Мастацкая самадзейнасць у БССР і ўсім Савецкім Саюзе ў 1970-я гг. перажывала свой «залаты» век, з’яўляючыся адным з галоўных інструментаў культурнай палітыкі і любімым вольным часам мільёнаў людзей. У гэты перыяд яна мела велізарнае ідэалагічнае, выхаваўчае і сацыякультурнае значэнне. Праз тэатр, хор і танцы прапагандаваліся каштоўнасці калектывізму, узаемадапамогі, патрыятызму і здаровага ладу жыцця.
У г. Пружаны Брэсцкай вобласці першы аматарскі тэатральны калектыў з’явіўся ў 1975 г. Яго кіраўніком была Марыя Міхайлаўна Літоўчанка. Малады калектыў ужо ў 1977 г. прыняў удзел у абласным аглядзе драматычных калектываў, прадставіўшы на суд гледача камедыю «Фабрыкант». У 1982 г. справу М. М. Літоўчанка прадоўжыў прафесійны рэжысёр Валерый Фёдаравіч Чышко, які паставіў п’есы «Мядзведзь», «Юбилей» і «Точка зрения».
На пачатку 1990-х гг. пераход да рынку, цяжкае эканамічнае становішча прывялі да скарачэння ўстаноў культуры і іх кадраў, а значыць і калектываў мастацкай самадзейнасці. Але ўжо з сярэдзіны 1990-х наступіў перыяд некаторай стабілізацыі ў сферы культуры.
У 1996 г. пры Пружанскім гарадскім Палацы культуры па ініцыятыве Васіля Іванавіча Курачынскага быў створаны новы творчы калектыў аднадумцаў – аматараў тэатральнага мастацтва, які атрымаў назву «Сейбіты». У пераносным значэнні «сейбіт» – гэта чалавек, які распаўсюджвае сярод людзей веды, культуру, асвету ці высокародныя ідэі.
В. І. Курачынскі ўзначальваў драмкалектыў да 6 верасня 2023 г. За шмат гадоў працы Васіль Іванавіч многа зрабіў для развіцця тэатральнага мастацтва раёна, адкрыў нямала «зорак» мастацкай самадзейнасці. 4 кастрычніка 2003 г. з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі адкрыты Пружанскі Палац культуры з сучаснай глядзельнай залай на 600 месцаў. Дырэктарам установы ў 1976–2012 гг. быў В. І. Курачынскі.
Рэпертуар пружанскай трупы складаецца ў асноўным з камедый, якія даспадобы асабліва сельскаму гледачу. Таксама «Сейбіты» іграюць пастаноўкі патрыятычнай тэматыкі, ставяць тэатралізаваныя праграмы, падчас якіх дэманструюць традыцыйныя беларускія абрады. У рэпертуары спектаклі: «Медведь» А. Чэхава, «Точка зрения» В. Шукшына, «Прымакі» Я. Купалы, «Трыбунал» А. Макаёнка, «Мікітаў лапаць» М. Чарота, «Сялянская камедыя» У. Рудава, «Конскі партрэт» Л. Радзевіча, «Курорт для зяця» В. Ткачова, «Выходили бабки замуж» Ф. Булякова.
У драмкалектыве займаюцца людзі розных узростаў і прафесій, якія рэалізуюць свае акцёрскія здольнасці. Удзельнікі калектыву знаходзяцца ў пастаянным творчым пошуку, яны працуюць над ўдасканаленнем свайго выканаўчага майстэрства. Сярод асноўных задач дзейнасці калектыву – развіццё і папулярызацыя тэатральнага мастацтва, а таксама эстэтычнае, патрыятычнае і духоўнае выхаванне гледачоў праз пастаноўку спектакляў, п’ес, інтэрмедый, знаёмства з творамі беларускіх і рускіх аўтараў. Калектыў выступае на прадпрыемствах горада, у населеных пунктах Пружанскага раёна, удзельнічае ў народных абрадах і тэатралізаваных прадстаўленнях Палаца культуры.
У 2012 г. драматычны калектыў «Сейбіты» атрымаў ганаровае званне «народны аматарскі калектыў», якое рэгулярна пацвярджае, крайні раз гэта адбылося 26 красавіка 2026 г. За ўдзел у фестывалях і конкурсах аматарскай творчасці калектыў узнагароджаны граматамі і дыпломамі. Адзначаны дыпломам ІІІ ступені абласного фестываля аматарскага тэатралізаванага мастацтва «Тэатральнае Палессе – 2020», а ўдзельніца калектыву Т. Балкунова атрымала дыплом за «Лепшае выкананне жаночай ролі».
На сённяшні дзень кіраўніком драматычнага калектыву «Сейбіты» з’яўляецца Алег Віктаравіч Строк. Выпускнік Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, рэжысёр Пружанскага раённага цэнтра культуры прафесійна глядзіца ў ролі вядучага канцэртаў і тэматычных вечароў, а таксама ён спявак, танцор і мастак, нават сам стварае сцэнічныя касцюмы.
У красавіку 2026 г. з вялікім поспехам калектыў «Сейбіты» прадставіў на сцэне Палаца культуры спектакль «Хто рохкае апошнім». Прыдумаў і ўвасобіў на сцэне вясковыя замалёўкі рэжысёр Алег Строк, а ў якасці акцёраў выступілі работнікі розных арганізацый горада. На абласным фестывалі-кірмашы «Дажынкі-2026» у аг. Жамчужны Баранавіцкага раёна пружанскія артысты падарылі гасцям мора пазітыву і незабыўных эмоцый.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г. Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М. Засіма.
Казлоўская Надзея Анатольеўна, бібліёграф АА і І
- Осипчук, К. Креатив как стиль жизни : [семья Олега и Марианны Строк победила в номинации «Самая креативная семья» на областном этапе республиканского конкурса «Семья года»] / Кристина Осипчук // Раённыя будні. Пружаны, 2026. 9 верасня. С. 5.
- Памяці Васіля Іванавіча Курачынскага : [некралог] / Аддзел культуры Пружанскага райвыканкама [і інш.] // Раённыя будні. Пружаны, 2023. 9 верасня. С. 7.
- Янушка, Ю. Жыццё – тэатр, а людзі ў ім – акцёры : [пра кіраўніка народнага драматычнага калектыву «Сейбіты» Пружанскага Палаца культуры В. I. Курачынскага] / Юлія Янушка // Раённыя будні. Пружаны, 2023. 29 сакавіка. С. 5.
- Гардзейчык, В. «Свята Вялічка з чырвоным яйкам» : [тэатральны велікодны абрад паказаў на сцэне Пружанскага Палаца культуры народны драматычны калектыў «Сейбіты»] / Вольга Гардзейчык // Раённыя будні. Пружаны, 2022. 7 мая. С. 12.
- Ро, А. Дзяды: на крыжах – імёны і гады : [народны драматычны калектыў «Сейбіты» прадставіў тэатралізаваную пастаноўку «Дзяды» у Палацы культуры] / Арына Ро // Раённыя будні. Пружаны, 2021. 24 лістапада. С. 8.
- Пракаповіч, Н. Прэм’ера ад «Сейбітаў» – на біс! : [народны драматычны калектыў «Сейбіты» прадставіў на сцэне Палаца культуры камедыйны спектакль «Курыца» па п’есе М. Каляды] / Наталля Пракаповіч // Раённыя будні. Пружаны, 2020. 17 снежня. С. 13.
- Зялевіч, А. Сакавіцкія гастролі : [народны драматычны калектыў «Сейбіты» адправіўся на гастролі па сельскіх клубах] / Алена Зялевіч // Раённыя будні. Пружаны, 2020. 14 сакавіка. С. 11.
- Зялевіч, А. Курорт для зяця : [20-годдзе народнага драматычнага калектыву «Сейбіты» адсвяткавалі пастаноўкай ў Палацы культуры камедыі «Курорт для зяця»] / Алена Зялевіч // Раённыя будні. Пружаны, 2016. 5 лістапада. С. 15.
- Строк, А. Ен і спявак, і танцор, і вядучы : [гутарка з рэжысерам Пружанскага Палаца культуры] / Алег Строк ; гутарыла Галіна Каляда // Раённыя будні. Пружаны, 2013. 11 снежня. С. 3.
- Махнач, Г. «Сялянская камедыя» па-пружанску: [тэатральны калектыў Палаца культуры прадставіць Пружанскі раён на абласным фестывалі тэатральнага мастацтва] / Галіна Махнач // Раённыя будні. Пружаны, 2011. 21 верасня. С. 8.
- Курачынскі, В. І. Іграці так, каб глядач паверыў : [гутарка з рэжысёрам і кіраўніком драматычнага калектыву] / В. І. Курачынскі; гутарыла Галіна Каляда // Раённыя будні. Пружаны, 2011. 28 верасня. С. 8.
- Ахрамовiч, М. Таленты i прыхiльнiкi : [пра дырэктара Пружанскага Палаца культуры В. I. Курачынскага] / Марына Ахрамовiч // Раённыя буднi. Пружаны, 2006. 6 студзеня. С. 13.
- Сядова, І. Не народныя артысты, а артысты з народа : [пра В. І. Курачынскага з Пружанскага ГДК] / Ірына Сядова // Раённыя будні. Пружаны, 1998. 24 сакавіка. С. 1.
Рэгіён:
Пружанскі раён
Пружаны
Імёны:
Курачынскі Васіль Іванавіч
Строк Алег Віктаравіч
Прадметы:
Народныя тэатры
Мастацкая самадзейнасць