Вяд. Я ў мастацкім агародзе
Толькі марная трава.
А якая? Смех, дый годзе:
Я – пякучка-крапіва.
Я расту вось тут пад плотам
І не так даўно ўзышла,
А ўжо многім абармотам
Рукі-ногі папякла.
Хто палез за агуркамі,
Хай той носіць пухіры –
Мяне голымі рукамі
Асцярожна, брат, бяры.
Хто сустрэйся быў са мною,
Дакрануўся раз ці два,
Дык той ведае ўжо, хто я:
Я – пякучка-крапіва.
“Крапіва”
Добры дзень, прыхільнікі беларускай літаратуры! Сёння з вамі мы бліжэй пазнаёмімся з жыццём і творчасцю вядомага беларускага сатырыка Кандрата Кандратавіча Крапівы. Сапраўднае прозвішча — Атраховіч. 5 сакавіка споўнілася 130 год з дня яго нараджэння. Няма ніводнага беларуса, які б не ведаў гэта імя. Колькі цікавага і карыснага напісаў і пакінуў нам гэты таленавіты чалавек за сваё доўгае жыццё!
Нарадзіўся будучы пісьменнік у 1896 года ў вёсцы Нізок на Уздзеншчыне ў сялянскай сям`і. Пачатковую адукацыю будучы пісьменнік атрымаў у роднай вёсцы ў царкоўна-прыхадской школе. Потым паступіў у чатырохкласнае вучылішча ў Стоўбцах.
Праз два гады Кандрат Крапіва перавёўся ў такое ж вучылішча ў мястэчку Койданава (цяпер Дзяржынск), бо там была лепшая бібліятэка і лепшыя ўмовы для навучання. Менавіта там ён пазнаёміўся з многімі творамі класічнай літаратуры, з захапленнем чытаў п’есы рускіх драматургаў. Да гэтага ж часу адносяцца і першыя спробы пяра: шаржы на сяброў і вершы, прасякнутыя “сусветнай тугой”. Ён нават дасылае адзін з такіх вершаў у часопіс, але атрымаўшы адмоўны адказ, юнак пакідае займацца гэтай справай на цэлых восем гадоў.
У 1913 годзе вучоба была паспяхова скончана. І восенню 1914 года Крапіва з вялікім хваляваннем атрымаў накіраванне ў земскае народнае вучылішча ў вёску Мнішана. Поўны планаў і надзей, завітаў ён да вучняў, аднак спраўдзіць іх не здолеў. Пачалася першая сусветная вайна і Кандрата Крапіву мабілізавалі ў царскую армію.
Амаль два гады Кандрат Крапіва прабыў у царскай арміі. На фронце сустрэў і Вялікую Кастрычніцкую сацыялістычную рэвалюцыю. У 1918 годзе яго, як настаўніка, дэмабілізавалі. Настаўнічаў у Каменскай пачатковай школе на Уздзеншчыне. Дзе ажаніўся з дзяўчынай са сваёй вёскі Аленай Махнач.
Пасля вызвалення Беларусі ад палякаў Кандрат Крапіва быў прызваны ў Чырвоную Армію. Служыў у Мінску, у розных часцях, найбольш — у школе па падрыхтоўцы малодшага каманднага саставу. Там зноў пачаў пісаць. Упершыню яго надрукавалі ў 1922 годзе ў газеце “Красноармейская правда”. Гэты быў вершаваны фельетон “Жили-были” на рускай мове. Але сам Кандрат Крапіва лічыў, што гэтую публікацыю нельга лічыць пачаткам яго творчай біяграфіі. Толькі калі ён стаў пісаць на роднай мове і друкавацца ў газеце “Савецкая Беларусь” пісьменнік адчуў сябе па-сапраўднаму далучаным да літаратуры.
За кароткі час ён зрабіўся ледзь не самым папулярным на Беларусі паэтам. Пераважная большасць яго вершаў таго часу напісаны на тэмы з вясковага жыцця. У іх ён змагаўся з цемрай, з усякімі забабонамі, з п`янствам, з некультурнасцю. Пасля яны склалі яго першыя зборнікі баек “Асцё” і “Крапіва” (абодва 1925).
