• Чт. Ноя 21st, 2024

Пружанская районная библиотека им. М.Засима

ГУК "Пружанская централизованная библиотечная система"

22 красавіка 2024 г. – 170 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Аляксандравіча Дуніна-Горкавіча (1854–1927), географа, этнографа, сацыёлага, краязнаўца паўночнай часткі Заходняй Сібіры

Аляксандр Аляксандравіч Дунін-Горкавіч нарадзіўся ў 1854 г. у Ружанах Гродзенскай губерні (цяпер Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці). Быў трэцім сынам губернскага сакратара Аляксандра Іосіфавіча Горкавіча, які паходзіў са старажытнага дваранскага роду Дуніных. Аляксандр Дунін-Горкавіч закончыў Гродзенскую класічную гімназію, пасля – Лісічанскае сярэдняе прафесіянальнае вучылішча, што знаходзілася паблізу Санкт-Пецярбурга. Пасля заканчэння вучылішча атрымаў кваліфікацыю інжынера-лесавода і званне ляснога кандуктара. Стажыроўку праходзіў у Царскасельскім лясніцтве.

У 1875 г. паступіў на службу ў лейб-гвардыі грэнадзёрскі полк Яго імператарскай Вялікасці Аляксандра II. Удзельнічаў у Руска-турэцкай вайне (1877–1878), адважна ваяваў пад Плеўнай, за што быў узнагароджаны медалём «За адвагу» і атрымаў званне унтэр-афіцэра. Пасля вайны працягнуў службу ў Царскасельскім лясніцтве, а затым у лясных ведамствах Самарскай, Ніжагародскай і Разанскай губерняў.

У 1890 г. Аляксандра Дуніна-Горкавіча накіравалі ў Табольскую губерню, дзе на працягу доўгага часу ён працаваў у якасці галоўнага ляснічага Самароўскага лясніцтва, найбуйнейшага на той момант па плошчы ў Расіі. Меў чын сапраўднага стацкага саветніка.

Даследчык стараўся пранікнуць у самыя глухія куткі неагляднага цяжкадаступнага краю, размешчанага ў басейнах вялікіх сібірскіх рэк Іртыша і Обі, які працягнуўся ад тайгі да берагоў Паўночнага Ледавітага акіяна. Яго цікавіла літаральна ўсё – ад прыродных рэсурсаў і этнаграфіі да стану рыбалоўства і пушнога промыслу. Даследаванню паўночнай часткі Заходняй Сібіры Аляксандр Дунін-Горкавіч аддаў усе свае сілы, розум і энергію і адлюстраваў вынікі падарожжаў у сваіх навуковых працах па гісторыі, этнаграфіі, эканоміцы Югры. Аб’ёмы і размах яго даследаванняў уражваюць.

У 1901 г. ён зноў праехаў у басейн ракі Паўночнай Сосьвы і ў вярхоўі ракі Пялыма. Тут яму ўдалося пабываць ва ўсіх населеных пунктах, для чаго перасек гэтую тэрыторыю ўздоўж і ўпоперак, пераадолеўшы 1304 вярсты. Куды не ўдавалася трапіць у цёплы час года, адпраўляўся зімой. У сваім дзённіку даследчык дае бясцэнныя сведчанні аб узнікненні рыбаперапрацоўчай прамысловасці ў Ханты-Мансійскай акрузе, аб тым, наколькі адказна падыходзілі да гэтай справы мясцовыя прадпрымальнікі.

Навуковая спадчына А. А. Дуніна-Горкавіча паказвае, што аўтар меў асаблівыя гледжанні на Заходнюю Сібір, на Югру і эканоміку рэгіёна. Ён разглядаў тэрыторыі Ямала-Нянецкай, Ханты-Мансійскай аўтаномных акруг, поўначы сучаснага Табольскага раёна Цюменскай вобласці, паўночных раёнаў Томскай і Омскай абласцей як самастойны, адзіны ў геаграфічным і ў гаспадарчым плане рэгіён, аб’яднаны прыроднымі камунікацыйнымі сістэмамі – рэкамі і балотамі.

На працягу пяці зім, з 1898 па 1903 гг., А. А. Дунін-Горкавіч вывучаў паўночную частку Сярэдняга Прыоб’я (больш за 1,6 млн. кв. км), даследаваў басейны Паўночнай Сосьвы, Піма, Конды і іншых рэк, апісаў Паўночна-Сосьвінскае ўзвышша, якое ляжыць паміж Обью і Уралам, пабываў і на Сібірскіх валах…

За гады падарожжаў па Табольскай Поўначы, у асноўным у адзіночку і за свой кошт, пераадолеўшы больш за 50 тыс. км, даследчык запоўніў многія «белыя плямы» на геаграфічных картах. Сабраў унікальныя матэрыялы па геаграфіі, гісторыі, этнаграфіі, эканоміцы, духоўнай культуры асцякоў (хантаў), вогулаў (мансі), самаедаў (ненцаў), зыран (комі), увёў у навуковую літаратуру мясцовы тэрмін «мацярык» – узвышаная водападзельная прастора, парослая лесам.

У 1903–1908 гг. Аляксандр Дунін-Горкавіч даследаваў запалярную тундру, у 1908–1911 гг. на параходзе «Табольск» правёў гідралагічныя работы ў нізоўі Обі і Надыма, Пура і Таза. Па матэрыялах даследаванняў вучоным было напісана 67 навуковых работ, сярод іх – фундаментальная праца «Табольская Поўнач» (1904, 1910, 1911). У трэцяй кнізе аўтар абагульніў вынікі этнаграфічных даследаванняў хантаў, мансі, ненцаў. Пазней гэтыя матэрыялы адыгралі вялікую ролю ў стварэнні Ханты-Мансійскай і Ямала-Ненецкай нацыянальных акруг.

А. А. Дунін-Горкавіч займаўся вывучэннем соцыўма ва ўсіх яго сацыяльных узаемасувязях, выкарыстоўваючы інтэрв’ю, апытанні і г. д. Стаў першым сацыёлагам паўночнай часткі Заходняй Сібіры. Ён прапаноўваў далучаць карэнныя народы Поўначы ва ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва. Валодаючы хантыйскай і ненецкай мовамі, вучоны выдаў «Руска-асцяцка-самаедскі слоўнік» (1910).

За сукупнасць навуковых прац па даследаванні прыроды, насельніцтва Поўначы ў 1904 г. ураджэнец Ружаншчыны быў удастоены малога залатога і вялікага сярэбранага медалёў Расійскага геаграфічнага таварыства імя М. М. Пржэвальскага. Узнагароджаны ордэнамі Святой Ганны, Святога Уладзіміра, Святога Станіслава і інш.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. даследчык жыў у Табольску, цярпеў матэрыяльныя цяжкасці, займаючы нязначныя пасады ў шэрагу дзяржаўных устаноў. Працаваў у Заходне-Сібірскім аддзеле Рускага геаграфічнага таварыства, таварыствах рыбалоўства і суднаходства і інш., з’яўляўся Ганаровым членам таварыства вывучэння краю пры Табольскім музеі Поўначы.

Дзяржаўнае прызнанне заслуг вучонага прыйшло са спазненнем – у 1926 г., калі яго прызналі вучоным усесаюзнага значэння. А. А. Дунін-Горкавіч памёр 9 студзеня 1927 г., пахаваны на Завальных могілках г. Табольска.

Імем А. А. Дуніна-Горкавіча названы востраў ва ўсходняй частцы дэльты Обі, вуліца ў Ханты-Мансійску (2000). Яму пастаўлены помнікі ў Табольску, Ханты-Мансійску (2007). У Ханты-Мансійскім універсітэце ў 1994 г. усталявана стыпендыя ў гонар нашага земляка, з 2005 г. праводзіцца штогадовая навукова-практычная канферэнцыя яго імя. У 2010 г. у табольскай сядзібе вучонага адкрыты Музей гісторыі асваення і вывучэння Сібіры імя А. А. Дуніна-Горкавіча. У мемарыяльным кабінеце прадстаўлены асабістыя рэчы і частка архіва вучонага.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г. Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М.Засіма. Казлоўская Надзея Анатольеўна, бібліёграф АаіІ

 

  1. Дунін-Гаркавіч Аляксандр Аляксандравіч // Беларускія вучоныя, даследчыкі і вынаходнікі ў галіне тэхнічных і натуральных навук (другая палова ХVІІ – першая чвэрць ХХ ст.) / В. Я. Бездзель, В. М. Хаданёнак. Віцебск, 2018. С. 52–53.
  2. А. А. Дунин-Горкавич // Ермоленко, В. А. Белорусы – открыватели Севера / Валерий Ермоленко. Минск, 2016. С. 20–39.
  3. Дунін-Гаркавіч Аляксандр Аляксандравіч // Сузор’е беларускага памежжа : беларусы і народжаныя ў Беларусі ў суседніх краінах : энцыклапедычны даведнік / Грамадскае аб’яднанне «Міжнародная асацыяцыя беларусістаў», Інстытут культуры Беларусі, Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія «Беларусы Расіі». Мінск, 2014. С. 171.
  4. Дунін-Горкавіч Аляксандр Аляксандравіч // Асветнікі зямлі Беларускай, X – пачатак XX ст. : энцыклапедычны даведнік. 2-е выд. Мінск, 2006. С. 150.
  5. Исследователь Севера А. А. Дунин-Горкавич : историческая литература. – Москва : Галларт, 1995. – 192 с.
  6. Огрызко, В. В. Дунин-Горкавич А. А. / В. В. Огрызко // Отечественные исследователи коренных малочисленных народов Севера и Дальнего Востока : биобиблиографический словарь. Москва, 2013. С. 214–215.
  7. Юнина, М. В. Уроженец Гродненской губернии на службе российской науке / Маргарита Юнина, Екатерина Юнина // Тобольск и вся Сибирь : альманах. Кн. 30. Белорусы в Сибири : в 2 т. Тобольск, 2019. Т. 1. С. 447–456.
  8. Юнина, М. В. Вклад исследователя А. А. Дунина-Горкавича в деятельность Тобольского губернского музея / М. В. Юнина // Тобольск научный 2013 : материалы X Всерос. науч.-практ. конф. Тобольск, 2013. С. 388–393.
  9. Юнина, М. В. Исследователь Тобольского Севера А. А. Дунин-Горкавич в семейном и дружеском кругу / М. В. Юнина // Труды Тобольской комплексной научной станции УрО РАН. Тобольск, 2013. Вып. 3. С. 185–196.
  10. Калюкевіч, А. М. Прастора Дуніна-Гаркавіча / Алесь Карлюкевіч // Далёкія і блізкія суродзічы : з дзённіка краязнаўцы / Алесь Карлюкевіч. Мінск, 2012. С. 72–77.
  11. Чыгрын, С. М. Беларус у Заходняй Сібіры / Сяргей Чыгрын // Сярод сваіх людзей : літаратурна-краязнаўчыя артыкулы, гутаркі, перапіска / Сяргей Чыгрын. Мінск, 2012. С. 40–44.
  12. Юнина, М. В. Ученый, исследователь Тобольского севера Дунин-Горкавич Александр Александрович (1854–1927) / М. В. Юнина // Имена и события в памятных датах. 2009 год. Тобольск : Возрождение Тобольска, 2010. С. 58–62.
  13. Драбо, В. Н. Главный лесничий / Владимир Драбо, Валерий Ермолеко // Арктика: по следам соотечественников / Владимир Драбо, Валерий Ермоленко. Минск, 2005. С. 56–61.
  14. Дунин-Горкавич, А. А. Сборник трудов (1907–1911) : сборник научных трудов / А. А. Дунин-Горкавич. – Екатеринбург, 2010.
  15. Дунин-Горкавич, А. А. Нужды Тобольского севера и меры их удовлетворения / А. А. Дунин-Горкавич. – Шадринск : Исеть, 1994. – 72 с.
  16. Тобольский север : общий обзор страны, ее естественных богатств и промышленной деятельности населения / сост. А. А. Дунин-Горкавич, старший лесничий, зав. Самаровск. лесничеством Тобольск. губ. – СПб. : тип. В. Киршбаума, 1904–1911. – 3 т.
  17. Состояние лесов Севера Тобольской губернии ; эксплуатация их в настоящем и возможная в будущем / сост. А. А. Дунин-Горкавич // Ежегодник Тобольского Губернского Музея. – 1896. – Вып. VI.
  18. 22 красавіка – 170 гадоў з дня нараджэння А. А. Дуніна-Горкавіча (1854–1927), географа, краязнаўца, этнографа, педагога / складальнікі: В. Я. Асаёнак, Г. В. Брага, К. С. Быстрова // Новыя кнігі: па старонках беларускага друку. 2024. № С. 7–9 (дадатак: Даты беларускага календара).
  19. Баженов, Ю. Покоритель медвежьих углов : [А. А. Дунин-Горкавич] / Юрий Баженов // Беларускі час. 2024. 9 февраля (№ 6). С. 18.
  20. Шаруха, І. М. Даследчык Сібіры з Ружаншчыны : [А. А. Дунін-Гаркавіч] / Ігар Шаруха, Аляксей Яротаў // Раённыя будні. Пружаны, 2021. 27 лістапада. С. 11.
  21. Прокофьев, И. Волчки: по следам картографа Дунина-Горкавича / Игорь Прокофьев // Слонімскі веснік. 2019. 10 жніўня. С. 8.
  22. Память об исследованиях Тобольского севера : в Тром-Агане установили памятный знак Александру Дунину-Горкавичу // Вестник. 2018. 5 октября (№ 40). С. 2.
  23. Пейган, М. Вёска Радчыцы – радзіма вучонага А. Дуніна-Гаркавіча / Мікалай Пейган // Маяк. Берёза, 2017. 5 августа. С. 5.
  24. Карлюкевич, А. Знаток сибирского края : [А. А. Дунин-Горкавич] / Алесь Карлюкевич // Родная прырода. 2015. № 10. С. 62–63.
  25. Елфимов, А. Именем выдающегося исследователя: в июне 1994 года фондом учреждена премия имени Александра Дунина-Горкавича, исследователя Сибири / Аркадий Елфимов // Тобольская правда. 2014. 21 июня. С. 3.
  26. Вычугжанин, А. Тобольский лесничий / Александр Вычугжанин // Тюменская область сегодня. 2014. 12 апреля. С. 7.
  27. Загороднюк, Н. И. Картографические исследования А. А. Дунина-Горкавича / Н. И. Загороднюк, Е. Н. Коновалова // Геодезия и картография. 2013. № 5. С. 56–64.
  28. Пракаповіч, Н. Сібірская адысея Аляксандра Дуніна-Гаркавіча / Наталля Пракаповіч // Раённыя буднi. Пружаны, 2008. 8 лістапада. С. 4.
  29. Карлюкевіч, А. М. Прастора Дуніна-Гаркевіча / Алесь Карлюкевіч // Маладосць. 2006. № 11. С. 116–119.
  30. Карлюкевіч, А. М. Прастора Дуніна-Гаркевіча А. А. / Алесь Карлюкевіч // Народная трыбуна. 2005. 11 чэрвеня (№ 23). С. 2.
  31. Жизнь и творчество Александра Александровича Дунина-Горкавича, лесовода-краеведа // Вестник культуры. 2003. № 27. С. 20.

 

 

Рэгіён:

Пружанскі раён

Ружаны

Імёны:

Дунін-Гаркавіч Аляксандр Аляксандравіч

Прадметы:

Вучоныя

Географы

Этнографы

Поделиться новостью: