• Сб. Апр 27th, 2024

Пружанская районная библиотека им. М.Засима

ГУК "Пружанская централизованная библиотечная система"

19 лiстапада 2023 г. — 115 гадоў з дня нараджэння Мiколы (Мiкалая Арцёмавiча) Засiма (1908–1957), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, паэта

“Ён быў сынам народа ў поўным значэнні гэтага слова…” – гаварыў М. Танк пра Мікалая Арцёмавіча Засіма.

Мікола Засім – беларускі паэт і крытык, пясняр Пружанскай зямліцы нарадзіўся 19 лістапада 1908 г. у вёсцы Шані Пружанскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці) у вялікай i беднай сялянскай сям’і. Бацька працаваў на будаўніцтве чыгункі. У час Першай сусветнай вайны з бацькамі эвакуіраваўся ў Саратаўскую губерню, на радзіму Засімы вярнуліся ў 1921 г. Мікола Засім вучыўся спачатку ў рускай школе ў в. Папоўка каля Саратава, а пасля вяртання на родную Пружаншчыну скончыў сямікласную польскую школу.

Працаваў па найме, на тартаку (лесапільным заводзе), лесніком. У 1924 г. уступіў у падпольную камсамольскую арганізацыю, затым у Камуністычную партыю Заходняй Беларусі. Браў актыўны ўдзел у грамадска-палітычным і культурна-асветным руху, за што польскія ўлады яго не раз арыштоўвалі, многа разоў яго білі, пагардліва называлі “Максімам Горкім”. Але назлосць крыўдзіцелям Засіму добра пісалася нават у арышце. “Ліст з турмы” – вершаванае пісьмо да бацькоў, складзенае на нарах пружанскай турмы поўнае сарказму ды іроніі. Сябе ж ён абмаляваў з гумарам, падбадзёрваючы родных.

-Ці здаровы мама, тата? —

Піша сын Сцяпан, —

Для мяне прыдбалі хату,

І жыву, як пан

Маю я пакой асобны,

Гардэробу шмат:

Нары, столічак свабодны,

Проста як магнат!

Спаць паложаць, збудзяць  рана,

Есці паднясуць

І на шпацыр пад ахранай,

Як туза вядуць.

 

У 1930-я Мікола Засім быў бібліятэкарам вясковай бібліятэкі, створанай Таварыствам беларускай школы. У бібліятэцы налічвалася 248 кніг, як на той час — нямала. Удзельнічаў у мастацкай самадзейнасці, падабаліся яму ролі камедыйных персанажаў, у вясковым аркестры іграў на балалайцы. У гэты час М. Засім быў ужо дастаткова вядомым паэтам у Заходняй Беларусі. Ён атрымлівае запрашэнне ў Вільню на нелегальны ўстаноўчы Сход новай літаратурнай арганізацыі. Але на чыгуначнай станцыі яго зноў затрымлівае паліцейскі патруль і зноў ён у пружанскай турме. Нараджаецца верш “На з’езд заходніх беларускіх пісьменнікаў у г.Вільна ў 1933г.” у якім ён заяўляе аб сваёй прыналежнасці да літаратурнага фронту:

Гэй, паэты вёскі й поля,

Я ваш сябра – Засім Коля,

З-пад Пружанаў, з вёскі Шэні,

І ў мяне, браты, у кішэні

Часта грошаў брак на марку,

Рэдка ў страве бачу скварку,

Бульбай ўсенька пакрываю,

Гумы цяжкія цягаю.

Ды не падаю на дусе!

Для працоўных Беларусі

Цераблю я шлях дзярновы,

У верш уплятаю з сталі словы,

І аб радасці змагання

Пяяць буду да сканання.

Створаныя М. Засімам да 1939г. творы арганічна ўвайшлі ў скарбніцу беларускай літаратуры.

Пасля ўз’яднання Беларусі (1939) М. А. Засім абраны старшынёй Шанеўскага сельскага Савета. У час Вялікай Айчыннай вайны — партызан, адзін з арганізатараў антыфашысцкага руху на Пружаншчыне. Бацьку і маці фашысты расстралялі «за сына-партызана», сястру пагналі ў Германію. Іх светлай памяці ў 1943г. ён прысвяціў верш, у якім пісаў:

Не застрашыце нас, каты,

Ні расстрэлам, за кроў таты

Сваю помсту я утрою.

