• Пт. Май 3rd, 2024

Пружанская районная библиотека им. М.Засима

ГУК "Пружанская централизованная библиотечная система"

3 лістапада — 141-я гадавіна з дня нараджэння народнага песняра Беларусі Якуба Коласа

Пры шляху шырокім,

Дзе стаіць камора,

Я на свет радзіўся

Пад глухі шум бору,

Позняю парою,

Восенню гнілою.

Так пра сябе напісаў Якуб Колас (сапраўднае імя Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч), які нарадзіўся 141 год таму ў беднай сялянскай сям’і

Бацька – Міхаіл Казіміравіч – быў беззямельны, таму служыў у магната Радзівіла. Спачатку працаваў у каморы (кантрольным пункце лясніцтва), затым лесніком. Быў вельмі працавіты, адказны, таму сям’я часта пераязджала з месца на месца. Костусь з малку любіў назіраць за навакольным светам, дзеяннямі родных – гэта спрыяла развіццю светапогляду хлопчыка. Вось як своеасабліва ён уяўляў дні тыдня: серада – драўлянае біла на ложку, чацвер – адвёртка з ручкаю, пятніца – прыклад паляўнічай стрэльбы. І так быў распісаны кожны дзень. Усё гэтыя фантазіі былі звязаны з сялянскім бытам. Напрыклад, у суботу мужчыны крыху раней канчалі працу, мыліся, мянялі бялізну, надзявалі лепшую адзежу. Дзядзька Антось даставаў свае боты і старанна іх чысціў, але ўсё роўна зверху халяў заставалася рудая палоска. Адтуль і пайшло ўяўленне аб субоце як “верхні абрэз халяў у мужчынскіх ботах”.

Здольнасць Канстанціна Міцкевіча да стварэння вобразаў вельмі здзіўляла сяброў-семінарыстаў. Не адзін раз яны былі сведкамі яго пераўвасаблення, калі ў гутарках ці падчас заняткаў ён нібы аддаляўся, уваходзіў у свае думкі і настолькі выразна прадстаўляў сабе, што вось цяпер ён вудзіць рыбу (пры гэтым нават рэальна выціраў “мокрыя ад вады рукі”), вядзе размову з аднавяскоўцамі (уголас задаваў ім пытанні, сам адказваў, смяяўся).

Творчае бачанне свету дапамагла Міцкевічу стаць Якуба Коласам – класікам беларускай літаратуры. Некаторых герояў паэм “Новая зямля”, “Сымон-музыка” рамана “На ростанях” аўтар надзяліў сваімі мроямі, перажываннямі, поглядамі, разважаннямі.

Вялікае ўражанне на песняра зрабілі творы рускіх пісьменнікаў і паэтаў. Вельмі быў усхваляваны, калі ў дзяцінстве дзядзька падарыў яму “Байкі” Івана Крылова. Затым у дзіцячай “бібліятэчцы” з’явіліся творы Аляксандра Пушкіна, Мікалая Гогаля. З задавальненнем вучыў вершы і байкі на памяць.

Любоў да чытання развівала ў хлопца не толькі памяць, але і граматнасць. Саматужна рыхтуючыся да экзаменаў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю Костусь вучыў вытрымкі з твораў рускіх пісьменнікаў, якія прыводзіліся ў вучэбніку “Граматыка” Говарава, затым пісаў іх па памяці і правяраў памылкі па кнізе. Таму на іспыце напісаў дыктоўку амаль без памылак, толькі адну кропку забыўся паставіць.

Вучыцца яму было цяжкавата, але не хацеў атрымліваць ніжэйшыя адзнакі за суседа па лаўцы. Таксама баяўся, каб не адлічылі з семінарыі. Крыху пазней абудзілася “замілаванне да выбранай прафесіі”. Разважаў, што калі сам дасць веды сялянскім дзецям, а тыя падрастуць і таксама пойдуць яго шляхам дык набярэцца сіла, якая здолее змяніць жыццё простага люду да лепшага. Значна пазней пра ролю педагога Якуб Колас выказаўся так: “Настаўнік не той, перад кім ты сядзіш на лаўцы або стаіш на каленях. Сапраўдны настаўнік уваходзіць у душу і ўжо не расстаецца з табою. Не ведаеш, што рабіць, – папытай, а не спытаеш – ён усё роўна параіць, моўчкі”.

