/ урывак з відэакліпа “ВИА «Сябры» – «Вы шуміце бярозы»” /
Вяд. Добры дзень, прыхільнікі беларускай літаратуры! Сёння з вамі мы бліжэй пазнаёмімся з жыццём і творчасцю вядомага беларускага пісьменніка Ніла Гілевіча. 30 верасня споўніцца 95 год з дня нараджэння знакамітага майстра беларускага слова.
Ніл Сымонавіч нарадзіўся ў 1931 годзе ў вёсцы Слабада Лагойскага раёна ў сялянскай сям’і. Яго бацька, Сымон Пятровіч Гілевіч, з’яўляўся старшынёй сельсавета, маці, Кацярына Міхайлаўна, займалася гаспадаркай. Акрамя Ніла ў сям’і нарадзілася яшчэ дзевяць дзяцей, двое з якіх памерлі ў маленстве.
Чытач. Я ўзыходжу на двор,
Я кажу ёй: «Са святам!» —
I цалую знаёмыя родныя вусны,
I бяру пад руку,
I іду з ёй у хату,
Дзе ад прыпечка б’е
Дух гарачы капусны.
Я гляджу ў яе вочы,
Што свецяцца шчасцем,
Гладжу рукі сухія,
Прапахлыя зеллем,
I хілюся да сэрца…
А трэба б упасці
Перад ёю — нядужнай, сівой —
На калені…
Вочы маці!
У доўгія зімнія ночы
Вы над намі
Вясёлымі зоркамі ззялі,
Вы ў нясцерпнай дрымоце
Зліпаліся, ночы.
I ўсё ж усміхаліся нам,
Забаўлялі…
Рукі маці!
Вы ў працы не зналі прынукі,
Вы насілі штогод
Мазалі, як бабіны,
Вы аж нылі увечары,
Мілыя рукі,
Спавіваючы нас
Перад сном галубіным.
Сэрца маці!
Наш боль быў тваім,
He іначай,
Сорам наш
Ты насіла вялізарным горам,
Кропля ж кожная
Радасці светлай дзіцячай
Напаўняла цябе,
Разлівалася морам…
А цяпер ёй —
Адно б на сынка наглядзецца…
Жаль, і горыч, і боль
Мне душу працінае:
Як жа позна,
Як позна — любімыя дзеці —
Мы няўдзячнасць сваю
Разумець пачынаем…
“Маці”
Вяд. Да вайны Ніл Гілевіч паспеў скончыць тры класы Слабодскай сямігадовай школы, а пасля вызвалення Беларусі пайшоў адразу ў пяты клас у вёску Гайна, якая знаходзілася па суседстве.
Пісаць вершы Ніл Гілевіч пачаў, калі яму было дзевяць гадоў. А першы друкаваны твор з’явіўся ўжо пасля вайны, у 1946 годзе: верш “Яблынька” апублікаваў часопіс “Бярозка”.
Пасля апошняга, сёмага класа, паступіў у Мінскае педагагічнае вучылішча, якое скончыў у 1951 годзе. У апошні год вучобы адначасова выкладаў нямецкую мову ў школе, а потым паступіў на філалагічны факультэт БДУ.
Падчас вучобы пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, аднакурсніцай Нінай Іванаўнай Кавалёвай. Па размеркаванні яна трапіла ў Гарадоцкі раён Віцебскай вобласці, пасля яе вяртання ў Мінск пара ажанілася. Ніл Гілевіч у той час вучыўся ў аспірантуры.
Першая кніга паэзіі Ніла Гілевіча “Песня ў дарогу” выйшла ў 1957 годзе, а ў 1959-м, калі ён скончыў аспірантуру і пачаў працаваць на кафедры беларускай літаратуры, свет убачыў зборнік “Прадвесне ідзе па зямлі”. Адначасова з працай на кафедры, Ніл Гілевіч з’яўляўся літаратурным кансультантам у газеце “Звязда”.
Чытач. Паклон табе, мой беларускі краю!
Ты – мой, я – твой: ад роду і навек.
Я зноў і зноў да сэрца прыкладаю
Твой ліст дубовы – як чароўны лек.
За хлеб, што ем, за песні, што спяваю,
За шчасце звацца іменем тваім –
Паклон, паклон табе, мой родны краю!