А калі загіну ў бойцы,

Дык такі я не адзін.

Будзе помсціць вам, забойцы,

Друг мой – іншай маткі сын.

З ліпеня 1943 г. М. Засім — інструктар Брэсцкага абласнога антыфашысцкага камітэта, які дзейнічаў пад кіраўніцтвам падпольнага абкама КП(б)Б. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і трыма медалямі.

Пасля вызвалення Беларусі М. А. Засім працаваў загадчыкам аддзела Пружанскага райвыканкама (1944–1946). У 1948 г. скончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КП(б)Б, накіраваны на працу ў рэдакцыю брэсцкай абласной газеты «Заря». Потым працаваў у брэсцкай раённай газеце «Заря над Бугом», у абласным краязнаўчым музеі.

Вершы Мікола Засім пачаў пісаць у юнацтве. Першая публікацыя была ў віленскім часопісе «Маланка» (1928, № 5) — сатырычны верш «Ні каровак, ні мандату…». Друкаваўся ў часопісах «Маланка», «Літаратурная старонка», «Асва», газетах «Наша воля», «Наша праца». У вершах выяўляў сацыяльныя канфлікты ў заходне-беларускай вёсцы, паказваў цяжкое жыццё сялянства, выкрываў палітыку польскіх улад. Шырока карыстаўся сатырычнымі прыёмамі адлюстравання (гратэск, пародыя). На творах 1939–1941 гг. відаць сляды стараннай вучобы ў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Петруся Броўкі і іншых савецкіх паэтаў, у мове паменшала дыялектызмаў.

У час Вялікай Айчыннай вайны друкаваў вершы ў падпольных газетах «Заря», «За Родину». Пісаў заклікі да барацьбы з ворагам, аб героіцы партызанскай барацьбы. Пасля вайны — пра веліч і цяжар народнай вайны, рост культуры і грамадскай свядомасці народных мас, аб мірным жыцці.

У 1948–1951 гг. кіраваў абласным літаратурным аб’яднаннем, якое грунтавалася вакол «Зари». На пачатку 1951 г. у газеце «Заря» пачалі друкавацца літаратурныя старонкі, якія рыхтаваў М. Засім. З яго дапамогай змешчаны вершы Яраслава Пархуты, Мікалая Цялічкі, Уладзіміра Харужага, Мікалая Чарняева, Васіля Падбеды, Веры Сурскай, Уладзіміра Каліноўскага, Сцяпана Крэчко, Яўгена Жалнеровіча i iншых. У вачах юнакоў і дзяўчат Мікалай Арцёмавіч увасабляў прыклад сапраўднага прафесійнага паэта. Але сам Мікола Засім адчуваў, што яму, самавуку, не хапае культуры, ведаў, адукацыі, каб крочыць упоравень з паэтамі новага часу.

Цэнтральная тэма паэзіі М. Засіма ў пасляваенныя гады — мірнае будаўніцтва камунізма ў нашай краіне. Героямі вершаў выступае радавы савецкі чалавек — паэма «Старонкі жыцця», вершы «Маладой настаўніцы», «Старшыня сельсавета». Найбольш удзяляе ўвагі паэт калгаснай тэме, услаўленню вольнай працы калгаснікаў вершы «Касавіца», «Восень», «Перад жнівом”.

У сакавіку 1946 года М. Засіма прымаюць у Саюз пісьменнікаў БССР, адразу ж выходзіць яго першы зборнік вершаў «Ад шчырага сэрца» (1947). Другі зборнік «Вершы» убачыў свет у 1954. Пасля смерці былі выдадзены: «Выбранае» (1960), «Вершы» (1973), «А за намі Белавежа» (1984). Творчасць паэта ўважліва вывучаў літаратуразнавец Уладзімір Андрэевіч Калеснік.

Мікола Засім з лірычнай цеплынёй  і сыноўняй любоую гаворыць аб сваёй роднай  весцы Шэні на Пружаншчыне, аб блізкай яго сэрцу Брэстчыне.

Павер мне, мой бацькоускі

краю,

Як песні пра цябе пяю.

Здаецца мне — я засяваю

Насеўкам родную зямлю.

Мая ты родная зямліца!

Хто палюбіў цябе навек,

Таму ты творчасці крыніца,

I той шчаслівы чалавек.

М. А. Засім заўчасна памёр 19 верасня 1957 г., пахаваны на Трышынскіх могілках г. Брэста. Яго рукапісы, лісты, дакументы, фотаздымкі захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.

У Брэсце на доме, дзе была рэдакцыя газеты «Заря» (вул. Камсамольская, 40), у гонар М. Засіма ўстаноўлена мемарыльная дошка (1988), у мiкрараёне «Валынка» яго імем названа вуліца. У студзені 1989 г. Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы i Шанеўскай сярэдняй школе прысвоена імя Міколы Засіма. 19 лістапада 2008 г. на будынку бібліятэкі адкрыта мемарыяльная дошка. У Шанеўскай СШ імя М. Засіма створаны літаратурна-краязнаўчы музей, традыцыйна ў лістападзе праводзяцца «Засімавіцкія дні».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М. Засіма. Казлоўская Надзея Анатольеўна, бібліёграф АаіІ

 

Творы М. Засіма

  1. А за намі Белавежа : вершы i паэма / Мікола Засім ; [склад., аўтар прадмовы У. А. Калеснік]. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1984. – 126 с., 1 л. партр.
    2.    Вершы / Мікола Засім ; [уклад., аўтар уступ. артыкула У. А. Калеснік]. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1973. – 159 с. : іл. – (Бібліятэка беларускай паэзіі).
    3.    Выбранае : [вершы] / Мікола Засім ; [склаў і аўтар уступ. артыкула У. А. Калеснік]. – Мінск : Дзяржвыд БССР, 1960. – 202 с., 1 л. партр.
    4.    Вершы / Мікола Засім. – Мінск : Дзяржвыд, 1954. – 227 с.
    5.    З жалеза : з двух сшыткаў вершаў Міколы Засіма часу вайны / Мікола Засім // Жырандоля : літаратурны альманах. Мінск, 2010. № 3. С. 41–46.
    6.    Парагвай ; Сінія вочы : [вершы] / Мікола Засім ; [уступ. слова Уладзі Таццянчык] // Звязда. 2008. 19 лістапада.
    7.    Розныя шляхі ; Пры панскай Польшчы ; Сон ; Дуброва ; Забраная вясна ; За Радзіму ; Светлай памяці бацькоў ; Сястра мая… ; Маладой настаўніцы : [вершы 1930–1948 гг.] / Мікола Засім ; падрыхтоўка тэкстаў Казіміра Камейшы // Полымя. 2007. № 5. С. 95–97.
    8.    «Быў заўсёды я з народам…» : [вершы] / Мікола Засім // Роднае слова. 2003. № 10. С. 26–28.
    9.    Парагвай ; «Мы нічым не багаты…» ; Выпраўляла маці сына ; Светлай памяці бацькоў ; Сінія вочы : [вершы] / Мікола Засім // Анталогія беларускай паэзіі : у 3 т. Мінск, 1993. Т. 2. С. 266–268.

Аб жыцці і творчасці М. Засіма

  1. Засім Мікола / У. А. Калеснік // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 6. С. 544.
    2.    Засим Микола // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2006. Т. 3. С. 621.
    3.    Засім Мікола / Уладзімір Калеснік // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 409.
    4.    Мікола Засім // Літаратурная карта Берасцейшчыны / уклад. А. Крэйдзіч. Брэст, 2008. С. 419–422.
    5.    Засім Мікола / У. А. Калеснік // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. Мінск, 1993. Т. 2. С. 506–509.
    6.    Засім Мікола / У. А. Калеснік // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 493.
    7.    Засім Мікола / У. А. Калеснік // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1971. Т. 4. С. 504–505.
    8.    Засім Мікалай Арцёмавіч // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 652.
    9.    Паэт-змагар Мікола Засім : літаратурна-краязнаўчае выданне. – Пружаны : ЦРБ імя М. Засіма, 2008. – 23 с. – (Знакамітыя землякі).
    10.    Засім, М. Аўтабіяграфія / Мікола Засім // Пра час і пра сябе : аўтабіяграфіі беларускіх пісьменнікаў / склад. і падрых. тэкстаў Я. Казекі. Мінск, 1962. С. 173–174.
    11.    Калеснік, У. Мікола Засім // Лёсам пазнанае : выбраныя літаратурныя партрэты і нарысы / Уладзімір Калеснік. Мінск, 1982. С. 205–238.
    12.    Калеснік, У. Урокі Засіма // Зорны спеў / Уладзімір Калеснік. Мінск, 1975. С. 330–341.
    13.    Калеснік, У. Урокі Засіма / У. Калеснік. З успамінаў А. Петрыка, земляка паэта М. Засіма // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Пружанскага раёна. Мінск, 1992. С. 411–416.
    14.    Мікуліч, М. У. Праблемы творчасці Міколы Засіма / М. У. Мікуліч // Актуальныя праблемы літаратурнай адукацыі на сучасным этапе рэформы школы : зб. навук. арт. Мінск, 2003. С. 197–201.
    15.    Туров, В. «З прывiтаннем — М. Засім…» : [аб жыццi i творчасцi М. Засіма] // След : художественно-документальные очерки / Владимир Туров. Брест, 2010. С. 53–63.
    16.    Гарай, А. Ралля, узараная вершам : [аб паэзіі М. Засіма] / Анатоль Гарай // Жырандоля : літаратурны альманах Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Мінск, 2008. № 1. С. 5–12.
    17.    Ляшук, В. Я. Мікола Засім / В. Я. Ляшук // Літаратурная Берасцейшчына : краязнаўчыя нарысы, партрэты, артыкулы / В. Я. Ляшук, Г. М. Снітко. Мінск, 2008. С. 207–209.
    18.    Рудкоўскі, М. Мікола Засім чытае паэтычную пошту газеты «Зара» : [верш] // Залатазвон : [вершы] / Міхась Рудкоўскі. Мінск, 1986. С. 184–185.
    19.    Могила Засима Николая Артёмовича : [на Тришинском кладбище г. Бреста] / В. Б. Короткевич // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 74–75.
    20.    Мемориальная доска Засиму Николаю Артёмовичу : [г. Брест] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 73.
    21.    Зарэцкая, В. Я. Рэгіянальнае, нацыянальнае, агульначалавечае ў вершах Міколы Засіма / В. Я. Зарэцкая // Гуманістычны пафас заходнебеларускай літаратуры : манаграфія / В. Я. Зарэцкая, М. І. Яніцкі. Брэст : БрДУ, 2007. С. 80–90.
  2. Пашкевіч, В. «Мая Пружанская зямліца» : [У цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшоў паэтычны non-stop «Мая Пружанская зямліца», прысвечаны паэту Міколу Засіму/ Вольга Пашкевіч] // Раённыя будні. Пружаны, 2021. 1 снежня (№ 94). С. 3.
  3. Литвинович, Е. В. Свой партизанский Купала : [К 110-летию со дня рождения Миколы Засима] / Евгений Литвинович // Заря. 2018. 17 ноября. С. 7.