Чытач. Знае ён усё на свеце,
Вестак больш, як у газеце, —
Чуў – не чуў, а навіну
Скажа вам, ды не адну;
Што і чуў, дык пераверне,
І пайшла пісаць губерня,
Бо даўгі яго язык
Да спакою не прывык.
“Вой, сястрыца! Чула дзіва?
Кажуць, сёння нарадзіла
Жонка Сцёпкі Карася
Не дзіця, а парася”.
“А я чула ад Аўдолі,
Што папы дзесь раскалолі
Ўсю царкву напапалам –
Частка тут, а частка там”.
“На Германію ж, казалі,
Рэпарацыі напалі,
Многа знішчылі дабра…
Гэта, кажуць, машкара.
Так жарэ, што не дай божа:
Есць траву, жывёлу, збожжа,
Лес паела дзе-нідзе,
Пераходзіць на людзей”.
Вы, зязюлькі мае, цёткі,
Што за смак вам плесці плёткі?!
І мазоліць языкі
Вам, саколікі-дзядзькі?
Час і сілу дарма траціць?
Плеткарам жа мо не плацяць?
Толькі й платы бедаку,
Што мазоль на языку.
“Плеткары”
Вяд. 3 восені 1924 года Крапіва настаўнічае ў вёсцы Астравок, непадалёк ад роднай вёскі. Спраў было шмат, і ён амаль закінуў літаратурную дзейнасць. Але школьная праца не давала вялікага прыбытку, і Кандрат Крапіва вырашыў з сям`ёй – жонкай і дзецьмі — перабрацца ў Мінск. Здарылася гэта ў маі 1925 года. Сябры-пісьменнікі дапамаглі яму ўладкавацца інструктарам Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інстытуце беларускай культуры. Гэта работа была вельмі карыснай для пісьменніка. Але сам Кандрат Кандратавіч адчуваў, што ведае ён яшчэ недастаткова.
І ў 1926 годзе у 30-гадовым узросце ён паступае вучыцца ў Беларускі дзяржаўны універсітэт на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта. Пісьменнік старанна вучыцца і адначасова займаецца навукова-даследчай працай. У 1930 г. ён скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт і з гэтага часу вырашае займацца літаратурай. Кола інтарэсаў акрэслілася даволі выразна: гэта сатырычныя вершы, творы, п’есы і, безумоўна, байкі.
Байкі Кандрата Крапівы, “населеныя” мясцовымі жывёламі і птушкамі бічуюць адсталыя людскія звычаі, п’янства, забабоны, пляткарства, асуджаюць бюракратаў, раскрадальнікаў народных здабыткаў, падхалімаў. Падзеі ў байках не алегарычныя, а канкрэтныя. Яны — з сялянскага жыцця, з вясковага побыту.
Чытач. Бывае, праўда вочы коле…
Раз гнаў пастух свіней у поле.
Адзін вялізарны Парсюк,
Які абегаў вёску ўсю,
За раніцу абшнырыў завуголле,
Цяпер такі меў выгляд важны,
Што носа не дастаць і сажнем –
Вышэй за ўсіх ён сам сябе лічыў,
А што ў самога на лычы,
Не бачыў гэтага, аднак.
I вось адзін тут Падсвінак,
Які заўважыў бруд раней,
I кажа: – Дзядзечка, твой лыч у брудзе!
Нязграбна гэта й між свіней,
А што ж, калі заўважаць людзі?
Парсюк наставіў хіб, Парсюк раз’юшан:
— Цераз цябе я чырванець прымушан!
Такое мне сказаць асмеляцца ня многія,
Дык гэта ж — дэмагогія! —
Парсюк наш лаецца, не дараваць клянецца:
– І месца мокрага, – крычыць, – не застанецца!
Ты мой свінячы гонар закрануў!
– I так ён Падсвінака грызянуў,
Што той за сажняў пяць адскочыў.
Парсюк не надта быў ахвочы
Глядзецца праўдзе ў вочы.
