• Пт. Май 3rd, 2024

Пружанская районная библиотека им. М.Засима

ГУК "Пружанская централизованная библиотечная система"

Мерапрыемства да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі

Напярэдадні Дня яднання народаў Беларусі і Расіі ў цэнтральнай бібліятэцы г. Пружаны прайшло мерапрыемства, прысвечанае святу. Адметна, што каторы год запар удзел у мерапрыемстве прымае віцэ-консул Генеральнага консульства Расійскай Федэрацыі ў Брэсце, кіраўнік аддзялення Расійскага цэнтра навукі і культуры Юлія Сяменчанка.

Адкрыла сустрэчу дырэктар ДУК «Пружанская ЦБС» Таццяна Гуторкіна. Яна адзначыла, што ў гэты дзень разам з шаноўнай расійскай госцяй удзел у мерапрыемстве прымаюць старшыня Пружанскага раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец, члены маладзёжнага парламента на чале з яго старшынёй Дзянісам Цямчыкам. Затым Таццяна Рыгораўна расказала аб насычанасці праграмы, што ўдзельнікі ўбачаць і пачуюць.

З прывітальным словам да прысутных звярнуўся Мікалай Кудравец, які адзначыў, што братнія сувязі паміж дзвюма краінамі ўмацоўваюцца год ад году. Нягледзячы на знешнія выклікі, пагрозы, якія не змяншаюцца, а павялічваюцца, нашы народы працягваюць супрацоўніцтва, сяброўства і братні саюз.

Са словам у адказ выступіла Юлія Сяменчанка. Яна падзякавала за арганізацыю, магчымасць прадставіць Расійскую Федэрацыю на выставе.

Аб адзінстве двух праваслаўных народаў казаў святар храма Благавернага князя Аляксандра Неўскага іерэй Дыянісій Папоў.

Прэзентацыю выставы «Шматаблічная Расія» правяла Таццяна Гуторкіна. Гэты маштабны праект Рускага геаграфічнага таварыства пад назвай «Самая прыгожая краіна» прыцягнуў да сябе лепшых пісьменнікаў, мастакоў, журналістаў і фатографаў. Сам фотаконкурс упершыню прайшоў у 2015 годзе.

Праект выклікаў вялікі грамадскі рэзананс і стаў штогадовым, а выставы работ яго фіналістаў і пераможцаў з поспехам экспануюцца па ўсім свеце. Удзельнікам конкурсу можа стаць любы чалавек незалежна ад месца жыхарства, грамадзянства і ўзросту. Адзіная ўмова — фатаграфіі павінны быць зроблены на тэрыторыі Расіі.

У бібліятэцы была прадстаўлена толькі частка вялікага праекта. На фотаздымках можна было ўбачыць партрэты звычайных людзей, гарадскія пейзажы. Мова фотаздымкаў не патрабуе перакладу. Ад прадстаўленых работ было столькі святла, энергіі, што на душы станавілася цяплей.

Затым прысутным сваю творчасць падарыў фальклорны ансамбль «Паўлінка» дзіцячай школы мастацтваў імя Рыгора Шырмы.

Прэзентацыю тэматычнай выставы «Год якасці. Зроблена ў Пружанах» правяла загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Міколы Засіма Юлія Лаўраш, якая расказала аб самім раёне, геаграфічных асаблівасцях яго размяшчэння, Белавежскай і Ружанскай пушчах, рэках, азёрах, гістарычным мінулым, аб тым, як раён пераўтвараўся ў сучасную адміністрацыйную адзінку.

Затым аповед пайшоў пра буйныя прадпрыемствы, якія працуюць на Пружаншчыне, іх традыцыях і дасягненнях. Нельга ўвагай абыйсці нашу знакамітую на ўвесь свет здраўніцу — санаторый «Ружанскі», дзе маладзеюць як душой, так і целам, аздараўліваюццца беларусы і расіяне.

Паведамілі прысутным і пра традыцыйную беларускую кухню, якія прадукты выкарыстоўвалі ў ежу як простыя беларусы, так і магнаты. Многа цікавых страў, якія мала дзе сустрэнеш не толькі ў свеце, але і ў самой Беларусі, гатуюць у вёсках Пружаншчыны. Шмат з іх прадстаўлена ў кнізе кулінарных рэцэптаў Пружанскага раёна. Выданне, якое выйшла ў свет дзякуючы падтрымцы Беларускага геаграфічнага таварыства, уручыў Юліі Сяменчанка Мікалай Кудравец.

Аб удзеле ў Сусветным фестывалі моладзі ў г. Сочы расказаў Дзяніс Цямчык. Дзяніс Уладзіміравіч быў дэлегатам гэтага прадстаўнічага маладзёжнага форуму. Ён расказаў аб атмасферы сяброўства, інтэрнацыяналізму, якія панавалі ў час правядзення фестывалю.

Аб удзеле ў адукацыйным праекце «Калабарацыя бібліятэк краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў» расказала бібліятэкар Навазасімавіцкай сельскай бібліятэкі Наталля Каршункова.

З заключным словам аб узаемадзеянні Пружанскага раёна з рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі ў галіне культуры выступіў Мікалай Кудравец.

Фіналам мерапрыемства стаў майстар-клас па ганчарным майстэрстве, які правёў кіраўнік гуртка ганчарнага майстэрства Віталь Раманоўскі.

Падводзячы вынікі, можна з упэўненасцю сказаць, што сяброўства Расіі і Беларусі заўсёды трымалася і будзе трымацца ў большай ступені на культурных скрэпах, славянстве і роднасці, а ўжо пасля — на эканоміцы і палітыцы. Так будзе заўсёды.

Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік

Поделиться новостью:

Добавить комментарий