    24. Філатаў, Л. «Напаказ расхрыстаны паэт-партызан» : [успаміны пра сустрэчы з М.Засімам] / Леанід Філатаў // Народная трыбуна. 2009. 6 лістапада (№ 45). С. 11.
    25.    Кажадуб, С. Лісты паэта Міколы Засіма да Яраслава Пархуты, нашага славутага земляка / Святаслаў Кажадуб // Івацэвіцкі веснік. 2009. 14 жніўня. С. 2.
    26.    Жалкоўскi, А. Падарунак пружанцам : [мемарыяльная дошка М. Засіму] / Алесь Жалкоўскі // ЛiМ. 2008. 26 снежня (№ 52). С. 4.
    27.    Жэдзік, Г. Дні, напоўненыя паэзіяй Засіма : [пра вечары, прысвечаныя 100-годдзю з дня нараджэння М. Засіма, праведзеныя ў ЦБС] / Галіна Жэдзік // Раённыя буднi. Пружаны, 2008. 29 лістапада. С. 4.
    28.    Верин, И. Светлому человеку — светлая память : [к 100-летию со дня рождения М. Засима] / Илья Верин // Брестский вестник. 2008. 20 ноября (№ 47). С. 12.
    29.    Гавака, І. Мікола Засім сустракае чытачоў ля цэнтральнай бібліятэкі : [пра святкаванне 100-годдзя з дня нараджэння М. Засіма; адкрыццё мемарыяльнай дошкі на будынку ЦРБ імя М. Засіма] / Ірына Гавака ; фота А. Сідарэнка // Раённыя буднi. Пружаны, 2008. 22 лістапада. С. 2.
    30.    Прысвячэнне Міколу Засіму : [у Пружанах адкрыта мемарыяльная дошка] // Народная трыбуна. 2008. 22 лістапада. С. 3.
    31.    Гармель, А. «Быў заўсёды я з народам…» : 19 лістапада беларускаму паэту Міколе Засіму споўнілася б 100 гадоў / Алена Гармель // Заря. 2008. 18 ноября. С. 4.
    32.    Крэйдзіч, А. У гонар паэта-земляка : да 100-годдзя з дня нараджэння Міколы Засіма / Анатоль Крэйдзіч // ЛіМ. 2008. 25 ліпеня (№ 30). С. 15 ; Заря. 2008. 28 августа. С. 17.
    33.    Камейша, К. Мікола Засім (1908–1957) : [аб жыцці і творчасці] / Казімір Камейша // Полымя. 2007. № 5. С. 91–94.
    34.    Тураў, У. «З прывітаннем — М. Засім…» : [нарыс] / Уладзімір Тураў // Заря. 2007. 17 ноября.
    35.    Гарай, А. Ралля, узараная вершам : [аб творчасці М. Засіма] / Анатоль Гарай // Беларуская думка. 2005. № 9. С. 184–187.
    36.    Шабуня, Н. Свята-ушанаванне паэта-земляка : [пра лiтаратурнае свята да 95-годдзя з дня нараджэння М. Засiма ў Пружанскай ЦРБ iмя М. Засiма] / Н. Шабуня // Раённыя буднi. Пружаны, 2003. 29 лiстапада. С. 3.
    37.    Каско, А. «З-пад Пружан, з вёскі Шэні… » : на «зямліцы» Міколы Засіма / Алесь Каско // Брестский курьер. 2003. 27 ноября (№ 48). С. 24.
    38.    Крэйдзіч, А. Паэт вёскі і поля : [М. Засім] / Анатоль Крэйдзіч // Заря. 2003. 20 ноября.
    39.    Кашкан, Т. Гонар зямлi Шаняўскай… : [пра лiтаратурна-краязнаўчы музей Шаняўскай СШ iмя М. Засiма] / Т. Кашкан // Раённыя буднi. Пружаны, 2003. 18 лiстапада.
    40.    Каўка, А. Коля Засім : [да 95-годдзя з дня нараджэння М. Засіма] / А. Каўка // ЛiМ. 2003. 14 лістапада. С. 7.
    41.    Мікуліч, М. «Паэт сапраўдны — гэта воін…» : творчасць Міколы Засіма давераснёўскага перыяду / Мікола Мікуліч // Роднае слова. 2003. № 10. С. 24–26.
    42.    Каўко, А. Ад шчырага сэрца : да 90-годдзя М. Засіма / А. Каўко // Чырвоная звязда. Iванава, 2003. 12 верасня. С. 3.
    43.    Тарасюк, У. Шэнi. Пружаны. Мiкола Засiм… / Уладзiмiр Тарасюк // ЛiМ. 1998. 25 снежня. С. 8.
    44.    Шабуня, Н. Шанi. Пружаны. Мiкола Засiм : [пра святкаванне 90-годдзя з дня нараджэння М. Засiма на Пружаншчыне] / Н. Шабуня // Народная трыбуна. 1998. 5 снежня.
    45.    Шабуня, Н. Даўгалецце на роднай зямлi : [пра свята да 90-годдзя з дня нараджэння М. Засiма ў в. Шанi i Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы] / Н. Шабуня, А. Хадаровiч // Раённыя буднi. Пружаны, 1998. 1 снежня.

 

Поделиться новостью: