Пружанская районная библиотека им. М.Засима

ГУК "Пружанская централизованная библиотечная система"

Надзея Салодкая

Чытач. Я прасіла ў Бога не багацця –

Шчырую, самотную душу,

Не спакою ў апусцелай хаце –

Голаса, якому не схлушу.

 

Чысты аркуш, лямпа і аловак,

І радкоў пранізлівы акорд.

Набірае сілу голас слова,

І сыходзіць нематы дакор.

Вяд. Шчырыя, кранаючыя сэрца радкі належаць сучаснай беларускай паэтэсе Надзеі Салодкай. Яна пачала пісаць у сталым узросце, напаўняючы кожны верш мудрым, філасофскім зместам, укладаючы ў кожнае слова частку сваёй душы.

Надзея нарадзілася 23 кастрычніка 1947 года ў вёсцы Шэркіна (у народным і гістарычным ужытку яе часта называюць Шэрпіна) Лёзненскага раёна ў сям’і настаўніцы пачатковых класаў і мясцовага скрыпача. Пасля заканчэння васьмі класаў Лёзненскай сярэдней школы №2 паступіла ў Полацкае медвучылішча. На працу ў бальніцу дзяўчыну накіравалі ў вёску Удзела  на Глыбоччыне. Тут яна выйшла замуж і атрамала новае, “салодкае” прозвішча. А Полацк клікаў, вабіў сваімі таямніцамі і маладая сям’я пераехала ў гэты старажытна горад над Дзвіной.

Чытач. Горад над Дзвіной,

Родны Полацк мой!

Гэта ж колькі павінна быць сілы,

Каб нанова ўставаць і ўставаць

З небыцця, з папялішчаў астылых,

Згаласіўшыся, жыць і спяваць!

І нікуды адсюль не падзецца —

Гэта месца як велічны птах,

Гэта тут маладосці няймецца

У стагоддзяў на белых руках.

Вяд. Знайсці працу па спецыяльнасці у той час Надзее было вельмі цяжка. Знаёмая параіла месца сакратара-машыністкі ў газеце “Сцяг какмунізму”. Надзея згадзілася і ў 1971 годзе ўладкавалася ў рэдакцыю. Муж набыў ёй друкавальную машынку ажно ў Маскве, і пачалася праца, якая адыграла лёсавызначальную ролю ў яе жыцці. Друкуючы артыкулы журналістаў, яна пачала адчуваць смак слова і тонкасці стылю. “Часам узнікала жаданне неяк па-свойму пераставіць словы, але пра тое, каб нешта паправіць, а тым больш напісаць самой, нават думаць сабе не дазваляла”, — расказвае Надзея Стэфанаўна. У 1977 годзе па стане здароўя ёй давялося пакінуць любімую газету. Было цяжка рухацца, яна амаль не выходзіла з хаты. Але Надзея Стэфанаўна не ўпала духам: купіла пішучую машынку і пачала працаваць дома. Да яе часцяком прыходзілі калегі, сябры і знаймыя. Рукапісы прывозілі з ўсёй краіны = яна друкавала хутка і без памылак.

Гады, з радасцямі і турботамі, ішлі сваім шляхам. Надзея Стэфанаўна цяжка перажывала страту мужа, які заўчасна пайшоў з жыцця. Ды аднойчы, нечакана для сябе, села да пісьмовага стала, узяла аркуш паперы і напісала першы верш, назваўшы яго “Пачатак”. Гэты дзень лічыць кропкай адліку творчага шляху, які прынёс ёй вядомасць і павагу як у творчым асяроддзі, так і сярод прыхільнікаў вершаванага радка па ўсёй Беларусі.

Надзея прызнаецца: «Пакуль не стала пісаць, я была на краі… Адчай, самота, роспач… Для мяне разам з вершамі вярнуўся сэнс жыцця».

Чытач. Я — женщина, слабая сущность

Вселенной.

Я женщина, слабостью этой сильна.

Пою о любви в чистоте вожделенной,

Желанием радости вечно хмельна.

І тое ж самае па-беларуску:

Жанчына я — слабая сутнасць Сусвету,

І гэтая слабасць мне права дае

Спяваць пра каханне прыветнаму

ветру,

А хмелю мне неба дажджом наліе…

Вяд. Сёння Надзея Салодкая — аўтар амаль 30 зборнікаў паэзіі.

Вершы Надзеі Стэфанаўны надзвычай спеўныя. Таму не дзіва, што многія пакладзены на музыку. Яна сама адчула гэтую іх уласцівасць і аднойчы, слухаючы радыё, пачула, што пасля вялікага перапынку на эстраду вярнулася вядомая спявачка Нэлі Багуслаўская. Доўга вагалася, а потым сабрала з дзясятак вершаваных твораў, паклала ў канверт і напісала адрас: “Беларускае радыё”, з просьбай перадаць Нэлі Багуслаўскай. Праз тыдзень атрымала адказ ад Нэлі Захараўны: “Вашы вершы спадабаліся. Некаторыя з іх ужо ў Ізмаіла Капланава ў рабоце”. Так пачалося шчырае сяброўства з папулярнай выканаўцай і вядомым кампазітарам. Амаль адразу песні загучалі ў эфіры. Суаўтарамі Надзеі Салодкай сталі таксама Леанід Захлеўны, Яўген Хаменка, Наталля Чацверыкова, Міхаіл Асташэнка і іншыя.

/ урывак з тэлеперадачы “Свет далёкой звезды. Измаил Капланов” (песня “Собирала пёрышки” (выкон. Нэлі Багуслаўская) /

З 2006 года Надзея Стэфанаўна ўваходзіць у Саюз пісьменнікаў Беларусі. З`яўляецца ганаровым грамадзянінам горада Полацка, узнагароджана знакам “За заслугі перад Полацкам”, уладальнік “Залатога Купідона” за песенны цыкл з Ізмаілам Капланавым, лаўрэат літаратурных прэмій імя Уладзіміра Караткевіча і Петруся Броўкі. Пра ўсё гэта Надзея Салодкая сціпла кажа: “Вельмі высокае прызнанне, але лічу, такі гонар павінен быць за вялікую працу. А я нічога такога не зрабіла. Проста пісала вершы ад душы і для душы”.

Чытач. Што пакіну для вас? —

Смутак сноў і літанняў,

Калі ветах да рання брыдзе.

Тэрмін ёсць для віны і для тайны,

Ад яго не схавацца нідзе.

Можа, толькі ў раскрыленасць верша,

Што ў піке апантана ляціць,

Не апошні пры гэтым, не першы,

Хто ірве між тайніцамі ніць…

Вяд. Надзея Салодкая піша пра веру, каханне, прыроду, пра родны горад і сваё патаемнае, перажытае і надзённае. Яе паэзія прымушае да роздуму і разам з тым дазваляе атрымаць асалоду. Якое багацце пачуццяў, дабрыні і таленту!

Чытайце вершы Надзеі Салодкай! І прыходзьце да нас у Пружанскую бібліятэку!

Складальнік: нам. дырэктара ДУК “Пружанская ЦБС” Аляксеева В.В.

 

Крыніцы.

  1. Надзея Стэфанаўна Салодкая. – Тэкст электронны // ВікіпедыЯ : [сайт]. – URL : https://be.wikipedia.org/wiki/%D0%9D%D0%B0%D0%B4%D0%B7%D0%B5%D1%8F_%D0%A1%D1%82%D1%8D%D1%84%D0%B0%D0%BD%D0%B0%D1%9E%D0%BD%D0%B0_%D0%A1%D0%B0%D0%BB%D0%BE%D0%B4%D0%BA%D0%B0%D1%8F.
  2. Не пакідай мяне адну : вершы беларускіх паэтак пра каханне / укладальнік Алесь Бадак. – Тэкст : непасрэдны. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2026. – 127 с.. – (Новая бібліятэка беларускай паэзіі).
  3. Сопікава В. Надзея Салодкая — адметная творца і неардынарная асоба. – Тэкст электронны / Валянціна Сопікава // Звязда : [сайт]. – URL : https://zviazda.by/editions/news/nadzeya-salodkaya-admetnaya-tvortsa-i-neardynarnaya-asoba/.
  4. Творчасць знакамітай палачанкі Надзеі Салодкай — красамоўны ўзор адданасці Радзіме. – Тэкст электронны // Полоцкий районный исполнительный комитет : [сайт]. – URL : https://polotsk.vitebsk-region.gov.by/ru/novosti/novosti-regiona/item/8984-tvorchasts-znakamitaj-palachanki-nadzei-salodkaj-krasamo-ny-zor-addanastsi-radzime.

Хілько, Х. Вершы нараджаюцца проста… : паэтычная творчасць Надзеі Салодкай / Хрысціна Хілько // Алеся. – 2017. — № 8. — С. 18-19.

Поделиться новостью:

Добавить комментарий

Translate »