Ты – мой, я – твой: усюды і ва ўсім!
Вяд. Падчас працы ва ўніверсітэце Ніл Гілевіч пісаў шмат кніг па літаратуразнаўстве і фалькларыстыцы, а таксама ўкладаў фальклорныя зборнікі, займаўся перакладчыцкай дзейнасцю. Дарэчы, паэт пераклаў на беларускую мову творы звыш 400 славянскіх паэтаў і пісьменнікаў.
У 1972 годзе Ніл Гілевіч задумаў стварыць раман у вершах. Гэта было рэалізавана праз 12 гадоў, у выніку чаго з’явіліся “Родныя дзеці”.
Гaлoўным гepoeм paмaнa ў вepшax Hiлa Гiлeвiчa з’яўляeццa Cцяпaн Bячopкa – iнтэлiгeнт y пepшым пaкaлeннi, пacпяxoвы кaмпaзiтap, пecнi якoгa шыpoкa вядoмы. Ён yжo дaўнo жывe ў гopaдзe, y вёcкy нaязджae pэдкa, xaця дyшoй iмкнeццa тyды пacтaяннa, бo тaм – ягo мaлaя paдзiмa, тaм жывe ягo мaцi, якyю Cцяпaн вeльмi любiць, тaм – ycя ягo paдня, дyxoўнyю cyвязь з якoй ён aдчyвae пacтaяннa.
Знoў i знoў у рамане aўтap бyдзe пepaкoнвaць cвaйгo чытaчa ў нeaбxoднacцi быць чaлaвeкaм нa гэтaй зямлi, пaмятaць cвae кapaнi, cвoй poд, нe гyбляць cyвязi з iмi.
Чытач. О, Беларусь!.. – Няхай усклікну
І я – за волатамі ўслед.
Як пілігрым нясе малітву –
Так я нясу іх запавет.
Я скалясіў і змераў пешкі
Твае прасторы ўдоўж і ўшыр –
І ўсе шляхі, дарогі, сцежкі
Пакрыжаваліся ў душы.
Не знаю сам, якога зелля
Ты падліваеш мне ў пітво, –
Што гэтак моцна, гэтак хмельна
Тваё чаруе хараство.
Не знаю слоў, каб растлумачыць,
Разгадку тайны праявіць, –
Чаму штодня мне трэба бачыць
Твой непаўторны краявід.
Чаму без роднага паветра
Я доўга дыхаць не магу.
Чаму мне суджана павечна
У неаплатным быць даўгу –
Перад тваёю некрыхлівай,
Зусім не кідкаю красой,
Што з воч зрываецца імклівай,
Непераможнаю слязой,
Што анікому не чужая
І нават кончаных бадзяг
Адчуць раптоўна прымушае,
Як радасць тахкае ў грудзях…
Тваё імя яшчэ прамоўлю
Апошні раз, о краю мой!
Шчаслівы лёс – плаціць любоўю
Табе і жыць – адною ёй.
З чаго пачаў калісь над Гайнай –
І скончу тым… Спакойны я:
Павек не стане чорнай ганьбай
Любоў прасветлая мая!..
урывак з рамана ў вершах “Родныя дзеці”
Вяд. Асноўнымі матывамі паэзіі Ніла Гілевіча з’яўляюцца любоў да роднага краю і яго гістарычнай спадчыны, тэмы спалучэння пакаленняў праз час і жахі ваенных гадоў.
Чытач. Я – беларус, я нарадзiўся
На гэтай казачнай зямлi,
Дзе мiж лясоў i пушчаў дзiкiх
Адвеку прашчуры жылi.
Я – беларус, я ганаруся,
Што маю гэтае iмя:
Аб добрай славе Беларусi
У свеце знаюць нездарма!
Я – беларус, i я шчаслiвы,
Што мацi мову мне дала,
Што родных песень пералiвы
I зблiзку чую, i здаля.
Я – беларус, i хоць сягоння
Яшчэ малы, але скажу:
Я родам з племя непакорных
I прад бядой не задрыжу!..
“Я – беларус”
Вяд. Акрамя навуковай і літаратурнай працы займаўся Ніл Гілевіч і палітыкай. 3 1985 года ён працаваў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, а з 1990 з’яўляўся старшынёй яго пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны.
У канцы 2013 года выйшла апошняя кніга з 23-томнага збору твораў пісьменніка.
Шматлікія вершы Ніла Гілевіча былі пакладзеныя на музыку. Яе напісалі такія славутыя кампазітары, як І. Лучанок, А. Багатыроў, Я. Глебаў, Э. Зарыцкі і іншыя.
Пайшоў з жыцця народны паэт Беларусі 29 сакавіка 2016 года ў Мінску. Пахаваны на Кальварыйскіх могілках побач з магілай жонкі Ніны Іванаўны.
Чытач. Вечна спяшаемся, вечна няма нам калi:
Пешшу даўно ўжо не ходзiм па грэшнай зямлi.
Як на пажар усё роўна, нас колы нясуць
Мiма бяроз на прыгорку – цнатлiвых красунь,
Мiма крынiчкi, што цiха з-пад каменя б’е,
Мiма салоўкi, што ў кусце альховым пяе…
Так i iмчымся, ляцiм мiма шчасця свайго.
Што нас прымусiць задумацца: а для чаго?
Вяд. Гілевіч быў сапраўдным універсалам у творчасці, але сам гаварыў: “Мая стыхія – паэзія”. Чытайце вершы Ніла Гілевіча! І прыходзьце да нас у Пружанскую бібліятэку!
Складальнік: нам. дырэктара ДУК “Пружанская ЦБС” Аляксеева В.В.
Крыніцы.
- Гiлевiч, Н. Повязь : вершы і песні / Ніл Гілевіч. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1987. – 110 с.
- Гiлевiч, Н. Родныя дзеці : раман ў вершах / Ніл Гілевіч. – Мінск : Мастацкая лiтаратура, 1985. – 192 с.
- Лёс і творчая спадчына Ніла Гілевіча: “Паклон табе, мой беларускі краю!..”. – Тэкст электронны // Sputnik Беларусь : [сайт]. – URL : https://bel.sputnik.by/20230930/nil-gilevich-biografiya-1037844387.html.
- Hiл Гiлeвiч!. – Тэкст электронны // Kby : [сайт]. – URL : https://karotkizmest.by/%D0%B1%D0%B8%D0%BE%D0%B3%D1%80%D0%B0%D1%84%D0%B8%D0%B8/%D0%BD%D1%96%D0%BB-%D0%B3%D1%96%D0%BB%D0%B5%D0%B2%D1%96%D1%87.html.
- Hiл Гiлeвiч!. – Тэкст электронны // Профильное обучение : [сайт]. – URL : https://www.google.com/search?q=%D0%9D%D1%96%D0%BB+%D0%93%D1%96%D0%BB%D0%B5%D0%B2%D1%96%D1%87&oq=%D0%9D%D1%96%D0%BB+%D0%93%D1%96%D0%BB%D0%B5%D0%B2%D1%96%D1%87&gs_lcrp=EgZjaHJvbWUqCAgAEEUYJxg7MggIABBFGCcYOzIHCAEQLhiABDIHCAIQABiABDIHCAMQABiABDIHCAQQABiABDIHCAUQABiABDIICAYQABgWGB4yCAgHEAAYFhgeMggICBAAGBYYHjIICAkQABgWGB7SAQoxNjM0N2owajE1qAIIsAIB8QXEsoczag8s5Q&sourceid=chrome&source=chrome.rb&ie=UTF-8.
Hiл Гiлeвiч – Poдныя дзeцi!. – Тэкст электронны // Karotkizmest.by : [сайт]. – URL : https://karotkizmest.by/%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D0%BA%D0%B0%D1%8F-%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80%D0%B0/%D0%BD%D1%96%D0%BB-%D0%B3%D1%96%D0%BB%D0%B5%D0%B2%D1%96%D1%87/%D0%BD%D1%96%D0%BB-%D0%B3%D1%96%D0%BB%D0%B5%D0%B2%D1%96%D1%87-%D1%80%D0%BE%D0%B4%D0%BD%D1%8B%D1%8F-%D0%B4%D0%B7%D0%B5%D1%86%D1%96-%D0%B3%D0%B4%D0%B7.html