иди и смотри” (фашыст гаворыць аб тым, што не ўсе народы маюць права на жыццё) /

Пасля “Хатынскай аповесці” Адамовіч разам з Янкам Брылём і Уладзімірам Калеснікам бярэцца за цяжкую працу – дакументальную кнігу “Я з вогненнай вёскі…”, збіраючы па Беларусі апавяданні жыхароў спаленых вёсак, якія выжылі. Кніга, перакладзеная на дзясяткі моў, патрэсла свет: яе чыталі на ўсіх кантынентах, жахаючыся фашысцкім зверствам.

Чытач. Успамінае Мікалай Шабуня пра вёску Байкі на Пружаншчыне:

“…Глядзім у акно — едуць да солтыса на машынах і пешыя ідуць.

— Бярыце ўсе дакументы і выходзьце!.. Туды, дзе і цяпер вялікая ёлка стаіць.

Вынеслі яны сталы на вуліцу. У каго грошы, гадзіннік, кальцо сярэбранае або пазалочанае — усё чыста забіраюць і ў стол. Калідор з немцаў зрабілі, адзін немец ад аднаго на тры-чатыры метры, і людзей гоняць аднаго за адным — у гумно.

Прыгналі людзей з іншых вёсак, з Навасадаў і Колкаў. Капаць магілы…

А мы ў гумне сядзім…

Выводзілі з гумна — хто пад руку папаў. Мужчыны — не больш як па чатыры, пяць чалавек. Бывае ўсякі характар — можа супраціўляцца. А жанчын выводзіў — колькі выпара…

Вочарадзі былі кароткія. Толькі, было, раніць. А жанчын з дзецьмі — працэнтаў на шэсцьдзесят жыўцом закопвалі.

Два чалавекі геройскі пагібалі — Шпак Даніла і Кава Сямён.

— Бі, — кажа, — сволач, у твар, а не ў патыліцу!.. Я спачатку прадраў страху і сам глядзеў. Бачыў.

Як цяпер гаворыцца, па маскоўскаму часу, з васьмі гадзін да шаснаццаці была праверка, а потым пачалі расстрэльваць. Дзве гадзіны расстрэльвалі, не больш…

Усіх пабілі, а мы з бацькам пад сена зарыліся. Бацька першы, а я яго закідаў сенам.

Даскубся я да сцяны, а каля сцяны вялікая бочка, на замок замкнёная, стаіць. Немцы прыйшлі, давай глядзець, што ў бочцы. Прыкладамі разбілі яе. А я якраз да яе дакапаўся. Сена было так на метр трыццаць сантыметраў, а як праскубці, каб чалавеку далезці, то палучаецца прагіб. На мне стаяў немец. Разбіў бочку, пачаў вакол яе пароць штыхом. Аж да адзежы мае дапорваўся.

“Ну, — думаю, — усё роўна не застанемся, не вырабімся жывымі”.

Неяк так… Ці то чалавеку жыць паложана?..

Пайшлі яны. Потым адзін з сабакам зайшоў. Сабака — уядаецца!.. Потым чую — запалкі зашасталі. Чую — салома пачала гарэць…

Вылез я на ток. Уздумаў, што і бацька мой тут. Узяў сахор, парнуў — варушыцца. Выцягнуў я яго. Я абгарэў слаба, а ў бацькі ўвесь твар быў з паўгода абгарэлы, нельга было глядзець… Выйшлі мы з гэтага гумна. Гумны адно ад аднаго — метраў шэсць. Глядзім — чалавек перад намі. Спалохаліся, стаім, як стаўбы, адзін на аднаго пазіраем, а потым пазнаем: сусед.

— Гэта вы, дзядзька? — пытаецца. — I хлопец з вамі?..

Пайшлі мы ўтрох да дарогі.

А яны апошні дом, дзе сядзела начальства, падпальваюць.

Напароліся мы на немца. Нёс куль саломы. Метры два ад яго я рукі распасцёр, каб тых, што ззаду беглі, затрымаць. У дыме ён мяне не заўважыў, а двор вузенькі. Мы — назад. Я — цераз плот. У суседа вуллі былі на зіму састаўлены, я паміж імі, у лужыну — снег ад пажару растаў — лёг і ляжу…

Паехалі немцы.

“Давай, — думаю я, — пайду пагляджу на магілу…” Дзіцячы розум… Пазнаходзіў адзежу, мацерыну і сясцёр. Раздзявалі ўсіх да бялізны…

Тая магіла, дзе мужчыны, паднімалася няшмат, санціметраў на дваццаць. А кроў каля сценкі — фантанам. А дзе жанчыны… Клянуся… ісціным богам, што на жанчынах не менш як санціметраў на семдзесят зямля то паднімецца, то асядзе… Значыцца, яны толькі трохі прысыпалі, каб не відно было.

Потым людзей прыганялі, на трэці дзень, дабаўлялі зямлі…”

Вяд. Пасля працы над кнігай “Я з вогненнай вёскі” у Алеся Адамовіча ўзнікла ідэя напісаць аб блакадзе Ленінграда ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Ён прапанаваў Даніілу Граніну, які перажыў блакаду, захаваць сведчанні відавочцаў без прыкрас. Аўтары сабралі гісторыі больш за 200 блакаднікаў – звыш 4000 старонак тэксту! Твор стаў найважнейшым дакументальным сведчаннем эпохі, заснаваным на інтэрв’ю і дзённіках. Дакументальная хроніка “Блакадная кніга” стваралася з 1977 года па 1981 год. Аўтары сутыкнуліся з жорсткай цэнзурай і забаронай на публікацыю ў Ленінградзе да 1984 года.

“Блакадная кніга” – гэта суцэльнае палатно, вытканае з сотняў гісторый і ўспамінаў. На фоне жаху і нягод асабліва гучна гучыць тэма мужнасці, волі да жыцця, веры і ўзаемадапамогі.

У 1979 Алесь Адамовіч напісаў аповесць “Карнікі” (з падзагалоўкам “Радасць нажа, або Жыццяпісы гіпербарэяў”). Яна таксама заснавана на рэальных архівах, матэрыялах судовых працэсаў 1974 і 1977 гадоў над былымі паліцаямі і карнікамі, на якіх пісьменнік прысутнічаў асабіста, а таксама на гісторыі знішчэння вёскі Боркі Магілёўскай вобласці.

Чытач. “К Дирлевангеру ровным шагом подошел, как подлетел, румяный красивый гауптшарфюрер — командир немецкой роты. Доложил, что женщины и дети — в амбаре, полицейские — в школе, семьи полицейских помещены отдельно — в доме напротив. Гауптшарфюрер нравится штурмбанфюреру. Так смотреть и ждать приказа умеет лишь хороший немец. Не строить догадок, не забегать наперед даже из старательности, но и не колебаться ни секунды, какой бы приказ ни последовал! Если стоит, на лице лишь это и обозначено: я стою; если ест: я принимаю пищу; убивает — я работаю; пьет, песни горланит — я отдыхаю… На лице, в глазах молодого офицера радостная, спокойная уверенность: «То, что знает старший фюрер, он сообщит, когда посчитает нужным, мне, и я буду знать, как поступить, что и как сделать, чтобы выполнить долг немца!»”.

Вяд. Акрамя пісьменніцкай дзейнасці, Алесь Адамовіч актыўна ўдзельнічаў ў грамадскім жыцці. Шмат увагі надаваў выхаванню маладых кадраў. Быў членам Прэзідыума праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, намеснікам старшыні па справах ЮНЕСКА пры Савеце Міністраў СССР, членам рэдкалегіі часопіса “Неман”, членам рэдсавета кінастудыі “Беларусьфільм”.

У апошнія гады жыцця быў дырэктарам Усесаюзнага навукова-даследчага інстытута кінематаграфіі ў Маскве. Друкаваўся як крытык, празаік і публіцыст.

Алесь Адамовіч быў жанаты на Веры Сямёнаўне. Увесну 1954 гады ў сям’і нарадзілася дачка Наталля.

Памёр пісьменнік 26 студзеня 1994 ад хваробы сэрца. Пахаваны ў Глушы, непадалёк ад магіл сваіх родных.

Алесь Адамовіч нёс усё жыццё добраахвотна прыняты на сябе абавязак – бачыць, чуць і шчыра казаць пра ўбачанае і пачутае.

Чытайце кнігі Алеся Адамовіча! І прыходзьце да нас у Пружанскую бібліятэку!

Складальнік: нам. дырэктара ДУК “Пружанская ЦБС” Аляксеева В.В.

 

Крыніцы:

  1. Адамович, А. Каратели: Радость ножа, или Жизнеописания гипербореев /  Алесь Адамович.- Минск :  Мастацкая лiтаратура, 1981.- 206 с.
  2. Адамовіч, А. Я з вогненнай вёскі… / Алесь Адамовіч, Янка Брыль, Уладзімір Калеснік ; [пасляслоўе Л. Рублеўскай]. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2022. – 413, [2] с.
  3. Алесь Адамовіч. – Тэкст электронны // Могилёвская областная библиотека имени В.И. Ленина : [сайт]. – URL : https://libmogilev.by/virtual-exhibitions/personal-adamovich-01.html.
  4. Алесь Адамович. – Текст электронный // ВикипендиЯ : [сайт]. – URL : https://ru.wikipedia.org/wiki/%D0%90%D0%B4%D0%B0%D0%BC%D0%BE%D0%B2%D0%B8%D1%87,_%D0%90%D0%BB%D0%B5%D1%81%D1%8C.
  5. Блокадная книга. – Текст электронный // ВикипендиЯ : [сайт]. – URL : https://ru.wikipedia.org/wiki/%D0%91%D0%BB%D0%BE%D0%BA%D0%B0%D0%B4%D0%BD%D0%B0%D1%8F_%D0%BA%D0%BD%D0%B8%D0%B3%D0%B0.
  6. ДОСЬЕ: К 90-летию белорусского писателя Алеся Адамовича. – Текст электронный // Белта : [сайт]. – URL : https://belta.by/culture/view/dose-k-90-letiju-belorusskogo-pisatelja-alesja-adamovicha-264440-2017/.
  7. Узнать войну в лицо: Алесь Адамович. – Текст электронный // СБ : [сайт]. – URL : https://sp.sb.by/adamovich.
Поделиться новостью:

Добавить комментарий

Translate »