Байка “Ганарысты парсюк”
Вяд. Ад сатырычных вершаў да баек, а ад іх да паэм – такі лагічны шлях творчых пошукаў Кандрата Крапівы ў паэзіі. Паэмы пісьменнік таксама ствараў ў сатырычным ключы. Вельмі цікава яго фантастычная паэма-казка “Хвядос – Чырвоны нос”, у якой Кандрат Крапіва востра высмеяў перажыткі старых нораваў у асяроддзі інтэлігенцыі, бічаваў п’янства і багему.
Празаічныя творы Кандрат Крапіва пачаў пісаць адначасова з паэтычнымі. Першыя празаічныя творы пісьменніка — сатырычныя мініяцюры, гумарэскі і апавяданні — склалі яго зборнікі “Апавяданні” (1926), “Людзі-суседзі” (1928) і “Жывыя краявіды” (1930).
1933 год – дата нараджэння Крапівы-драматурга: ён напісаў п’есу “Канец дружбы”. 3 таго часу, як казаў сам Крапіва, ён грунтоўна “заграз” у драматургію на шкоду іншым жанрам.
Вялікім мастацкім дасягненнем беларускага драматурга з’явілася сатырычная камедыя “Хто смяецца апошнім” (1939), якая па праву лічыцца адным з лепшых здабыткаў усёй савецкай камедыяграфіі.
Галоўны герой п`есы Аляксандр Пятровіч Гарлахвацкі — кар’ерыст, цынік, вораг новага жыцця, шкоднік, невук. Не маючы ніякіх адносінаў да навукі, ён тым не менш узначальвае інстытут геалогіі. Яго памагатым выступае малодшы навуковы супрацоўнік Зёлкін.
/ урывак з фільма “Хто смяецца апошнім” (1954) (Зёлкін) /
У 1939 годзе Кандрату Крапіве ў чарговы раз давялося апрануць вайсковую вопратку: у якасці камандзіра стралковай роты прымаў удзел у вызваленні Заходняй Беларусі, потым удзельнічаў у фінскай ваеннай кампаніі, а ў чэрвені 1941 года пачаў адбываць сваю чацвёртую вайну. З першага яе дня.
У час Вялікай Айчыннай вайны Кандрат Крапіва ўсю сваю творчую энергію пераключыў на сатырычнае выкрыццё фашысцкай ідэалогіі.
Чытач. Воўк прыкінуўся лісой
Перад беларусам:
“Не палохайся, я – свой,
З ласкай, не з прымусам.
Фюрэр наш – твой лепшы друг,
Вось – чытай паперку:
Каб падняць твой паўшы дух,
Шле табе цукерку.
Ён не можа бачыць слёз,
Постаці панурай
І прышле яшчэ абоз
Вам з мануфактурай.
Мы баронім твой жа край
Ад тваёй жа ўлады;
Зробім тут фашысцкі рай –
Будзеце вы рады…”
Байкі тыя беларус
Слухае з аглядкай,
Сам матае ўсё на вус:
“Брэшаш, ды не гладка.
Ёсць вас гэткіх брахуноў
Загаворваць зубы:
Гітлер ходзіць без штаноў,
Нам жа шые шубы;
Абяцае: боты дам,
Дам мануфактуры…
Ён пашыў бы боты нам,
Толькі… з нашай скуры;
Прызнаецца ўсё ў любві,
Спакушае раем,
Лапы ж брудныя ў крыві,
У чыёй – мы знаем.
Пад усмешкай воўчы клык,
А цукерка з ядам…
Падрыхтуем востры штык
“У падзяку” гадам”.
“Лісі хвост і воўчы клык”
Вяд. Напружаная работа Кандрата Крапівы ў гады вайны ў перыядычных выданнях набліжала перамогу. Не забываў ён і пра драматургію. У гэты перыяд напісаны п`есы “Проба агнём” (1943), “Валодзеў гальштук” (1943) і “Мілы чалавек” (1945).
З 1947 года і амаль да канца жыцця Кандрат Крапіва працаваў у Акадэміі навук Беларусі. Загадчык сектара, дырэктар Інстытута мовазнаўства. І за што б ён не браўся – рабіў усё добрасумленна, якасна, майстравіта. За семдзьсят гадоў на ніве роднай культуры ім зроблена вельмі і вельмі многа.
У 1976 гoдзe, кaлi Kaндpaтy Kpaпiвe былo 76 гoд, выйшлa сатырычная камедыя “Брама неўміручасці”, якая стала, можна сказаць, вынікам усёй папярэдняй творчасці Кандрата Крапівы, уразіла чытачоў глабальнасцю праблематыкі. Сюжэт п‘есы пабудаваны на адным навуковым адкрыцці: сакрэт неўміручасці прапануе галоўны герой, вучоны-герантолаг Дабрыян. Усё дзеянне адбываецца ў вясёлай і займальнай форме, як таго патрабуе камедыйны жанр, і разам з тым аўтар прапануе сур‘ёзна паразважаць пра неўміручасць і чалавечнасць, пра духоўныя каштоўнасці, сапраўдныя і фальшывыя.
/ урывак з фільма “Брама неўміручасці” (1978) /
Кандрат Крапіва меў сапраўдны талент бачыць смешнае там, дзе іншыя не бачаць. Без смешнага – няма сатыры. Мэта сатыры, як вызначыў сам Крапіва – выкрыць зло ў імя дабра. Сутнасць сатыры — каб выстаўляць на смех адмоўныя з’явы жыцця. Смех – зброя грозная, але гуманная. Смех б`е і паліць, як маланка.
Памёр таленавіты пісьменнік на 95-м годзе жыцця ў 1991 годзе. Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.
За сваё доўгае жыццё Кандрат Крапіва зрабіў вельмі і вельмі шмат. Яму, класіку беларускай літаратуры, удалося стварыць цэлы шэраг высокамастацкіх твораў у жанры сатырычнай паэзіі, байкі, апавядання. Яго драматургічныя творы, асабліва сатырычныя камедыі, сталі хрэстаматыйнымі.
Чытайце творы Кандрата Крапівы! І прыходзьце да нас у Пружанскую бібліяэку!
Складальнік: нам. дырэктара ДУК “Пружанская ЦБС” Аляксеева В.В.
Крыніцы.
- Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя : у 4 т. Т. 2 / Нац. Акад. навук Беларусі; Інстытут літаратуры імя Я. Купалы. – Мінск : Беларуская навука, 1999. – С. 282 – 329.
- Гніламедаў, У. На шляху да “Брамы неўміручасці” : Кандрат Крапіва і яго роля ў беларускай літаратуры / Уладзімір Гніламёдаў // Роднае слова. – 1997. — № 12. – С. 4 – 12.
- Клімчук, І. “Нястомны працаўнік”: літаратурна-музычная кампазіцыя па творчасці Кандрата Крапівы / І. Клімук, Л. Кокатава // Бібліятэка прапануе. – 2012. — №3. – С. 12 – 16.
- Крапіва, К. Вершы. Байкі. Эпіграмы. Паэмы : для сярэд. і ст. шк. узросту / Кандрат Крапіва. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1991. – 285 с. – (Школьная бібліятэка)
- Крапіва, К. Выбраныя творы : байкі, вершы, эпіграмы / К. Крапіва; склад. Т.У. Люковіч. – Мінск : Беларус. энцыкл. імя П. Броўкі, 2013. – 272 с.
- Максімовіч, В. А. Кандрат Крапіва і сучаснасць : развагі і думкі з нагоды юбілею / Валеры Максімовіч // Полымя. — 2016. — №3. — С. 122—132.
- Марціновіч, А. Кандрат Крапіва: права на неўміручасць / Алесь Марціновіч // Полымя. — 2021. — № 3. — С. 132—142.
- Навумовіч, У.А. Беларуская літаратура : вучэб. дапам. / У.А. Навумовіч. – Мінск : Выш. шк., 2007. – 478 с.
- Палітра бібліятэчных мерапрыемстваў / ДУ “Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна”, Аддзел бібліятэказнаўства; [складальнік Н. М. Старавойтава]. – Віцебск, 2012. – С. 21 – 32. – (Серыя “Лепшы бібліятэчны сцэнарый”. Вып. 2).