У семінарскія гады яшчэ болей цягнула да мастацкіх кніг, паспрабаваў і сам пісаць. Спачатку па-руску. Аднойчы, перад Вялікаднем, сядзеў каля сваёй хаты і пачуў песню жаўрука. Яна так ускалыхнула сэрца, што сталі выразна прамаўляцца словы. Хлопец запісаў іх і зразумеў, што выйшаў верш на роднай мове. Ён быў больш дасканалы, чым ранейшыя байкі – падробкі пад Івана Крылова. Ухвалілі літаратурныя практыкаванні, напісаныя па-беларуску, настаўнік семінарыі Фядот Кудрынскі і сябры. Пасля слоў настаўніка: “З гэтым вы можаце выйсці на сапраўдную дарогу” Костусь зразумеў, што і ён можа стаць паэтам. Раней яму здавалася, што паэт стаіць вышэй за людзей, як пушкінскі Прарок. Стаў больш пісаць і дасылаць свае творы ў газеты “Наша ніва”, “Наша доля” пад рознымі псеўданімамі: Якуб Колас, Карусь Лапаць, Тарас Гушча, К.Альбуцкі, Ганна Груд і інш.

Само жыццё сілкавала яго творчасць, паддавала тэмы, застаўляла адчуць на сабе ўціск царскага самадзяржаўя. Тры гады турмы за лістоўку-прызыў, якую не пісаў (першы раз эксперты далі патрэбныя суду звесткі, другі раз прызналі, што рука не Коласа). Прыгавор пракурора быў такі: “З прычыны разыходжання ў поглядах экспертаў, гаспада суддзі, патрабую Міцкевіча асудзіць”.

Як толькі Якуб Колас наладзіў турэмны побыт у Мінскім астрозе, раздабыў аловак і паперу, ён аднавіў сваю творчую дзейнасць. Пісаў сваё перажытое, бачанае. Складаліся цэлыя главы будучых паэм, але не хапала духоўнай раўнавагі, спакою, зацішнага кутка, каб напісаць ўсё тое, што задумаў. Улічваў запыты, узровень і настрой сяброў па камеры і пісаў для іх смешныя ўспаміны са свайго дзяцінства. Гумар ратаваў ад чорных думак. Падабаліся сакамернікам і апісанні прыроды, яны нібыта перанасіліся “з смярдзючай яміны астрога на прастор” – дыхалі свежым паветрам, збіралі грыбы, купаліся ў чыстай рацэ, слухалі шум дрэў, спевы птушак. Мастацтва слова дапамагала выжыць. Пазней, ужо ў савецкія часы, Колас дапамагаў людзям не толькі духоўна падняцца над бедамі, але і матэрыяльна. Не адзін ліст, прысланы яму з просьбай аб дапамозе, не быў пакінуты без увагі. Высылаў паштовыя пераводы дзецям, якія засталіся без бацькоў, жанчынам, каб купіць кароўку-карміцельку, мужчынам, каб пабудаваць хаты, студэнтам, каб аплаціць вучобу. Пры гэтым сябры раілі яму спачатку даведацца, ці не ашуквае каторы, што насамрэч мае патрэбу ў грашах. Якуб Колас заўсёды адказваў: “Людзям трэба верыць. Думаеце, хлопцы, лёгка раззявіць рот, каб папрасіць што-небудзь? Ой, цяжка! Ну, няхай я раз памылюся, затое дзесяць разоў падам руку тым, каму яна трэбна”. Сам жа пісьменнік у побыце не любіў марных трат: еў мала, без перабору, абы было гарачае, адзежу насіў доўга, пакуль сыны не прымушалі апрануць новую.

Усё сваё жыццё Якуб Колас працаваў, не даваў сабе спуску нават тады, калі моцна балелі рукі. Лічыў, што лепшыя лекі для яго – ствараць новае. Яму хацелася аставіць свайму народу такі мастацкі пласт сваёй душы, каб кожны чытач, нягледзячы на ўзрост, мог знайсці твор па свайму густу. Увесь здабытак песняра ёсць у Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М. Засіма. Запрашаем усіх пачытаць (перачытаць) яго творы “Новая зямля”, “На ростанях”, “Сымон-музыка”, “Дрыгва” і іншыя.

Вольга Макарчук (загадчык АБМ)

 

Поделиться новостью: